Гудогайский костёл отпразднует 250-летний юбилей

08:00 / 21.04.2014
Для Гудагайскай парафіі Наведання Маці Божай 2014 год асаблівы: сёлета будзе адзначацца 250-годдзе высвячэння парафіяльнага касцёла.
Узгадаем, як усё пачыналася…

Бяда прыйшла ў маёнтак Меднікі паноў Козел-Паклеўскіх: яго гаспадар, стараста дзіснейскі Міхал, вяртаючыся з Варшаўскага сейму, быў забіты. Напалі з засады. Засеклі шабляй.
Шмат слёз праліла яго жонка Людвіка Ганна з Сулістроўскіх, але плач-не плач, а жыццё коціцца далей… Моцнай мужчынскай рукі чакалі магнацкія справы. Ды і сама пані як ружа-кветка. Адным словам, выйшла Людвіка замуж за полацкага абознага Юзафа Кшыштофа Войну. І не памылілася – добрым чалавекам аказаўся яе новы муж.
Аднак неспакойна было на сэрцы Людвікі. Не адпускала, начамі мучыла яе думка аб тым, што яе першы муж на Суд Божы адышоў без апошняй споведзі. Ягамосць – пані Людвіка гэта памятала добра – быў чалавекам гарачым – не з аднаго сярмяжніка скуру спусціў, не аднаго шляхціца засек…
Яна часта ахвяроўвала грошы на імшы за нябожчыка. Але, відаць, гэтага было мала, бо кашмарныя сны зноў і зноў вярталіся да яе. У галаве жанчыны круціліся самыя розныя ідэі выратавання душы былога мужа.
Першым праектам было будаўніцтва з размахам, вартым заможнай пані, касцёла дзе-небудзь у меднікаўскім лесе – там бы адпраўляліся імшы за супакой пакутуючай душы Міхала Козел- Паклеўскага. Але хто будзе наведваць касцёл сярод лесу? Не, гэта не падыходзіць. Трэба, кааб касцёл быў слаўны, каб вернікі туды ішлі натоўпамі, каб і праз стагоддзі памяталі яе імя і яе ахвяру, каб людзі разам з духавенствам вымалілі дараванне для Міхала, а заадно і для яе самой. Тут неабходна шукаць нешта больш значнае. Трэба пабудаваць такі касцёл, каторы прыцягваў бы да сябе вернікаў як магнітам – і з блізкіх, і з дальніх ваколіц. А каб мець такую святыню, трэба пастарацца здабыць цудатворны абраз. Гэты праект адпавядаў неспакойнай душы пані Людвікі найбольш. Вось толькі дзе знайсці такі абраз?..
Энергічная жанчына тут жа прыступіла да рэалізацыі свайго плана і ў пошуках цудатворнасці разаслала ва ўсе бакі слуг і нават сыноў ад першага мужа. І пасля доўгіх пошукаў патрэбнае знайшлося. Слынны цудамі абраз Маці Божай знаходзіўся ў мястэчку Гудагай.
Некалі, шмат гадоў таму, рабаўнікі напалі на купецкі абоз ,што рухаўся па Чорным шляху. Нарабаванае яны падзялілі непадалёк на паляне: тканіны, экзатычныя спецыі, соль… Непатрэбным нікому аказаўся толькі абраз Маці Божай. Не доўга думаючы, злачынцы адкінулі яго ў дальні кут і забыліся. На абраз наткнуўся стары пустэльнік, які адзінока жыў у лясной халупе. Падабраў яго і прынёс у сваё жытло, кааб маліцца. Невядома як, але даволі хутка чуткі пра цудадзейнасць абраза з “буды ў гаю” разышліся па навакольных вёсках. І ў леснічоўку пацягнуліся людзі…
Калі пра абраз даведалася пані Людвіка Войнава, ён ужо належаў тагачасным гаспадарам Гудагаяў – панству Развадоўскім. Адзін з дваро вых прывёз да сваёй гаспадыні дзвюх збяднелых шляхцянак, родных сясцёр Развадоўскіх – пані Бакшчанінаву і пані Чаркаскую. Абраз ім дастаўся ў спадчыну ад бацькі. Пасля доўгіх і ўпартых таргоў Войнава купіла цудатворны абраз. І вырашыла, што ён павінен вярнуцца туды, адкуль з’явіўся, – у гудагайскія лясы.
На зарослым хмызняком папялішчы капліцы, спаленай у 1656 годзе шведамі падчас вайны, загадала пані Людвіка за ўласны кошт пабудаваць драўляны касцёл. Тым часам распачаліся таргі аб выкупе зямлі, у выніку якіх Бернацішкі, Паляны, Бабані і іншыя вёскі адышлі Войнам.
18 студзеня 1764 года адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла, які Войнавы вырашылі адразу перадаць пад апеку ордэну кармялітаў, – вячыстым запісам яны аддалі касцёл разам з цудоўным абразам Айцам Кармялітам Босым правінцыі Літоўскай імя святога Казіміра.
Першым, што зрабілі браты-кармяліты, было ўрачыстае ўнясенне абраза Маці Божай у новапабудаваны касцёл.


