Лучше – не пробовать...

16:00 / 27.03.2015
Цікаўнасць, ваганне, рызыка, спроба… Зацяжка, удых, глыток, ін’екцыя… Смакаванне, кайф, прывыканне, залежнасць, страх, боль, хвароба... Смерць…

Наркотыкі… Штодзень у сродках масавай інфармацыі, у школах і бальніцах папярэджваюць аб страшных наступствах іх ужывання, прыводзяць прыклады, чым можа закончыцца абманлівы дурман. І кожны дзень ад гэтай атруты памірае каля 500 чалавек…

Што рабіць, каб прадухіліць бяду? За адказамі на гэтае і іншыя пытанні мы звярнуліся да ўрача псіхіятра-нарколага Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Аніты Генрыхаўны Врублеўскай.

– Пытанне, якое, напэўна, цікавіць і хвалюе многіх: ці выяўлены выпадкі ўжывання наркотыкаў у Астравецкім раёне?

– На жаль, выяўлены. Калі некалькі гадоў назад аб гэтым нават і размовы не было, то зараз ужыванне наркатычных сродкаў зафіксавана і ў нас. У мінулым годзе быў выяўлены адзін выпадак, сёлета – яшчэ адзін.

– Аднак усюды і ўсе папярэджваюць аб смяротнай шкодзе ўжывання наркотыкаў. Дык чаму тады іх ужываюць?

– Цікаўнасць, прага новых адчуванняў, экстрым. А яшчэ – боязь быць “белай варонай”, спроба за кампанію. Хто найбольш падвяргаецца наркатычнай залежнасці? Вядома ж, падлеткі і маладыя людзі. Ім цікавы новыя адчуванні, падабаецца выпрабоўваць сваю ўдачу і хадзіць па лязу нажа. І вельмі часта забарона, табу на штосьці дзейнічае на хісткую і чуллівую псіхалогію падлетка горш, чым чырвоная ануча на быка. Нельга – значыць, неабходна! А вось аб наступствах думаць няма калі… Пачынаюць разумець, калі, на жаль, ужо позна. Вядома, я не кажу аб усіх падлетках, але…

– Кажуць, што ад першага разу ўжывання наркотыкаў прывыканне не ўзнікае. Ці так гэта?

– Гэта няпраўда. Паўтаруся, але спрабуюць наркотыкі часцей за ўсё падлеткі, арганізм якіх знаходзіцца ў стадыі фарміравання як у фізічным, так і ў псіхалагічным плане. Таму залежнасць можа ўзнікнуць з самай першай спробы.

– Зараз шырокае распаўсюджанне набывае спайс. У чым яго небяспека і як з ім змагацца?

– Спайс – гэта агульная назва курыльных сумесей псіхатропных рэчываў. І гэта вельмі страшны наркотык, бо ён утрымлівае сінтэтычныя сумесі, якія пастаянна відазмяняюцца, і яго цяжка адсочваць. Забараняюць адну сумесь – дастаткова замяніць адну малекулу іншай, і гатовы іншы від. Спайс аказвае на арганізм разбуральнае ўздзеянне: у чалавека ў літаральным сэнсе “зносіць галаву”, ён перастае арыентавацца ў рэальнасці, а часам і наогул забывае, што ён – чалавек.

– Што ж рабіць, каб папярэдзіць і прадухіліць ужыванне наркотыкаў?

– Расказваць, тлумачыць, прыводзіць прыклады. А калі трэба – палохаць. Наркотыкі толькі на першы погляд здаюцца задавальненнем. На самой справе гэта невыносны боль і ломка. Гэта страшная хвароба накшталт ВІЧ-інфекцыі, якая неўзабаве перарастае ў СНІД. Гэта адказнасць перад законам. А яшчэ наркотыкі – гэта слёзы, адчай і пакуты родных наркамана, якія не ведаюць, што рабіць. Калі не думаеце пра сябе, пра сваё здароўе, то падумайце пра блізкіх.

-----------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.