С традициями и культурой Японии могут познакомиться островчане на выставке в районной библиотеке

08:00 / 30.03.2014
5
З 21 сакавіка па 25 красавіка ў чытальнай зале раённай бібліятэкі праходзіць выстава “Традыцыі і культура Японіі”.

Экспанаты, якія адлюстроўваюць асаблівасці жыцця Краіны ўзыходзячага сонца, “падарожнічаюць” па беларускіх гарадах, і, нарэшце, дасягнулі Астраўца. Цяпер напярэдадні 200-гадовага юбілею з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча бліжэй пазнаёміцца з японскай культурай могуць і астраўчане.
Пісьменнік Паола Каэльа, калі мне не здраджвае памяць, казаў, што пазнаваць краіну лепш не праз наведванне славутых мясцін або музеяў. Для гэтага трэба там пажыць або, калі ты абмежаваны ў часе, проста прайсціся па вуліцы – быць паглынутым людскім натоўпам… У гэтым накірунку, напэўна, некалі рухаўся і наш слынны зямляк.
Дакрануцца да Краіны ўзыходзячага сонца па-каэльяўску, напэўна, атрымаецца не ў многіх, а вось пачуць пра яе, а не даведацца з інтэрнэту, убачыць яе ў традыцыйных рэчах, а не з халодных фотаздымкаў, – можа кожны жадаючы Астравецкага раёна. Гэта зрабіла і я, далучыўшыся да групы дзетак са школьнага летніку.
Экскурсія пачалася! Макеты храмаў, ля якіх квітнее сакура, яскрава дэманструюць асаблівасці японскага стылю: яны “выбудоўваюцца” ў выглядзе іерогліфаў. Часцей за ўсё прэваліруе залацістая і чырвоная каляровыя гамы як у аздабленні збудаванняў, так і ў нацыянальным адзенні – кімано. А вось малюнак на кімано залежыць не толькі ад прызначэння адзення (святочнае або паўсядзённае), але яшчэ і ад пары года.
Японцы – сузіральнікі, а сузіранне заўсёды параджае ўважлівасць да дробязяў. Менавіта такімі, аздобленымі, са шматлікімі дэталямі і ўзорамі, прадстаюць японскія лялькі. Яны бываюць сакральнымі: калі жыхар гэтай краіны выпраўляўся ў далёкую дарогу, ён абавязкова браў з сабой такую ляльку. Яны часам нясуць у сабе развіваючы пасыл: лялькі-прафесіі, сярод якіх гандляр рыбай, суддзя сумо, памочніца жраца ў храме…
Немагчыма ўявіць японскі быт без традыцыйнай кухні: гэта і “сусі”, якія ў нас прыжыліся крыху з “пад’еўрапееным іменем” – сушы, гэта і лапша “саба”, і “сабойка” школьніка “бэнто”. І канешне ж, знакамітая чайная цырымонія!
Подых ветру можна “злавіць”, дакрануўшыся вачыма да паветранага змея. А даведацца пра тое, што сабой уяўляе “свята хлопчыка” можна, убачыўшы адпаведны макет.
Асабліва мяне ўразілі маскі, якія выкарыстоўваюцца ў традыцыйным японскім тэатры. У нас ігра акцёра канцэнтруецца на міміцы, а ў іх галоўную ролю выконваюць маскі, кожная з якіх мае сваё асаблівае і толькі адно значэнне: “такая прыгажуня!”, “непрыгожая жанчына”, “гандляр”, “мудрэц”… Здагадайцеся, што значыць “рагатая” маска? Не ведаеце? Тады падкажу: раўнівая жонка. Каментарыі, напэўна, не патрэбны.
Увогуле, лепш адзін раз убачыць і пачуць.
…Калі вы яшчэ не паспелі больш падрабязна даведацца пра другую радзіму Іосіфа Гашкевіча, зазірніце не ў інтэрнэт, а ў чытальную залу цэнтральнай бібліятэкі на выставу “Традыцыі і культура Японіі”. Не пашкадуеце!


---------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.