Сталіца Шкаплернай Беларусі


Менавіта так на адным са штогадовых фэстаў сказаў пра мястэчка Гудагай біскуп Антоні Дзям’янка.
Шкаплер – гэта адзін з сакраменталіяў Касцёла, які Маці Божая зрабіла сваім знакам асаблівай апекі. Паказаўшы яго падчас аб’яўлення ў 1251 годзе генералу ордэна кармялітаў, Найсвяцейшая Дзева Марыя сказала: “Гэта будзе прывілея для цябе і для ўсіх кармялітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага”. Праз шкаплер Маці Божая дала ўсім нам асаблівую дапамогу, так неабходную на шляху да жыцця вечнага. У кармялітаў шкаплер – іх карычневы фартух, які закрывае (абараняе?) іх з двух бакоў. Мы, звычайныя вернікі, носім маленькі шкаплерык – на матузку на шыі. А Гудагайскі касцёл, дзякуючы цудадзейнаму абразу, лічыцца санктуарыумам. Месцам асаблівай намоленасці. І найвышэйшай святасці. Быць санктуарыумам і пачэсна, і адказна. Ужо хоць бы таму, што ва ўсёй нашай краіне азначаных храмаў – толькі сем.
У санктуарыумах асаблівыя фэсты – доўжацца на працягу двух сутак. З паўночным шэсцем са свечкамі. З начным чуваннем ля цудадзейнага абраза. Са споведдзю пад зорным небам…
У Гудагайскіх шкаплерных фэстаў дзіўная энергетыка – сумесь высокай духоўнасці з амаль немагчымай утульнасцю. Прыязджаеш сюды – нібы вяртаешся на родны парог, дзе цябе прымуць з гатоўнасцю, дзе заўсёды зразумеюць, падтрымаюць, прабачаць…
І Калядная Пастэрка ў Гудагаі неверагодная: на заснежанай саломцы, пад вясёлае патрэскванне бярозавых дроўцаў, што палаюць навокал у шматлікіх вогнішчах.
І Тры Каралі “прыязджаюць” сюды на сваіх вярблюдах.
І рок-фестывалі праходзяць. Ну добра, праходзілі…
І рэгулярныя сходы моладзі, якую аб’ядноўвае вакол сябе жаночы кляштар кармелітанак.
І Крыжовая дарога з крыжамі на крутых узгорках.
І пілігрымкі…


