Уроженец Ворнян Антон Блашкевич рассказал, удалось ли ему увидеть Европу всего за 99 евро

17:00 / 16.11.2015
карта ЕвропыЧаго толькі ні зробіш, каб пабачыць свет, спазнаць жыццё і побыт іншых людзей і краін!
Падарожнічаць аўтаспынам, карыстаючыся для начлегу палаткай ці дапамогай іншых людзей, становіцца ўсё больш модным. І адным з тых, хто папулярызаваў гэты рух, быў мінчанін Рома Свечнікаў. Больш за два гады 20-гадовы на той момант хлопец блукаў па свеце з адным заплечнікам і амаль без грошай. Ён наведаў 25 краін і праехаў-прайшоў прыкладна 150 тысяч кіламетраў. Вярнуўшыся, Рома даў не адно інтэрв’ю, напісаў кнігу “Рома едзе” і стаў вельмі папулярным. Ён натхняе аднадумцаў на здзяйсненне далёкіх і блізкіх вандровак: паехаць невядома куды, жыць невядома як, спаць невядома дзе… Маладым – цікаўным, жыццялюбівым і энергічным – гэта па сілах, гэта – у кайф!
Да такіх крыху “бязбашанных” і смелых можна аднесці нашага зямляка з Варнян Антона Блашкевіча. Са сваёй дзяўчынай Марыяй ён праехаў аўтаспынам 6 500 кіламетраў па Еўропе. Падарожжа цягнулася чатыры тыдні. Маладых людзей па маршруце Мінск, Брэст, Варшава, Берлін, Амстэрдам, Гаага, Дзюсельдорф, Кёльн, Барселона, Карлесруа, Крайльсхайм, Нюрнберг, Дрэздэн, Вроцлаў, Варшава, Гродна, Мінск падвезлі 34 машыны, два аўтобусы і цягнік.
На сваё падарожжа Антон і Марыя вырашылі патраціць не больш, чым 99 еўра на кожнага. У сацыяльных сетках яны стварылі суполку пад назвай “Еўропа за 99 еўра”, дзе апісвалі розныя гісторыі са свайго падарожжа.
Ці атрымалася ў маладых людзей аб’ехаць паў-Еўропы за 99 еўра – чытайце ў інтэрв’ю з Антонам.

европа– Такія шалёныя ідэі не прыходзяць проста так. Як гэта адбылося ў вас?
– А можа, наадварот: у шалёных людзей такія ідэі прыходзяць проста так?
Стаялі мы неяк з сябрам на балконе, я яму распавядаў, як мы з’ездзілі ў Прагу. З аўтобусамі, хостэлам і ежай выйшла каля 70 еўра. Ён кажа: “Дык за пяць соцень можна шмат дзе пабываць…”. Я перабіў: “Дык і за сто можна!”. Сябар пасмяяўся – а ідэя, нарадзіўшыся на трэцім паверсе дома па вуліцы Пляханава, засталася жыць…
– Маршрут планавалі загадзя ці імправізавалі?
– Маршрут складваўся так: трэба ехаць туды, дзе яшчэ не былі. Здаецца мне, што маршрут быў крыху “мэйнстрымаўскі”, складзены па прынцыпу “маст сі” загадзя. Хаця былі і імправізацыі. Напрыклад, мы сядзелі ў Амстэрдаме і не ведалі, куды ехаць далей. Наша сяброўка параіла: у Гаагу. І на наступны дзень мы ўжо былі там.
– Што наконт кампаніі? Вы ж не ўвесь час падарожнічалі ўдваіх?
– У такое падарожжа заўсёды хочацца ехаць з блізкімі людзьмі. Я падарожнічаў са сваёй дзяўчынай Марыяй, якой вельмі падабаецца наведваць новыя мясціны.
А ўвогуле падарожнічаць спынам лепш за ўсё ўдваіх – большай колькасцю цяжэй: не ўсе хочуць браць цэлую кампанію, ды яшчэ і з валізкамі. Мы ўтраіх аўтаспынам не падарожнічалі: да нас у Кёльне далучылася наша сяброўка Аня – далей мы рушылі ў Барселону на аўтобусе.
– Дзе начавалі?
– За месяц падарожжа – два тыдні на кватэрах у каўчсёрфераў, у аўтобусах ды машынах, два тыдні – у палатцы. Аднойчы у Берліне спалі ў парку: не паспелі знайсці начлег, а плаціць шалёныя грошы не хацелася. Пераначавалі, усталі ў шэсць раніцы, каб паліцыя не “прыняла” нас, ды рушылі далей.
