В Островецком костёле святых Космы и Дамиана прошли Миссии

18:00 / 04.11.2013
Апошні раз Місіі адбываліся ў Астравецкай парафіі святых Космы і Даміяна дваццаць гадоў таму. Навокал – у Дайлідках, Міхалішках, Гудагаі – былі, а нас абміналі. Каб нарэшце ўсё ж такі завітаць. І стаць для парафіі вельмі значнай і важнай падзеяй.

Што ж такое Місіі? Гэта духоўныя практыкаванні кшталту рэкалекцый, якія мы звычайна перажываем напярэдадні Ражаства або Пасхі, толькі больш працяглыя – доўжацца восем дзён. Іх галоўная мэта – узмацніць веру Божым словам, разважаннямі, споведдзю. Малітвай паліць, калі можна так сказаць, прысохлыя карані, каб крона зацвіла з новай сілай.


Кожны дзень Місій розны – мае сваю тэму, якой прасякнуты разважанні святароў, іх Літургічныя казанні і спецыяльныя набажэнствы. “Бог ёсць любоў” – такой стала тэма першага дня.


Назаўтра разважалі пра грэх: пра дарогі, па якіх чалавек прыходзіць да яго і па якіх вяртаецца да духоўнай чысціні – вядома, калі яму ўдаецца намацаць гэтую дарогу. Чамусьці жыццё так устроена, што шлях да граху – шырокі і прамы, ён перад табой заўсёды, а вось да вызвалення з яго путаў – толькі сцяжынка, вузкая і звілістая, уся ў ямінах і вострых камянях…


Найбольш драматычным, напэўна, стаў трэці дзень Місій – дзень даравання. Гэта калі вернікі просяць прабачэння. Найперш у Бога, а потым – у кожнага з Яго стварэнняў. І самі даруюць – родным, суседзям, калегам па працы, выпадковым стрэчным… Сам сабе нарэшце…
У пробашча касцёла ксяндза Юзафа Багдзевіча ў гэты дзень была свая місія – папрасіць прабачэння ў кожнага з вернікаў. За тое, што ён не змог: кагосьці не даслухаў, штосьці не дарабіў, не дапамог, не ўвайшоў у сітуацыю… Святар ішоў па касцёле, паціскаючы сотні рук і просячы прабачэння ў соцень прысутных. Канешне, яму прабачалі, і, прабачаючы (вось парадокс!), пазбаўляліся ўласных грахоў – нібы аддавалі іх пробашчу. А калі сіл несці на сабе грахі парафіі не стала, ксёндз крыжам упаў перад алтаром. І так у цішыні маліўся…


Наступны дзень прысвячаўся споведзі, для якой парафіяне разам з місіянерамі, па сутнасці, рыхтаваліся на працягу папярэдніх трох дзён: спасцігалі складаную навуку ўсведамлення ўласнага граху. Не самаапраўданне, не прывычнае ўзвальванне адказнасці за здзейсненае намі на іншага чалавека або абставіны, а поўнае асэнсаванне свайго ўчынку, слова ці звычайнай абыякавасці і шчырае раскаянне.
Апафеозам чацвёртага дня стала працэсія па цёмных вуліцах вячэрняга гарадка. Наперадзе, абапіраючыся на дзясяткі рук, плыў у паветры вялізны Місійны крыж. За ім са свечкамі ў руках ішлі вернікі, час ад часу спыняючыся ля вулічных ліхтароў, каб памаліцца. Як ля стацый.


У пяты дзень місіі з тэмай “Ісус – мой Госпад” адбылася ўрачыстасць, прысвечаная свядомаму абранню Езуса Хрыстуса як Месіі і Збавіцеля. Кожны вернік падыходзіў да крыжа і праз малітву запрашаў Божага Сына ў сваё жыццё, у сваё сэрца, каб жыць далей з Богам – дзеля і для Бога.


Пятніца была прысвечана ўшанаванню Эўхарыстыі. А яшчэ сямейныя пары ў гэты дзень аднаўлялі абяцанні, дадзеныя імі пры ўступленні ў шлюб, а заадно – і пачуцці, якія некалі іх аб’ядналі. Місіянеры ў гэты дзень свае разважанні прысвяцілі любові. У першую чаргу – любові Езуса, Які аддаў і кожную хвіліну працягвае аддаваць за нас Сваё бясцэннае жыццё.


Суботу прысвяцілі малітве да Маці Божай. Яе, нашу Заступніцу, прасілі ўзяць пад сваю Матчыну апеку і Касцёл, і парафію, і кожнага чалавека.


Нядзеля стала ўрачыстым заканчэннем Місій. Тэма гэтага дня: “Мы – соль зямлі, мы – святло свету”. Усведамленне гэтай мегазначнасці чалавека ў агульным існаванні для нас не толькі радасць – аддзячваць за давер і любоў Усявышняга мы павінны ўласным жыццём, змарнаваць якое проста не маем права. Па праву нараджэння ў Хрысце…
А яшчэ ў нядзелю быў устаноўлены місійны крыж. Той самы, за якім ішла працэсія. Як напамін вернікам аб іх удзеле ў Місіях, аб засвоеных за гэтыя дні ісцінах, аб веры, якая ўзмацнілася і вырасла.
Завяршылася Місія ўрачыстым блаславеннем усіх прысутных.
Застаецца дадаць, што ўсе гэтыя восем Місійных дзён у нашай парафіі на душпастарскай ніве плённа працавалі місіянеры – айцец Андрэй з Вялікай Бераставіцы і айцец Андрэй з Гродна – манахі ордэна
рэдэмптарыстаў.


-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.