На Островетчине реализуется проект по поддержке детей с ограниченными возможностями

11:00 / 25.11.2014
Сумесны праект Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Гудагайскай школы рэалізуецца ў Астравецкім раёне.


Летам у настаўніцы Гудагайскай СШ Ірыны Мікалаеўны Жалток і загадчыцы аддзялення дзённага  знаходжання для інвалідаў Святланы Казіміраўны Куцько ўзнікла ідэя аб'яднаць валанцёраў гэтых устаноў і разам рабіць добрыя справы.

Менавіта тады і быў распрацаваны міні-праект «Ты і я, і мы з табой», які аўтары накіравалі на абласны конкурс малых грантаў валанцёрскіх груп у рамках праекта «Мясцовыя ініцыятывы валанцёрскіх груп у аддаленых раёнах і малых гарадах Беларусі».

Да ўсеагульнай радасці праект прайшоў адбор журы, і на яго рэалізацыю было выдзелена 4 мільёны рублёў.

– Сума невялікая. Але не гэта галоўнае. Нават калі б мы не прайшлі конкурсны адбор, то паспрабавалі б рэалізаваць гэты праект самастойна. Для нас куды важней, што дзеці не замыкаюцца ў сабе, а знаходзяць сяброў – і разам ім весела і цікава, – лічыць настаўніца Гудагайскай школы Ірына Мікалаеўна Жалток.

Сёння на дыспансерным уліку ў Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы знаходзіцца 5 дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, 8 – з ДЦП, 2 – з сіндромам Дауна і 4 – з паталогіяй эндакрыннай сістэмы. Як правіла, большасць з іх замыкаецца ў сабе і не жадае выходзіць «у свет». Менавіта таму валанцёры са сваімі кіраўнікамі вырашылі накіраваць свае сілы на далучэнне такіх дзяцей да розных відаў арт-дзейнасці з  дапамогай адкрыцця творчых майстэрняў, у якіх заняткі будуць праводзіць валанцёры роўнага навучання.

Валанцёры атрадаў «Наш выбар» Гудагайскай сярэдняй школы і «Прамень» тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо правялі шэраг акцый, накіраваных на падтрымку сем'яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Так, напрыканцы жніўня школьнікі ў майках «Чырвонага Крыжа» запрашалі жыхароў горада далучыцца да акцыі «Дапамажы нам дапамагчы іншым» – сабраныя грошы і школьныя прылады былі накіраваны на дапамогу сем'ям, каб сабраць дзяцей у школу.

А нядаўна валанцёры Гудагайскай школы прайшлі навучанне ў творчай майстэрні «Чароўная стужка», што працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А потым вырашылі падзяліцца набытымі ўменнямі з дзеткамі, што наведваюць карэкцыйны цэнтр.

Сумесная справа захапіла. Трэба было бачыць, як валанцёры-васьмікласнікі ўзяліся за справу: расказвалі, дапамагалі, папраўлялі, калі што не атрымлівалася ў іх новых сяброў. А якім шчасцем свяціліся вочкі ў выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра! І ўжо праз гадзіну просценькія, але такія дарагія, бо зробленыя сваімі рукамі, кветкі са стужкі і цюлю, з якім удзельнікам праекта дапамаглі гаспадары салона штор «Ажур», упрыгожылі сталы навучэнцаў карэкцыйнага цэнтра. А яшчэ праз нейкі час сталі адзінай прыгожай кампазіцыяй.

– Удзел у гэтым праекце дасць нашым рабятам многае. Прычым у выйгрышы павінны аказацца не толькі рабяты, якія праходзяць навучанне ў карэкцыйным цэнтры, але і валанцёры. Сумесна праведзены вольны час, супрацоўніцтва, агульныя заняткі – усё гэта вучыць дабрыні і разуменню, – упэўнена адзін з аўтараў праекта, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько.

Наперадзе валанцёраў чакае шмат цікавых мерапрыемстваў: праца ў майстэрні «Юны мылавар», удзел у дабрачынным канцэрце «Выпрастай крылы», Дні імянінніка і навагоднім дабрачынным ранішніку. Вы таксама хочаце падтрымаць удзельнікаў гэтага праекта? Далучайцеся!


--------------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.