В Гервятском костёле появились скульптуры разбойников, распятых с Христом

16:00 / 05.11.2015
СТУДЗЕНЬ , 2013  Гервяцкі касцёл прызнаны самым  прыгожым храмам краіны па выніках  інтэрнэт-галасавання на сайце Vandrouka

Для Гервяцкага касцёла Святой Тройцы існуе шмат прыдуманых дасужымі журналістамі і турыстамі і цалкам аб’ектыўных азначэнняў з прыстаўкай “самы”, “адзіны”, “адзін з нямногіх”…
Днямі да яго дадалося яшчэ адно: Гервяцкі касцёл – адзіны ў нашай краіне і адзін з нямногіх у свеце, дзе ўстаноўлены скульптуры разбойнікаў, якія былі распяты разам з Ісусам Хрыстом на Галгофе. Іх драўляныя фігуры выразаў вядомы ў Беларусі і ў свеце гродзенскі рэзчык па дрэве Валянцін Багдзевіч. Напярэдадні дня Усіх Святых біблейскія разбойнікі, адзін з якіх прызнаны святым, увайшлі ў касцёл і занялі месцы па абодва бакі ад цэнтральнага алтара…

скульптуры в ГервятахСвяшчэннае пісанне сведчыць, што Ісуса Хрыста распялі паміж двума разбойнікамі. Праз тысячагоддзі да нас дайшлі іх імёны – Дзісмас і Гестас. Над кожным з распятых вісела таблічка, якая сведчыла, за што яго пакаралі такой страшнай, самай ганебнай, самай пакутлівай карай – распяццем на крыжы. Таблічка над адным з разбойнікаў сцвярджала, што ён – зло-дзей, другі быў рабаўнік. На таблічцы над Ісусам Хрыстом было напісана “Гэта цар іудзейскі”. Разбойнікі былі прывязаны да крыжа вяроўкамі, Хрыста ж прыбілі цвікамі.
…Евангелле ад Лукі сведчыць, што натоўп ля ног распятых беснаваўся, насміхаўся з Ісуса і крычаў: “Іншых ратаваў – дык няхай сябе самога ўратуе, калі ён Хрыстос, абраннік Божы!” “Прабач іх, Госпадзі, бо не ведаюць яны, што твораць…” – прамовіў Сын Божы, які свядома, па добрай волі за грахі людскія прыняў невыносную пакуту, а атрымаў за гэта толькі здзекі ад тых, за каго ён пайшоў на смерць…
Гестас, што вісеў па левую руку ад Хрыста, паддаўся агульнаму настрою і гаварыў: “Калі ты Хрыстос, дык уратуйся сам і ўратуй нас!”
А ў Дзісмаса, што вісеў з правага боку ад Хрыста, абудзілася сумленне і спачуванне да нявіннаасуджанага, і ён сароміў Гестаса: “Ці ты не баішся Бога, калі і сам асуджаны на тое ж? Дык мы асуджаны справядліва, дастойнае па справах нашых нам належыць прыняць, а Ён нічога не зрабіў!” А да Хрыста гэты разбойнік звярнуўся са словамі: “Памяні мяне, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства сваё”. І адказаў яму, паміраючы ад невыносных пакут, Хрыстос: “Праўду кажу табе: сёння ж будзеш са мною ў раі”…

скульптуры в Гервятах1

скульптуры в Гервятах2…Валянцін Багдзевіч разам з рабочымі ўстанаўлівае скульптуры. Ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Леанід Нясцюк, як і я, і некалькі сузіральнікаў, бачыць гэтыя работы ўпершыню. Ён пільна, цікаўна і, як мне здаецца, крыху здзіўлена глядзіць на драўляныя фігуры – нібы спрабуе ўбачыць у іх тых людзей, якія амаль два тысячагоддзі таму жылі, як сотні іх суайчыннікаў: нечаму радаваліся, нечым засмучаліся, здабывалі свой хлеб надзённы грэшным промыслам – і іх імёны засталіся ў памяці людской на тысячагоддзі толькі таму, што лёсам ім было прадвызначана прыняць сваю смерць побач са Збавіцелем…
Я ўглядаюся ў твары распятых разбойнікаў – і, мала разумеючы сакрэты майстэрства разьбяра, адчуваю, якую тытанічную работу выканаў Валянцін Багдзевіч. Справа нават не ў тым, колькі давялося працаваць рэзчыку: знайсці патрэбнае дрэва – найбольш паслухмяную, падатлівую разцу майстра ліпу выразалі пад Шчучынам, затым высушыць яго – і з неадушаўлёнага чурбана зрабіць фігуру чалавека вышынёй больш як два метры, ды так, што, здаецца, бачны нават апошні глыток паветра, які ў апошнім уздыху ўзняў грудзі пакутніка…
Але галоўнае – не гэта, а твары разбойнікаў…
Гестас зняможана, безнадзейна апусціў галаву, прыплюшчыў вочы: усё скончана, засталася толькі гэтая невыносная пакута, ад якой можа збавіць толькі смерць… І гэты, што вісіць побач, які называў Сябе абраннікам Божым, не ўратаваў…
А Дзісмас глядзіць на распятую фігуру Хрыста са спачуваннем, страхам, з верай і надзеяй: я пакутую за грахі свае – а Ён за што? Ён казаў, што я разам з Ім сёння ж апынуся ў Царстве нябесным – дык, значыць, Ён сапраўды абраннік Бога?
…Я не ведаю, якой сілай таленту трэба валодаць, каб, ніколі не бачыўшы не толькі чалавека, але і больш-менш дакладнай яго выявы, так перадаць у кавалку дрэва глыбіню яго пачуццяў…

скульптуры в Гервятах3Валянцін Багдзевіч – адзін з найбольш вядомых у Беларусі рэзчыкаў па дрэве, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута, удзельнік шматлікіх міжнародных пленэраў у Польшчы, Літве, Беларусі, сусветных выставак у Турцыі і Кітаі. Працуе на ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” рэзчыкам па дрэве ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.
Па запрашэнні Астравецкага лясгаса ўдзельнічаў у пленэры на Астравеччыне: яго скульптуры ўпрыгожваюць тэрыторыю каля дома паляўнічых ля Задворнікаў.