Няпростыя дарогі існавання


За актыўную падтрымку паўстання Касцюшкі касцёл і кляштар пры ім у адпаведнасці з дэкрэтам цара Мікалая І былі зачынены. Цудадзейны абраз кармяліты перадалі ў Ашмянскі касцёл. Яго копія ўпрыгожвала галоўны алтар касцёла ў Слабодцы (сёння Іўеўскі раён).
Калі Гудагайскі касцёл дазволілі адчыніць (як філіял касцёла ў Солах), парафіянам спачатку аддалі толькі копію абраза. Арыгінал вярнуўся ў родныя сцены, у якіх ён адсутнічаў роўна 75 гадоў, толькі 2 жніўня 1907 года.
А яшчэ праз 30 гадоў папаўзлі чуткі пра блізкасць вайны. І тагачасны пробашч ксёндз Пётр Сенкевіч аб’явіў аб зборы нікелевых прадметаў. Парафія сабрала неабходную колькасць, прадметы расплавілі і зрабілі нікелевую скрынку. У яе паклалі абраз, і святар разам з некалькімі парафіянамі закапаў яе ў зямлю, папярэдзіўшы прысутных аб строгай сакрэтнасці…
У 1990 годзе ў Гудагай вярнуліся кармяліты. Касцёл хоць і не быў зачынены, але многія гады не меў уласнага пробашча, таму кармялітаў парафіяне віталі, лічы, як анёлаў.
Праз нейкі час да пробашча звярнуліся двое парафіян: “На галоўным алтары, – сказалі яны, – знаходзіцца не арыгінал абраза, а яго копія. Яе сапраўды выкапалі з зямлі, і яна сапраўды захоўвалася ў нікелевай скрыначцы, але гэта толькі копія. Пробашч баяўся крадзяжу і таму пайшоў на такі крок.” І расказалі, дзе захаваны арыгінал.
Арыгінал абраза быў схаваны паміж падвойнымі сценамі табернакулюма бочнага алтара. Айцы Бярнард Радзік і Браніслаў Тарка адарвалі дошкі… І знайшлі абраз! Маці Божая Гудагайская вярнулася на галоўны алтар. Каб яшчэ праз паўтара дзесяцігоддзя намаганнямі ўсё тых жа кармялітаў быць каранаванай Папскімі каронамі.


Чвэрць тысячагоддзя


Дата, канешне, салідная, і адзначыць яе трэба адпаведна. Парафіяне на чале з кармялітамі добра гэта разумеюць, таму падрыхтоўку распачалі яшчэ ў мінулым годзе – перапланіроўкай тэрыторыі заняліся з восені. Да фэсту будуць высаджаны сотні дрэў і кустарнікаў і тысячы кветак, рассада якіх ужо сёння займае некалькі пакояў мужчынскага кляштару. Але не ландшафтам адзіным…


– Галоўнае ў касцельным свяце – яго духоўнасць, – лічыць айцец Леанард Цеханоўскі. – Калі яго знешнія атрыбуты пераважаць унутраныя, свята стане звычайным відовішчам. Страціць свае глыбіню і сэнс. Мы робім усё ад нас залежнае, каб гэтага не адбылося.
– Кульмінацыяй святкавання “дня нараджэння” храма ста- не традыцыйны Шкаплерны фэст, – працягвае ён. – Але распачнецца свята нашмат раней і будзе доўжыцца на працягу дзевяці тыдняў. У гэтыя дні мы плануем правядзенне тэматычных семінараў для дзяцей і моладзі, дадатковыя набажэнствы, разважанні над Бібліяй і г.д. На нядзельную Літургію на працягу гэтых дзевяці тыдняў мы плануем запрашаць беларускіх біскупаў – спадзяёмся, што за гэты перыяд у нашым касцёле адправіць Святую Імшу кожны з біскупаў, працуючых у Беларусі.


Што тычыцца фэсту, то ён, як заўсёды, будзе праходзіць у нашай парафіі на працягу двух дзён. Абавязкова будзе Крыжовы шлях. Дарэчы, займаемся яго добраўпарадкаваннем, маем намер у бліжэйшы час замяніць крыжы стацый. Зноў жа, як заўсёды, чакаем пілігрымаў з розных куткоў нашай краіны і не толькі… Адным словам, клопатаў хапае, але гэта радасныя клопаты…


Ганна ЧАКУР.