Кто из островецких школьников будет защищать честь района на областной олимпиаде

10:00 / 16.12.2014
Чатырнаццаць  школьнікаў прадставяць Астравецкі раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах.


Папярэдне ў раёне прайшоў  школьны этап алімпіяд сярод вучняў 8-11 класаў. Па іх выніках 145 школьнікаў  трымалі сур’ёзны алімпіядны экзамен на раённым этапе па матэматыцы, біялогіі, хіміі, фізіцы, геаграфіі, беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах, абслугоўваючай і тэхнічнай працы, інфарматыцы, гісторыі, грамадазнаўстве, астраноміі. У выніку 43 школьнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені: 12 вучняў атрымалі Дыпломы І ступені, 8 школьнікаў – другой і 23 алімпіяднікі – Дыпломы ІІІ ступені.

Найбольшую колькасць узнагарод  заваявалі алімпіёнікі з гімназіі №1  –  19, дзесяць  дыпломаў атрымалі вучні СШ №1, сярод сельскіх школ найбольшая колькасць дыпломаў у навучэнцаў Падольскага НПК –  чатыры.

Аднак не ўсе пераможцы і прызёры   раённага этапу  змогуць прыняць удзел у абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд.

Перш чым трапіць на абласную алімпіяду,  неабходна прайсці абласны рэйтынгавы адбор. Сёлета рэйтынгавую шкалу пераадолелі 14  юных алімпіяднікаў (у мінулым годзе такіх было 20)  – яны і будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па дзевяці прадметах. Яшчэ пяць школьнікаў трапілі ў рэзерв –  гэта значыць, калі хтосьці “ з асноўнага саставу” не зможа прыняць удзел у абласным этапе,  “рэзервіст”  зможа заняць свабоднае месца і прадэманстраваць свае веды на спаборніцтвах у  вобласці.

Такім чынам, на алімпіядзе па матэматыцы наш раён прадставяць васьмікласнік СШ №1 Арцём Маладцоў і гімназісткі Анастасія Карнэлік і Віялета Шаўліс.

Гонар раёна па хіміі будзе абараняць дзесяцікласніца гімназіі №1 Ангеліна Пятровіч.

Вераніка Анімуцкая з гімназіі №1 прыме ўдзел у алімпіядзе па нямецкай мове.

Вучаніцы сярэдняй школы №1 Маргарыта Шаўчэнка і  Ксенія Марцінчык змогуць паўдзельнічаць у алімпіядзе па рускай мове.

На алімпіяду па грамадазнаўстве адправіцца дзесяцікласніца гімназіі №1 Вікторыя Сідаровіч.

Тры школьнікі прайшлі абласны рэйтынгавы адбор на абласную алімпіяду па фізіцы: Лізавета Клімчэня з СШ №1, Ігар Азевіч і Артур Петрулевіч з гімназіі №1.

Адзінаццацікласніца Аляксандра Папкова з Падольскага НПК стане ўдзельніцай абласной алімпіяды па беларускай мове.

Гімназіст Андрэй Малочка зможа прыняць удзел у алімпіядзе па геаграфіі.

А адзінаццацікласнік гімназіі №1 Уладзіслаў Цярэшка – у алімпіядзе па астраноміі.

Яшчэ пяць школьнікаў:  Таццяна Іллюк (Падольскі НПК), Кацярына Тумашчык (СШ №1), Марта Пясляк (гімназія №1), Ігар Пясляк (СШ №1) і Яна Шаблаўскайце (Гервяцкая СШ) –  увайшлі ў рэзерв абласной каманды.

Абласныя алімпіяды сёлета пачнуцца 13 студзеня. Пажадаем юным алімпіяднікам поспеху!


Алена ЯРАШЭВІЧ.