Забытыя імёны: ксёндз Юзаф Інгялевіч

10:57 / 24.12.2010
3
Даныя са свабоднай рускай энцыклапедыi “Традыцыя”:

Імя: Юзаф Інгялевіч
Род дзейнасці: Беларускі каталіцкі святар
Дата нараджэння: 1897 год
Дата смерці: 30 жніўня 1973 года
Месца смерці: Астравец Гродзенскай вобласці
Этнічная прыналежнасць: беларус


Ён скончыў духоўную семінарыю ў Вільні ў 1924 г., служыў у розных месцах, пакуль у 1937 г. не быў пасланы ў Новы Пагост (цяпер Міёрскі р-н на Віцебшчыне). Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў гэтай парафіі налічвалася больш за 130 вёсак, хутароў, засценкаў і маёнтак. Працы было шмат. Але савецкая ўлада, што прыйшла сюды ў 1939 годзе, не пажадала лічыцца з размераным укладам тутэйшага жыцця.
У 1941г. пробашчу парафіі Юзафу Інгялевічу ўдалося пазбегнуць арышту. Але пасля перамогі над фашызмам, калі ў краіне працягвалася вайна супраць Бога, пракацілася новая хваля арыштаў. У ліпені 1949 г., насуперак адчайнай абароне вернікаў, улады арыштавалі ксяндза Інгялевіча, а старажытны касцёл зачынілі.
Святар атрымаў суровы прысуд — 10 гадоў сталінскіх лагераў.
21 верасня 1952 г. ксёндз Юзаф пісаў з ГУЛАГу сястры эўхарыстцы Ядвізе Віршуце: «Дзень па дні плыве аднастайна, нібы ціканне гадзінніка. Адзінае, што надае незямнога бляску нашаму тут побыту, дык гэта ўсведамленне выканання Божай волі. Штодня паўтараем «Будзь воля Твая», але не заглыбляемся ў сэнс гэтых слоў, часам не ўсведамляем, што мы ёсць і мусім быць удзельнікамі гэтай Божай волі праз свой добраахвотны ўдзел». І далей у гэтым жа лісце: «Можам быць упэўненыя, што цяперашні праслед не пашкодзіць хрысціянству, але ачысціць яго і ўмацуе».
З далёкага выгнання ён падтрымліваў ліставанне з парафіяй, падбадзёрваў вернікаў, перасцерагаў, павучаў. Святар пісаў сям’і Шэкеляў: «Калі гляджу тут на людзей, што не маюць веры і не здольныя яе прыняць, разумею, якім вялікім скарбам мы ўзбагачаныя, як высока ўзнесеныя па-над нізінай зямлі...»
Сталінскія лагеры не зламалі яго. Праз 9 гадоў ён вярнуўся з іх з падарваным здароўем, але гэткі ж моцны духоўна. Ды ўжо ў Новым Пагосце ў святыні правілі баль бязбожнікі. Але яму ўсё ж дазволілі служыць Богу ў Астраўцы, на Гродзеншчыне. Тут ён выконваў абавязкі не толькі пробашча парафіі, але і генеральнага вікарыя для той часткі Віленскай архідыяцэзіі, якая знаходзілася на тэрыторыі Міншчыны і Віцебшчыны. Ён заставаўся верным дарадцам нешматлікіх святароў, якія, вызваліўшыся са сталінскіх лагераў, працягвалі мужна несці службу Богу і людзям сярод разгулу так званага навуковага атэізму і проста вульгарнага бязбожніцтва.
Памёр ксёндз Юзаф Інгялевіч 30 жніўня 1973 года.


Ірына ЖАРНАСЕК, журналістка часопіса “Аве Марыя”.


Як расказалі жыхаркі Астраўца Пелагея Станіславаўна Лаўрэцкая і Марыя Станіславаўна Кардзіс, у адпаведнасці з завяшчаннем кс. Юзафа пахавалі яго на радзіме. Пасля жалобнай імшы працэсія парафіян праводзіла цела свайго памерлага пастыра да Мальскага моста. Частка вернікаў суправаджала святара да месца пахавання.
Асабіста мне ксёндз Інгялевіч запомніўся як вельмі інтэлігентны чалавек, які ставіўся да парафіян без фамільярнасці, але з глыбокай павагай. Быў вельмі пунктуальным – ніхто не памятае, каб ён хоць раз спазніўся на імшу. Працаваць святару давялося ў часы “воинствующего атеизма”, калі дзецям забаранялі хадзіць у касцёл, але...
З дапамогай жыхара Астраўца Іосіфа Мароза знайшоўся дакумент, датаваны 6 кастрычніка 1972 года. У ім напісана: “Грамадзяніну Інгілевічу Іосіфу Міхайлавічу прапаную з’явіцца 6 кастрычніка 1972 года ў 14 гадзін у кабінет старшыні Астравецкага пасялковага Савета. Подпіс: старшыня выканкама”.



Ксёндз Інгялевіч прайшоў страшную “школу” сталінскіх лагераў, таму, напэўна, пасля сустрэчы на зваротным баку павесткі (гл. здымак) ён уласнаручна напісаў: “Размова доўжылася ад 2 пасля поўдня да 3.30 п.п. 1. Папрасіў спіс свят касцельных. 2. Папярэджваў, што камітэт касцельны справаздачу года і імёны падае непраўдзівыя. 3. Казаў, што пры аказіі прымушаем да ўзяцця касцельнага шлюбу, і што хрысцім дзяцей без згоды на гэта бацькоў, і подпісы іх фальшывыя. 4. Дзеці каб не хадзілі да касцёла, была гэта просьба. Цалкам адмовіў яму ў гэтым. Страшыў выгнаннем з Астраўца”.
Рэабілітаваны ў 1994 годзе. Пасмяротна.


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.