Семья начинается с детей
09:00 / 15.10.2015
3

Хтосьці з вялікіх сказаў, што чужых дзяцей не бывае. Толькі не многія могуць узяць у сваю сям’ю чужое дзіця, стаць для яго каменнай сцяной, разам з ім пераадольваць цяжкасці і вучыцца жыць пад адным дахам.
Наталля Іванаўна Сінкевіч з Астраўца працуе мамай дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Разам з мужам Генадзем яны выхоўваюць дзевяцярых дачушак, чатыры з якіх – прыёмныя.

“Многія не разумеюць вялікай сям’і – а мы не разумеем бацькоў, якія скардзяцца, што складана падняць на ногі адно дзіцё”.
– У юнацтве я, як ні дзіўна, марыла пра маленькую сям’ю, – успамінае Наталля Іванаўна. – У нас была шматдзетная сям’я, пагэтаму заўсёды быў шум і гам – хацелася спакою і цішыні. Аднак зараз ніводзін свой дзень, напоўнены зборамі ў садок і школу, прыгатаваннем сняданкаў-абедаў на адзінаццаць чалавек, не прамяняла б ні на што на свеце.
Наталля і Генадзь пазнаёміліся банальна: у горадзе. Яны з першага позірку спадабаліся адзін аднаму, пагэтаму сталі сустракацца, а пасля разам жыць.
– Першы шлюб у мяне і ў мужа па розных прычынах не склаўся, – расказвае шматдзетная мама. – Гена дащ мне тое, чаго так не хапала: падтрымку, апору, упэўненасць у наступным дні і бяспеку. Маіх дачушак Дашу і Дзіяну ён прыняў як сваіх.
А неўзабаве ў Наталлі і Генадзя нарадзілася маленькая прыгажуня Інэса. Сям’я пабольшала – а дом папрыгажэў: увесь рамонт і добраўпарадкаванне сямейнага гнязда – справа залатых рук Генадзя.
– Зараз складана ўспомніць, каму належала ідэя ўзяць на выхаванне дзіця з прытулку. Мы адчувалі, што можам даць абяздоленаму маленькаму чалавеку не толькі дах над галавой, але і сапраўдную сям’ю, дзе ёсць мама, тата і сястрычкі. Спачатку мной, як жанчынай, напэўна, рухала жаласлівасць: ну як пры жывых бацьках дзіця – сірата? Пасля я зразумела: трэба нешта рабіць. Наша з Генам рашэнне адразу падтрымалі дзяўчаткі. Я бязмерна ўдзячна ім, што яны прынялі Насцю і Кацю як родных, – гаворыць Наталля Іванаўна. – У мінулым годзе памерла першая жонка Гены. Мы ні хвіліну не вагаліся, ці забіраць да сябе Жэню і Насцю, – так наша сям’я зноў пабольшала.
У Астравецкім раёне пакуль не існуе ніводнага дома сямейнага тыпу. Наталля Іванаўна і Генадзь Эдуардавіч – кандыдаты на тое, каб менавіта для іх сям'і быў пабудаваны такі дом, дзе будзе гучаць дзіцячае шчабятанне і смех, а за адным сталом кожны дзень будуць сядзець мама, тата і іх дзевяць дачушак. Сёлета сям’я Сінкевічаў зноў пабольшала: дзве сястрычкі Крысціна і Ксюша ўжо і не ўспамінаюць пра прытулак.

“Тыя вожыкі, якія ўпершыню пераступілі парог нашага дома, страцілі ўжо свае колкія іголкі.
Растапіць унутраны лёд, які скаваў дзіцячую душу, можна толькі цярпеннем і безумоўным прыняццем”.
Напэўна, калі ты не падзяляеш дзяцей на сваіх і чужых, на разумных і пасрэдных, калі ты ўспрымаеш маленькага чалавека з яго вялікім чамаданам пад назвай “мінулае” – тады адыходзяць турботы і праблемы; тады дзіця вучыцца жыць і давяраць гэтаму свету, а самае галоўнае слова ў свеце “мама” набывае для яго новы сэнс.
– Усе дзяўчынкі нас з Генам называюць мама і тата, – расказвае Наталля Іванаўна. – Мы не прасілі іх, не прымушалі. Памятаю, калі прыехалі ў прытулак забіраць Кацю і Насцю, іншым дзеткам яны сказалі, што прыехалі мама і тата... Я была вельмі ўражана. На сайтах многія прыёмныя мамы пішуць: убачыў дзіця і зразумеў, што яно тваё. Так было і ў нас.
Раз пораз да мамы і таты падбягаюць дзяўчынкі: абдымаюць, прытуляюцца, нешта шэпчуць на вушка і знікаюць.
– Быў час, калі я плакала і была ў роспачы: адна з прыёмных дзяўчынак дома скінула тэлевізар, добра, што не на сябе, у школе скокнула з акна... Іх нельга было пакінуць адных ні на хвіліну. Калі што б здарылася, хто б адказваў? Я шчыра ўдзячна спецыялістам сацыяльна-педагагічна цэнтра, і тагачаснаму дырэктару Алене Іванаўне Змітровіч і Дануце Іосіфаўне Петрык за парады, за дапамогу. Зараз я разумею, што дзяўчынкам таксама было складана, што яны раслі і выхоўваліся зусім у іншым асяроддзі, што ім таксама трэба было прывыкнуць да нас. Кожны чалавек у жыцці праходзіць узроставыя крызісы: для дзяўчынак таксама было крызісам жыць з чужымі людзьмі – але разам мы справіліся.
Апярэдзіўшы маё пытанне, Генадзь Эдуардавіч адказаў за дваіх:
– Ведаеце, не кожны можа стаць прыёмнымі бацькамі. На першы план тут безумоўна выходзіць любоў да дзяцей і цярпенне. Моладзь зараз чамусьці не цэніць тое, што мае: хутка жэняцца, хутка разыходзяцца… Тую клятву, якую давалі некалі адзін аднаму, трэба помніць усё жыццё.