– На тэму каўсёрфінгу… Вікіпедыя тлумачыць, што гэта – адна з буйнейшых гасцявых сетак (існуе ў выглядзе онлайн службы), аб'яд-ноўвае больш за 7 мільёнаў чалавек у 246 краінах свету. Члены сеткі бясплатна прадстаўляюць адзін аднаму дапамогу і начлег падчас падарожжаў і арганізуюць сумесныя падарожжы. А як вы лічыце: што рухае людзьмі ў жаданні даваць свой дом для начлегу незнаёмым падарожнікам? Бо ў нейкай меры ступені гэтая пастаянная прысутнасць у тваёй жыццёвай прасторы чужых людзей можа стамляць. Ці тыповы каўчсёрфер – гэта адзінокая асоба, якая адчувае дэфіцыт стасункаў?
– Ну хіба гэта не цікава – даведацца, як жыве звычайны студэнт у Галандыі? Якую музыку слухае дзяўчо з правінцыі Кітая, якія тусоўкі праходзяць па суботах у Харватыі? Пра гэта і многае іншае вам могуць расказаць людзі, прытулак якім вы дасце. Калі ў вас не атрымліваецца прыняць госця у гэтыя дні дома, можна прапанаваць правесці экскурсію па вашым горадзе, схадзіць на дыскатэку разам ці проста пасядзець у кафэ. Думаю, тыповы каўчсёрфер – гэта не той, хто пакутуе ад адзіноты. Хутчэй наадварот: гэта чалавек актыўны, цікавы, той, хто давярае людзям. Наш знаёмы каучсёрфер з Варшавы, убачыўшы нас першы раз у жыцці, сказаў: “Я на працу, ключы пакладзіце ў паштовую скрынку, убачымся вечарам”. Такі вось поўны давер з першага погляду.
европа1– Якая самая цікавая (смешная, трагічная, камічная, жахлівая) гісторыя здарылася з вамі падчас вандроўкі?
– Калі мы былі ў Барселоне, нашай сяброўцы ў вуха залезла мурашка. Было не да смеху. Са слоў Ані, такое адчуванне, быццам твае навушнікі сапсаваліся і ўвесь час вельмі гучна скрыпяць. У момант, калі менеджар выклікаў таксі, каб адвезці нас у бальніцу, мураш вылез. Праўда, паслухаўшы інтэрнэт-парады, я свяціў ліхтарыкам у вуха. Было адначасова і смешна, і не вельмі. Аня потым заракалася спаць у палатцы. Але, вядома ж, спала…
– Вы стварылі ў сацсетках суполку “Еўропа за 99 еўра”. Збіраеце фанатаў – альбо…?
– Так, ёсць такая суполка, але не дзеля фанатаў – мы ж не рок-гурт (усміхаецца). Хацелася больш момантаў захаваць, нават такіх: з кім мы ехалі, пра што размаўлялі. Усе сябры ведалі, што мы збіраемся ехаць у падарожжа, цікавіліся, як праходзіць вандроўка. Стварэннем суполкі забілі двух зайцаў: і памяць, і інфармаванне сяброў, родных, што мы жывыя і шчаслівыя.
– У той жа суполцы вы напісалі: “У кішэні ў кожнага па 99 еўра. Паглядзім, на колькі нам хопіць гэтага запасу грошай. Можна жыць на 2 еўра, на 10, на 100 у дзень або наогул без грошай. Але вось тут і цяпер, а дакладней там і тады, мы ЗБІРАЕМСЯ ПРАВЕРЫЦЬ, на колькі нам хопіць гэтай сумы.” Дык ці хапіла?
– На жаль, не. І на гэта ёсць тры аб’ектыўныя прычыны: дарагі праезд у транспарце, кемпінг у Барселоне – нешта каля 140 еўра за 6, і астатнія выдаткі – на ежу і пітво. Напрыклад, вада на запраўках каштуе больш чым 2 еўра за бутэльку. Так, можна сказаць: чаму б не купіць у краме ў горадзе, гэта ж танней! Але калі заплечнік важыць 10 кілаграмаў, то паўтара літра вады цягнуць не вельмі хочацца, эканомячы на гэтым 50 цэнтаў. На колькі хапіла? З Мінска да Барселоны даехалі. Там знялі кемпінг, “шыканулі” ў нейкай кафэшцы – і ўсё! Як мы напісалі ў суполцы, “наша падарожжа плаўна перацякло ў адпачынак на моры. “Сотка” выдаткаваная – дастаем яшчэ адну!”
