Группа "Ave" Гродненской духовной семинарии выступила на сцене киноконцертного зала "Островец"

18:00 / 10.12.2013
У кінаканцэртнай зале «Астравец» у гонар свята Хрыста – Валадара Сусвету адбыўся канцэрт гурта "Ave" Гродзенскай духоўнай семінарыі. Гэтая падзея стала магчымай дзякуючы запрашэнню пробашча Астравецкага касцёла ксяндза Юзафа Багдзевіча і падтрымцы аддзела культуры і ідэалогіі Астравецкага райвыканкама.

Паміж жаданнем застацца з кніжкай на канапе і такім чынам давесці шэры восеньскі выхадны дзень да лагічнага завяршэння і цікавасцю да “року ў сутанах” перамагло апошняе. Захопленыя водгукі пра выступленні рок-гурта “Ave”, у склад якога ўваходзяць клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі з Гродна, даводзілася чуць неаднойчы, а вось пачуць іх на свае вушы не выпадала. Дык як жа не скарыстацца такой магчымасцю?
Зала астравецкага кінатэатра была паўнюткая. Тым, хто спазніўся, цяжкавата было з пошукам месцаў, хаця ў іх была добрая альтэрнатыва – застацца на прыступках і гадзіну паспяваць і патаньчыць ад душы. Моладзь менавіта так і зрабіла.


Семінарыйны музычны гурт “Ave” ўтварыўся ў 1993 годдзе, праз тры гады пасля таго, як была заснавана семінарыя ў Гродне. Натуральна, што за гэты час склад удзельнікаў неаднаразова мяняўся, але гурт заставаўся і развіваўся. Сведчанне таму, напрыклад, шэсць студыйных альбомаў калектыву. “Ave” добра ведаюць не толькі ў Беларусі. Асвойвае гурт і заходні напрамак: клерыкаў-музыкантаў добра прымаюць у Польшчы і Літве. Не так даўно іх канцэрты адбыліся ў нямецкім Кёльне, а хутка гродзенскіх семінарыстаў чакаюць у аўстрыйскім Інсбруку.


А пакуль клерыкі дзяліся сваёй верай і радасцю, запальвалі любоў у сэрцах і натхнялі астраўчан. Моладзь, асабліва дзяўчаты, якія маюць вопыт удзелу ў пілігрымках і рэлігійных сустрэчах, не хавалі сваіх эмоцый, не саромелася, а спявалі разам з музыкамі і танцавалі. Са старэйшым жа пакаленнем усё складаней: вельмі строгія ў нас уяўленні аб тым, як павінен сябе паводзіць прыстойны чалавек. Публічныя танцы і спевы на канцэртах рэлігійнай (!) музыкі ў схему паводзін дарослага і саліднага чалавека не ўпісваюцца. Але музыкі “Ave” адшукалі падыход да ўсіх. І не спатрэбілася тут нікога доўга ўгаворваць: аказваецца каб адкрыцца і паверыць у сябе, дастаткова аднаго штуршка – і вось ужо песню “Весяліся і пляскай у далоні” падхоплівае ўся зала.
Для самых маленькіх клерыкі таксама падрыхтавалі сюрпрыз. Дзетак запрасілі на сцэну. Першымі падаліся самыя смелыя, потым былі тыя, каго бацькі за ручку падвялі, а астатнія самі пацягнулія пасля таго, як убачылі, што робіцца на падмостках. Ну каму не хочацца прымерыца да сапраўднай бас-гітары, барабана, клавішных ці стаць салістам рок-групы? На вачах у гледачоў утварыўся новы гурт, які выканаў песню “Да неба” і па праву заслужыў сваё першае “брава”.


– Мы часта забываемся, што вера – гэта радасць, і вельмі ўсцешна, што клерыкі сёння напоўнілі нашыя сэрцы гэтым пачуццём, – сказаў у развітальным слове рэктар Гродзенскай семінарыі ксёндз Юзаф Станеўскі.


“Той, хто спявае, – два разы моліцца”, – гэтыя словы Святога Аўгустына сталі вызначальнымі ў творчасці гурта “Ave”, галоўная мэта існавання якога, як прызнаюцца музыкі, – праслаўленне Бога. А “Бог – ёсць любоў”, як спяваюць артысты ў адной са сваіх песень. І астраўчанам была дадзена магчымасць яшчэ раз яе адчуць, каб яшчэ раз паверыць.


-----------------------
Наталля ЯНОВІЧ.