Ежегодный методический лагерь в Ольховке в 25-й раз собрал педагогов со всей страны

17:00 / 17.07.2014
На працягу тыдня ў Альхоўцы праходзіў штогадовы метадычны летнік «Альхоўка-2014», які сабраў 50 настаўнікаў з усёй краіны.

У 1989 годзе па ініцыятыве настаўніка астравецкай школы Анатолія Бацюлева і пры падтрымцы сённяшняга прафесара кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалая Іванавіча Запрудскага пад Альхоўкай сабралася 50 настаўнікаў фізікі, якія дзяліліся вопытам і адпачывалі.
Сёлета метадычны летнік адзначыў сваё 25-годдзе. І, як і 25 гадоў назад, настаўнікі з задавальненнем едуць у Альхоўку, каб сустрэцца са сваімі калегамі і даведацца нешта новае. Перш, чым трапіць у гэты летнік, трэба прайсці адборачны конкурс – а ён, трэба адзначыць, сур'ёзны. Выключэнне арганізатары робяць толькі для тых педагогаў, хто быў «першапраходцам» – удзельнічаў у рабоце летніка ў першы год яго існавання. Сёлета з 300 заявак на адпачынак у фізічным летніку былі адабраны толькі 50. У лік «шчасліўчыкаў» трапілі і настаўнікі з Астравеччыны.
Сёлетняя змена «Альхоўкі-2014» была прысвечана сучасным электронным сродкам навучання, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Да абеду настаўнікі вывучалі тэорыю, а потым замацоўвалі яе на практыцы на базе Альхоўскай і Міхалішкаўскай школ. Правядзенне дыстанцыйных алімпіяд, стварэнне сайтаў, блогаў і інтэрнэт-праектаў – дні беглі хутка. Прычым заняткі былі цікавыя не толькі спецыялістам-фізікам, але і настаўнікам, якія выкладаюць іншыя прадметы, – да прыкладу, наведваць майстар-класы ў альхоўскім летніку змаглі педагогі, што восенню прымуць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года».
Але не заняткамі адзінымі… Хапала ў настаўнікаў часу і на забаўляльныя мерапрыемствы, якія ў большасці сваёй таксама прысвячаліся фізіцы: фізіка-спартыўная паласа перашкод, начное арыентаванне, традыцыйны бал Кацільён, падчас якога праходзіць абарона касцюма, канцэрт першагодак і юбілейны вечар, якому быў прысвечаны цэлы дзень.
– Калі мы першы раз сабраліся ў Альхоўцы, ніхто не загадваў, што летнік столькі пражыве. Карысць ад яго вельмі вялікая – інакш сюды ніхто не ехаў, – дзеліцца ўражаннямі настаўніца фізікі гімназіі №1, «старажыл» летніка Галіна Віктараўна Внуковіч. – Штогод мы атрымліваем новыя веды і ўражанні. А гэты год быў асаблівым яшчэ таму, што летнік адзначыў сваё 25-годдзе.
Час у фізічным летніку, нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор'е, праляцеў хутка. І ў наступным годзе настаўнікі зноў дамовіліся сустрэцца ў Альхоўцы.


----------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.