“Я ўдзячна лёсу за тое, што нашы з Генам жыццёвыя дарогі перапляліся”
Крылатае выслоўе пра залатыя рукі цалкам можна аднесці да Генадзя Эдуардавіча. Усё-ўсё ва ўтульным доме і ля яго зроблена рукамі мужчыны, пачынаючы ад падлогі з падагрэвам і заканчваючы вулічнай пліткай, якую ён сам выліваў. Усе дзяўчаты ў адзін голас сцвярджаюць, што тата “хуткі майстар”, толькі паспявае за сваімі прыгажунямі рамантаваць рэчы.
– Дзякуючы Гену я магу спакойна займацца дзяўчынкамі і домам. Я да гэтага часу не заўважаю, што ў нас столькі дзяцей. Вельмі дапамагаюць старэйшыя дачушкі, – расказвае Наталля Іванаўна. – Кожны дзень я прачынаюся ў 6 гадзін раніцы. Палова на сёмую падымаю дзяўчат. Яны засцілаюць ложкі, умываюцца і хуценька снедаюць. Часта дачушак у школу і дзіцячы садок адвозіць тата. А я пачынаю займацца гаспадарчымі справамі. Толькі пральная машына на дзень працуе тры разы. Калі выпадае вольная хвілінка, магу выбегчы ў магазін.
Да размовы далучаецца Генадзь Эдуардавіч:
– Многія здзіўляюцца: як вы жывяце? Маўляў, складана паставіць на ногі адно дзіцё. У нас сямейны бюджэт размеркаваны на месяц: раз на тыдзень мы ездзім у “Еўраопт” за прадуктамі. Агародніна свая: вырошчваем бульбу, моркву, цыбулю, буракі. Таксама дзяўчаты восенню ласуюцца дамашнімі яблыкамі і вінаградам, – расказвае шматдзетны тата. – Сакрэт не ў колькасці грошай, а ў тым, што мы разам. Дарэчы, і сямейны дэвіз у нас адзін на ўсіх: разам – мы сіла! Людзі ў гонцы за матэрыяльнымі дабротамі часта забываюцца, што самае галоўнае – здароўе. Ёсць родныя, дах над галавой – жыві і працуй.

“Дзіця трэба не наказваць за правіны, а прывучаць да справы”.
Дзяўчаты дапамагаюць маме палоць агарод, гатаваць і прыбіраць дома. Таксама ў іх ёсць хатнія гадаванцы: хамяк, сабака Булька і кот Васька.
– Пасля школы дзяўчаты ходзяць “на рэлігію” ў касцёл. Сёлета Жэню, Кацю, Насцю, Крысціну і Інэсу мы запісалі на бальныя танцы, – расказвае Наталля Іванаўна.
– Вельмі ўдзячны педагогу за зніжку, якую ён нам зрабіў. – Таксама мы любім падарожнічаць. Палова Беларусі аб’ехалі: Крэва, Мір, Гальшаны... Сёлета наведалі аквапарк у Маладзечне, – гаворыць Генадзь Эдуардавіч. – Хацелася б, канешне, большы мікрааўтобус, каб усе разам маглі ездзіць хоць бы за пакупкамі ў Смаргонь.

Мама марыць усёй вялікай сям’ёй паехаць у Санкт-Пецярбург, каб на ўласныя вочы пабачыць знакамітыя белыя ночы.
Тата больш за ўсё хоча, каб яго дзяўчаты былі здаровымі і добра вучыліся, а для сябе – новы мікрааўтобус.
Шасцігадовая Інэса ўпэўнена, што стане прэзідэнтам, калі вырасце, а таксама ў яе абавязкова з’явяцца сапраўдныя жыраф і конь.
Старшакласніца Дзіяна хоча хутчэй пераехаць у новы дом.
Сястрычкі Насця і Каця мараць пра кацяня, а Насця яшчэ і аб прафесіі прадаўца.
Шасцігадовая Крысціна хоча навучыцца прыгожа танцаваць, а яе малодшая сястрычка Ксюша пакуль не вызначылася з марамі.
Адзінаццацікласніца Насця марыць паступіць у школу міліцыі.
Дзесяцігадовая Жэня хоча заўсёды быць са сваёй сям’ёй, “каб былі мама і тата”.
Сваімі марамі не падзяліліся Насця, якая вучыцца ў Пінску, і Даша, якая была на рабоце.
Маленькая гісторыя вялікай сям’і вельмі падобная да іншых шчаслівых гісторый. Чужых дзяцей не бывае, а маміны пяшчотныя рукі і яе гарачае вялікае сэрца твораць цуды.

--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Н. Сінкевіч.