В репертуаре театрального коллектива "Сваяки" скоро появится постановка по пьесе Казимира Сваяка

13:00 / 25.02.2014
Як вядома, наш славуты зямляк Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк) працаваў у Камаях зусім непрацяглы час. Але гэта было яго першае месца працы пасля рукапалажэння. І пробашч Камайскага касцёла, і парафіяне, іх беларускасць, аказалі вельмі спрыяльны ўплыў на маладога вікарыя. Нездарма ён называў у сваім дзённіку гэтую парафію залатой. І па-сённяшні дзень памяць пра Сваяка жыве сярод нашчадкаў тых, каго ён называў “залатымі” і да каго прамаўляў Божае слова на беларускай мове. У касцёле штогадова праходзяць літаратурныя святы, прысвечаныя нашаму таленавітаму земляку, адбываюцца сустрэчы з родзічамі і людзьмі, чые лёсы цесна звязаны з яго імем, устаноўлена памятная дошка, а прыкасцёльная бібліятэка носіць імя Казіміра Сваяка. Нядаўна стала вядома, што пры Камайскім Доме культуры створаны тэатральны калектыў, які называецца “Сваякі”.

Дырэктар Дома культуры Галіна Уладзіміраўна Бразюль расказала гісторыю яго стварэння. Яшчэ ў 1995 годзе пры Камайскім ДК быў створаны драматычны гурток для дарослых. У 2009 годзе прыйшла працаваць Галіна Уладзіміраўна, якая і стала дырэктарам, ідэйным натхніцелем, кіраўніком і рэжысёрам тэатралізаванага калектыву. Новы кіраўнік удыхнуў новае жыццё ў работу былога гуртка, а калі паўстала пытанне аб назве, то доўга думаць не прыйшлося. Да гонару дырэктара ДК і ўдзельнікаў калектыву, яны добра ведалі Казіміра Сваяка не толькі як рэлігійнага дзеяча, паэта і публіцыста, але і драматурга. Ведалі і пра тое, што ён сам са сваімі сябрамі з “Хаўрусу сваякоў” ставіў п’есы.
Ёсць прымаўка: “Як назавеш – так і паедзеш”. Рацыянальнае зерне ў гэтай прымаўцы ёсць, ва ўсякім выпадку “Сваякі” адразу ж заявілі пра сябе гучна і смела. Поспех прыйшоў адразу. Калектыў “Сваякі” стаў нязменным удзельнікам абласных конкурсаў і мерапрыемстваў. Удзельнікі калектыву лічаць, што назва стала іх шчаслівым талісманам. (А можа, і сам Казімір Сваяк дапамагае таленавітым энтузіястам?..) Мінулай восенню напярэдадні Дня культработніка калектыву было прысвоена званне “Народны”.
Ні адно мерапрыемства Камайскага ДК не абходзіцца без удзельнікаў калектыву. Для абслугоўвання аддаленых населеных пунктаў і фермаў створаны мабільны тэатр песні “Вясковы экстрым”.
“Сваякі” стараюцца працягваць справу Казіміра Сваяка, прывіваць любоў да роднай мовы, гонар за сваю Радзіму, за таленавітых людзей, адданых сваёй Бацькаўшчыне. Усе спектаклі аматарскага тэатральнага калектыву “Сваякі” пастаўлены на беларускай мове.
У яго рэпертуары камедыя “Зязюлькі” (па матывах п’есы С. Бень); “Ну, мужыкі!” – камедыя па п’есе Г. Бразюль – пра каханне і пра сямейныя каштоўнасці (камічныя сітуацыі, у якія трапляюць героі, нагадваюць штодзённае жыццё); “Добра, што добра канчаецца” по матывах п'есы А. Макаёнка; “Баба чорта нават зморыць” – трагікамедыя па п’есе Т. Спаткай “ (заўважце, як назва перкалікаецца з байкай Сваяка “Бабе і чорт з дарогі ўступае”).
У рэпертуары калектыву да гэтай пары не было п’есы Казіміра Сваяка, яе пастаноўка з’яўлялася галоўнай мэтай кіраўніка калектыву. Зараз, маючы тэкст, а артысты актыўна возьмуцца з падрыхтоўку п’есы “Янка Канцавы” (“Праклённае зелле”), якая, мяркуецца, стане брэндам іх калектыву.
Удзельнікамі “Сваякоў” з’яўляюцца людзі розных узростаў і розных прафесій. Эма Паўлава – медсястра, Сяргей Мароз – будаўнік ОАО “КамайскіАгра”, Юрый Плюта – ідэолаг гэтай жа гаспадаркі. Ёсць у калектыве хатнія гаспадыні, навучэнцы і інш. Розныя пастаноўкі патрабуюць рознай колькасці людзей, але касцяк – дзесяць чалавек.
Што аб’ядноўвае людзей розных прафесій і розных узростаў? Канешне ж, любоў да сваёй Бацькаўшчыны, да мовы сваіх бацькоў і дзядоў, якую так любіў і нястомна прапагандаваў Казімір Сваяк.
Не магу не прысвяціць некалькі слоў дырэктару Камайскага ДК. Знаёмства і сустрэча з ёй мяне прыемна ўразілі. Адразу адчуваецца: Галіна Уладзіміраўна – прафесіянал высокага класа, бясспрэчны лідар, чалавек на сваім месцы. Па адукацыі яна – “рэжысёр сучаснага вольнага часу, абрадаў і святаў”. Яна сама напісала для свайго калектыва п’есу “Ну, мужыкі”, якая была надрукавана ў газеце “Культура”. Не раз у гэтай жа газеце друкаваліся і складзеныя ёю сцэнарыі розных мерапрыемстваў і святаў. Жанчына прыгожая, таленавітая, актыўная, па-жаночаму мудрая. Нарадзілася ў Расіі ў горадзе з прыгожай, рамантычнай назвай – Бярозка, у Беларусь прыехала пасля заканчэння школы, выйшла замуж і засталася тут назаўсёды. Мову беларускую ведае выдатна і адносіцца з вялікай павагай і цеплынёй як да мовы, так і да беларусаў, людзей, з якімі побач жыве і працуе.
Самадзейныя артысты выходзяць на сцэну, аддаючы людзям цяпло сваіх сэрцаў, радуюць гледачоў сваім талентам, дапамагаюць абстрагавацца ад будняў. Яны любяць і заўсёды чакаюць сваіх гледачоў.
Пажадаем жа гэтым таленавітым, нераўнадушным людзям з гарачымі сэрцамі ўдзячных гледачоў, поспехаў і пакарэння новых вяршынь. Будзем спадзявацца, што ўбачым “Сваякоў” і на Астравеччыне.


----------------------------
Іаланта ВАЛУЕВІЧ
.