Самые талантливые школьники района отдохнули в лагере на базе Рымдюнской школы

10:00 / 21.07.2014
На працягу 18 дзён на базе Рымдзюнскай школы працаваў летнік актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх арганізацый «Вясёлка».

«Вясёлка» адметная хаця б тым, што жадаючых правесці тут частку лета – хоць адбаўляй. Сёлета ў летніку актывістаў была арганізавана толькі адна змена – затое тут сабраліся самыя актыўныя і таленавітыя школьнікі з усяго раёна.
– У гэты летнік я прыехала другі раз. Менавіта таму, што ў мінулым годзе мне вельмі спадабаўся такі актыўны адпачынак. Сёлета спачатку крыху засмуцілася – тут аказалася шмат дзяцей малодшых за мяне. Але вельмі хутка, дзякуючы цікавай арганізацыі нашага часу, я ўпэўнілася: сёлета, як і летась, сумаваць не даводзілася, – расказвае Вікторыя Трамбовіч з Гервяцкай школы. – Разам са мной у летнік прыехалі мае сяброўкі – усе мы жылі ў адным пакоі, які насіла назву «Час прыгод».
Сёлета ў летніку сабралася 37 самых актыўных дзяцей з усяго раёна. Самаму малодшаму актывісту – 9 гадоў, а самаму старэйшаму школьніку – 16. Тым не менш яны добра ладзілі паміж сабой.
– Спісы актывістаў, якія будуць адпачываць у летніку, і іх узрост мы ведалі задоўга да пачатку лагернай змены. І таму адразу ж задумаліся, як аб'яднаць дзяцей рознага ўзросту. З'явілася некалькі цікавых ідэй, якія мы ўкаранялі на практыцы, – расказвае старшая выхавальніца Вольга Валянцінаўна Сцефановіч. – Напачатку дзеці насцярожана аднесліся адзін да аднаго. Але вельмі хутка знайшлі агульную мову. Старэйшыя падтрымлівалі малодшых, дапамагалі ім рыхтавацца да конкурсаў – і часта малышы ў некаторых з іх абганялі старэйшых.
Лагерная змена сёлета насіла назву «Рэспубліка дзяцінства». Дзевяць «гарадоў» у адпаведнасці з дзевяццю пакоямі, па якіх размеркаваны школьнікі, мелі свае назвы і дэвіз. Мерапрыемствы ў летніку арганізаваны ў адпаведнасці з планам – кожны дзень меў назву: свет сяброў, спартыўна-турыстычныя жарсці, сам сабе рэжысёр, дні цікавых адкрыццяў, інтэлектуальных гульняў, беларускай культуры, гасціннасці, сучаснасці і шэраг іншых.
– У летніку я першы раз, – расказвае Эрык Урбановіч з СШ №1. – Паехаць сюды прапанаваў сябар, які адпачываў у «Вясёлцы» ў мінулым годзе. Тут вельмі цікава: я знайшоў новых сяброў, удзельнічаў у мерапрыемствах. Асабліва мне спадабалася акцыя «Стоп, спайс!». Напэўна, таму, што мы самі сталі яе арганізатарамі. Пасля вырабу буклетаў мы сустракаліся з жыхарамі Рымдзюнаў, расказвалі пра шкоду спайса, раздавалі буклеты – такі актыўны і карысны адпачынак мне падабаецца. Уразіў і пошук скарбаў – вельмі захапляюча! У наступным годзе абавязкова сюды прыеду!
Арганізоўвалі такі цікавы і вясёлы адпачынак для дзяцей калектыў педагогаў – старшая выхальніца Вольга Валянцінаўна Сцефановіч і яе памочнікі-выхавацелі Дар'я Станіславаўна Пятровіч і Таццяна Анатольеўна Касюк, музычны кіраўнік Арцём Андрэевіч Кавэцкі і кіраўнік па фізічнай культуры Анастасія Станіславаўна Нядвецкая, якія працавалі пад кіраўніцтвам дырэктара летніка Віктара Віктаравіча Спірыдона.
– «Вясёлка» лічыцца адным з лепшых летнікаў у нашым раёне, – дзеліцца ўражаннямі выхавальніца, студэнтка 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар'я Станіславаўна Пятровіч. – Нашы дзеці – таленавітыя і актыўныя. І я буду сумаваць па «Вясёлцы», бо ў кожны дзень, у кожнае мерапрыемства ўкладзена і часцінка маёй працы, маёй душы. Я вельмі рада, што дзецям тут падабаецца.
18 дзён адпачынку праляцелі хутка – і рабяты вярнуліся дамоў адпачнуўшымі і з надзеяй на сустрэчу ў наступным годзе.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.