европа2– Якія хітрыкі выкарыстоўвалі, каб танней паесці і паспаць? Даводзілася ўлазіць ў што-небудзь калякрымінальнае?
– Харчаваліся, вядома, не ў кавярнях, а куплялі ежу ў крамах ды ладзілі сняданак на цэнтральнай плошчы альбо ў прыгожым парку пад шатамі дрэў. Я ж казаў – быў начлег у Берліне бясплатны, але забаронены. Пару разоў каталіся “зайцамі”, што таксама лепей не рабіць. Штраф у Барселоне за такое – 100 еўра. Не ведаю, які штраф за начлег на пляжы, але і там мы разбівалі палатку.
– Якія мясціны найбольш уразілі і чаму?
– Мора. Не тое, што з тысячамі турыстаў, барамі і спякотай. Ёсць і іншае мора – мора для дваіх: цішыня навокал, палатка і бутэлька вады да заўтрашняга сняданка. Паспрабуйце, раю!
З гарадоў асабліва спадабаліся Дзю-сельдорф і Амстэрдам. Але там вельмі шмат людзей.
– Якія можаце даць парады ў пытаннях бяспекі?
– Вы будзеце смяяцца, але з усяго гэтага падарожжа я вынес адно: не хадзіць па дарогах у неналежных месцах. Аднойчы ў Польшчы мы за гэта ледзь штраф не адхапілі. Ну і рэчы трэба трымаць пад прыглядам – хапае ў турыстычных кропках “кішэннікаў”.
– У вас быў з сабой нейкі “аварыйны” набор? Скажам, недатыкальны запас каларыйнай ежы, грошай? Як лічыце, такі набор патрэбен падарожніку?
– Экстра-грошы былі. Але не для таго, каб вярнуцца хутчэй дадому. І не для ежы – шмат разоў мы прыязджалі ў горад, на гадзінніку амаль што поўнач, у руках толькі паўлітра вады. Што нам перашка-джае пайсці ў начнік, купіць ежы, зняць хостэл – грошы ж ёсць? Перашкаджае мэта – падарожнічаць танна. Ды і ўвогуле, я не ведаю чалавека, які памёр ад таго, што трохі не даеў. Нічога тут страшнага няма.
европа3– Давайце ўявім: велізарная птушка кондар знесла ваш заплечнік з усёй маёмасцю і вы засталіся за тысячы кіламетраў ад дома без грошай, ежы, сувязі. Што б вы рабілі?
– Калі б гэта здарылася не ў пустыні, то адказ просты: знайшлі б інэт, каўч, заначавалі, паехалі б аўтаспынам дамоў. Ці не знайшлі бы каўч, не заначавалі… Існуе такое правіла – “нешта ж будзе!”. Ведаю шмат гісторый, калі людзі дапамагаюць вандроўнікам, якія трапілі ў нейкі трабл. Калі мы ехалі і бачылі аўтастопераў, то прапаноўвалі ім падсілкавацца, нават калі гэта быў апошні кавалак каўбасы.
– Пасля многіх убачаных краін, малых і вялікіх гарадоў, вёсак, тысяч людзей не ўзнікла адчуванне аднастайнасці? Блуканне па свеце можа стаць надакучлівай штодзённасцю?
– Надакучлівай штодзённасцю – вельмі добра сказана. Падарожжа можа надакучыць, калі сум па родных мясцінах перасячэ нейкую ўмоўную мяжу.
– Вось пачытае нехта гэтае інтэрв’ю і загарыцца паехаць па Еўропе такім чынам. Што параіш?
– Ехаць і нічога ў нас не пытацца. Як сказаў Рома Свечнікаў, ніколі не чытайце пра краіну, куды вы сабраліся. Едзьце – там усё самі і даведаецеся.
– Які галоўны ўрок вынеслі падчас такога падарожжа?
– Добрых людзей на планеце больш, чым мы думаем.
– Апошняе пытанне: для чаго ўсё гэта, што прымушае людзей пакінуць утульную стабільнасць хатняй “крэпасці” і адправіцца ў дарогу?
– Сам чалавек аднойчы зразумее. З’явілася жаданне – і ўсё! І ён ужо за тысячу кіламетраў.

--------------------------------
Эмілія КОМАР
Фота з уласнага архіва Антона Б.