Верните городу книжный магазин!

10:00 / 08.08.2014
6
Сёння мне хочацца агучыць праблему, якая ўжо даўно ўзнікла ў нашым горадзе і якую часта абмяркоўваюць яго жыхары раёна – ва ўсякім выпадку, тыя з іх, што яшчэ не развучыліся чытаць і любіць кнігу. Такіх, паверце, нямала. Але задаволіць свой кніжны голад яны могуць альбо перачытваючы ў сто першы раз кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі, альбо наведваючы цэнтральную, дзе таксама для сапраўдных чытачоў нязведанага засталося няшмат, або мяняючыся кнігамі адзін з адным. Як вы разумееце, навінак пры ўсіх гэтых варыянтах знойдзеш няшмат. А калі патрапіш дзе-небудзь у вялікім горадзе ў кнігарню ці на так званыя “кніжныя развалы” – купіць хочацца ўсё і адразу! Бо цікавых, карысных, якасных і прыгожых кніг зараз выпускаецца вельмі шмат, на любы густ. А купіць іх у Астраўцы проста немагчыма.

Даўно адышлі ў нябыт часы, калі астравецкая кніжная крама лічылася лепшай: тут заўсёды можна было набыць які-небудзь “эксклюзіў”, які і ў сталіцы не купіш. Цяпер у нашым горадзе, пра інтэлектуальную будучыню якога мы так многа і захоплена расказваем і марым, увогуле няма кніжнай крамы. Ніякай! (Думаю, вы пагодзіцеся, што немагчыма назваць кніжным магазінам той закуток ва ўнівермагу, дзе прадаюць віншавальныя паштоўкі ды дзве-тры дзіцячыя кніжачкі).
Упэўнена, нехта зараз хмыкнуў: ды хто зараз купляе тыя кніжкі – народ цяпер бездухоўны, яму толькі  гарэлку, каўбасы ды шмаццё падавай! Мушу не пагадзіцца: народ ва ўсе часы быў розны. І ў савецкія былі тыя, хто ганяўся за крышталём і дыванамі, і тыя, хто апошнія грошы аддаваў на кнігі. Так і зараз. Жадаючых купіць добрую кнігу нямала – інакш не насілі б іх у рукзаках па арганізацыях “карабейнікі” – пэўна ж, выгадны для іх такі бізнес. І ў Мінску, наколькі я ведаю, не зачынілася ніводная кнігарня – наадварот, яны набылі новае жыццё. Да таго ж у сталіцы працуе некалькі кніжных кірмашоў, так званых “развалаў”, дзе можна купіць усё, што заўгодна – ад падручнікаў да энцыклапедый, ад жаночых часопісаў да сур’ёзнай філасофскай літаратуры. І купляюць! Увогуле, мне здаецца, кнігарня стала нікому непатрэбнай і была зачынена толькі ў Астраўцы – яны па-ранейшаму працуюць і ў Маладзечна, і ў Смаргоні.
А калі нават рэалізацыя кніг не прыносіць такога прыбытку, як гандаль алкаголем, то хай бы страты ад яго і перакрывалі за кошт продажу таго ж віна ды гарэлкі, каб хоць неяк кампенсаваць той урон, што наносіць грамадству прыбытковы “гарэлачны бізнес”.
Мне проста страшна: калі нашы дзеці не прывучацца чытаць – кім яны стануць, каго мы з такім падыходам  выхаваем?
І таму я не проста прашу – я патрабую ад імя ўсёй інтэлігенцыі Астраўца: вярніце гораду кніжную краму!


Ларыса Мартынава, ветэран педагагічнай працы.