– Гэтая работа – справа ўсяго майго жыцця, – на хвіліну адрываецца ад працы Валянцін Багдзевіч. – Амаль год назад, 24 лістапада, ксёндз Леанід расказаў мне, як аднойчы падчас малітвы ўбачыў, нібы наяве, у сваім касцёле фігуры двух разбойнікаў, паміж якімі быў распяты Ісус Хрыстос. Леанід Пятровіч цікавіўся, ці змагу я выразаць скульптуры гэтых разбойнікаў? І я зразумеў, што гэта шанс, які выпадае мастаку раз у жыцці. Я памаліўся, як умеў, перад алтаром у касцёле Святой Тройцы, папрасіў, каб Бог даў мне сіл, розуму і майстэрства справіцца з гэтай работай…
– Увогуле для майстра выразаць фігуры двух чалавек – па сутнасці, менавіта гэта трэба было зрабіць – справа нескладаная, – працягвае Валянцін. – Калі б гэта была звычайная работа, яна не заняла б больш двух тыдняў. Але гэты заказ быў асаблівы… Я “пералапаціў” увесь інтэрнэт, усю магчымую літаратуру аб распяцці і смерці Ісуса Хрыста. На жаль, пра разбойнікаў, якія былі распяты разам з Хрыстом, вядома мала. І амаль немагчыма знайсці іх скульптуры: у Беларусі нічога падобнага няма, ва ўсім свеце – дзве-тры работы. А мне хацелася, каб не толькі анатамічна фігура адпавядала сапраўднасці, каб гэта была скульптура чалавека, які жыў два тысячагоддзі назад у Іарданіі. Галоўным я лічыў перадаць твары разбойнікаў – іх думкі, пачуцці, пакуты, страхі, надзеі… Я думаў пра гэта няспынна. Мне хацелася, каб у гэтых скульптурах былі бачны жывыя людзі. Прычым яны вельмі розныя. Дзісмас, як вядома, у апошнія хвіліны свайго жыцця паверыў Хрысту і быў уратаваны: па паданню, гэта першы чалавек, які пасля смерці патрапіў у рай. Зараз ён памінаецца як святы 25 сакавіка і лічыцца апекуном зняволеных – у гонар яго нават названы горад Сан-Дзімас у Амерыцы, штат Каліфорнія. А Гестас пры жыцці так і не раскаяўся, не паверыў – але ў яго, як і ў кожнага чалавека, была магчымасць раскаяцца і паверыць пасля смерці…
скульптуры в Гервятах4– Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Гродзенскага мясакамбіната і асабліва яго дырэктару Анатолю Георгіевічу Грышуку, якія таксама пранікліся значнасцю гэтай работы, – гаворыць майстар. – Я ж – штатны работнік мясакамбіната, у Каробчыцах – мая майстэрня. І мне не проста дазвалялі працаваць над скульптурамі разбойнікаў тады, калі ў мяне ўзнікала натхненне і жаданне, але і ўсяляк дапамаглі. Без такой падтрымкі справіцца з гэтай работай было б складана…
– Чаму са шматлікіх рэзчыкаў па дрэве, якія працуюць у Беларусі, вы выбралі менавіта Валянціна Багдзевіча? – цікаўлюся я ў ксяндза-пробашча Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Леаніда Несцюка.
– Гэтага майстра мне параіў Юрый Талочка, які ўжо шмат гадоў працуе над вітражамі для нашага касцёла: гэтыя два мастакі, як аказалася, даўно ведаюць адзін аднаго, – расказвае гісторыю гэтага лёсавызначальнага знаёмства ксёндз Леанід. – І так сталася, што ў той дзень, калі я ўпершыню пачуў пра Валянціна Багдзевіча, вечарам па тэлебачанні дэманстраваўся фільм пра яго творчасць. Я палічыў, што ў гэтым ёсць пэўны знак…

Драўляныя скульптуры Дзісмаса і Гестаса ўстаноўлены ў бакавых нефах Гервяцкага касцёла. Пазней для іх будуць зроблены спецыяльныя дубовыя крыжы – і яны зоймуць свае месцы ў праёмах паміж вітражамі з лікамі святых.
Мне здаецца, вельмі сімвалічна, што скульптуры Дзісмаса і Гестаса з’явіліся ў касцёле перад днём Усіх Святых. Іх прызначэнне – не проста ажывіць адну са старонак жыцця і смерці Сына Божага. Тым, хто ўмее бачыць і адчуваць, фігуры распятых на крыжах разбойнікаў нагадаюць пра цану і кошт (гэта зусім не адно і тое ж!) жыцця і смерці, пра веру і бязвер’е, пакуты і збаўленне. І, магчыма, дапамогуць знайсці адказы на адвечныя пытанні жыцця

-------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.