Школы Островетчины обновляются

17:00 / 28.03.2015
Дыпломам Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за значныя дасягненні па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў раёна ўзнагароджаны Астравецкі аддзел адукацыі, спорту і турызму.

Пра тое, што было зроблена ў школах раёна ў мінулым годзе, мы папрасілі расказаць начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлю Іосіфаўну Станкевіч.


– Летась была праведзена значная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсіх устаноў нашага раёна. Неабходна адзначыць, што на рэалізацыю дзяржаўных праграм прадугледжвалася 3524,3 мільёна рублёў.

За кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы «Развіццё дашкольнай адукацыі» – а гэта 399,4 мільёна рублёў – было набыта надворнае абсталяванне, камп'ютарная тэхніка, мэбля, цацкі для дашкольных устаноў, што дазволіла палепшыць быт дзяцей і выканаць дзяржаўныя стандарты па дашкольнай адукацыі.

Немалыя сродкі былі зрасходаваны на выкананне Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі. 1239 мільёнаў рублёў былі накіраваны на тое, каб палепшыць якасць адукацыйнага працэсу. За гэтыя грошы былі абсталяваны 6 лінгафонных кабінетаў, набыты 19 інтэрактыўных дошак, два мабільныя классы, камп'ютарызаваны рабочыя месцы настаўнікаў і вучняў, закуплены вучнёўская мэбля і вучэбнае абсталяванне ў прад метныя кабінеты гарадскіх школ.

Нямала сродкаў было накіравана ў сельскія ўстановы адукацыі. Зроблены рамонт сістэмы ацяплення ў Гудагайскай школе – на гэта зрасходавана 372,6 мільёна рублёў. Дзякуючы таму, што ў школе ўстаноўлены новыя батарэі ацяплення і трубы, праблем з тэмпературным рэжымам, скаргі на які гучалі з году ў год, гэтай зімой тут не ўзнікла.

Дайшла чарга і да сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Пасля рамонту прыемна зайсці ва ўтульныя, прыгожыя спальныя пакоі і кухню дзіцячага прытулку.

Рамонты праведзены ў Спондаўскім дзіцячым садку-сярэдняй школе – тут абноўлены харчблок і абедзенная зала, зроблена спальня, буфетная і групавы пакой для дашкольнікаў.

Не страціў сваёй папулярнасці ў нашым раёне гаспадарчы спосаб правядзення рамонтаў, які дазваляе з меншымі затратамі выканаць большы аб'ём работы. Установы адукацыі самастойна асвоілі 2952,5 мільёнаў рублёў. Прычым грошы браліся не толькі з бюджэту, але і з даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. У Альхоўскай школе гаспадарчым спосабам поўнасцю абнавілі фае першага і другога паверхаў, прадметныя кабінеты і раздзявалкі. У Гервяцкай школе ўвагу сёлета ўдзялілі кабінетам абслугоўваючай і тэхнічнай працы – цяпер гервяцкія хлопчыкі і дзяўчынкі стануць сапраўднымі гаспадарамі і гаспадынямі.

Не пазнаць сёння харчблок і сталовую Гудагайскай школы: яркія колеры, новая мэбля і тэхналагічнае абсталяванне... .

У мінулым годзе шмат увагі было ўдзелена Альхоўскаму дзіцячаму садку: тут абнавілі фае, музычную залу, спальні і раздзявалкі, устанавілі новыя вокны. Усюды чыста, утульна, прыгожа і што вельмі важна – цёпла.

Вялікую падтрымку аказаў бюджэт пры рамонце даху аднаго з будынкаў дзіцячага аздараўленчага летніка «Ластаўка». Тут жа былі пабудаваны душавыя – тое, чаго так не хапала астравецкаму летніку.

Асобная размова пра сярэднюю школу №1, дзе працягваецца другі этап капітальнага рамонту: адрамантаваны спартыўная зала і ўнутраныя памяшканні. За мінулы год на капітальны рамонт гэтай установы было зрасходавана 4941,0 мільёнаў рублёў – і школа змянілася непазнавальна. Радуюць вока кабінеты абслугоўваючай і тэхнічнай працы, рамонт у якіх быў выкананы гаспадарчым спосабам. А ў новы музейны пакой укладзены не толькі грошы, але і душа педагогаў.

Вядома, што здароўе школьнікаў не ў апошнюю чаргу залежыць ад харчавання. І вялікая ўвага надавалася рамонтам харчблокаў і абедзенных залаў – на гэта было выдаткавана 685 мільёнаў рублёў. Працягвалася набыццё халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання, кухоннага інвентару і дапаможнага абсталявання.

Акрамя таго, на пачатку новага навучальнага года аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама атрымаў два новыя аўтобусы. Адзін з іх быў перададзены Варнянскаму НПК, другі – СШ №1.

Вялікую падтрымку ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі аказвае кіраўніцтва Астравецкага райвыканкама.

Аднак нашы ўстановы адукацыі не толькі чакаюць падтрымкі ад бюджэту. Вельмі многае робіцца, каб зарабіць дадатковыя сродкі самастойна – гэта і пазабюджэтная дзейнасць, і спонсарская дапамога, і інвестыцыі. Па выніках мінулага года нашыя ўстановы адукацыі зарабілі 1705,8 мільёнаў рублёў. Аддзел адукацыі, спорту і турызму выканаў план пазабюджэтнай дзейнасці на 112%.

Аднак нельга сказаць, што мы ўжо ўсё зрабілі і можна адпачываць. На сёлетні год таксама запланавана шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў і стварэнне добрых умоў для вучобы і выхавання нашых дзяцей.


--------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.