Здольнасць чуць
Не думаў-не гадаў, што мае дарожныя нататкі аб паездцы на Балакоўскую АЭС выклічуць такое бурнае абмеркаванне на сайце “Астравецкай праўды”. Зрэшты, “бурнае абмеркаванне” – не зусім дакладны выраз. Паколькі аб самім артыкуле, дакладней, аб яго змесце, у каментарыях ні слова. Напэўна з-за таго, што аўтары каментарыяў яго якраз і не чыталі. Аб гэтым можна меркаваць хаця б па тым, што ўсе гнеўныя стрэлы выпушчаны ў фотаздымак з кароўкамі, якія пасвяцца ля самай станцыі. Маўляў, навошта было ехаць за тысячы кіламетраў, каб жывёлу фатаграфаваць? Усё ж астатняе – высновы аб нібыта рэкламным характары гэтага артыкула, прыпісаныя аўтару расповеды аб “цуда-горадзе”, у якім так “цудоўна жыць” – нічога агульнага са зместам не маюць. Такім чынам, для працягу размовы як бы і падставы няма? Зайшлі людзі на сайт, выплюхнулі свае эмоцыі ў каментарыях пад артыкулам – ну і дзякуй Богу! Можна ставіць кропку. Аднак штосьці ў гэтых каментарыях закранула, што называецца, узяло за жывое і прымусіла зноў вярнуцца да тэмы… Не буду зараз перадаваць змест саміх каментарыяў, а дакладней, думак-разважанняў чытачоў. Па-першае, таму што гэта заняло б вельмі шмат месца, па-другое, з імі можна пазнаёміцца і на сайце – і пры жаданні пакінуць там і сваё меркаванне. А па-трэцяе – некаторыя выказванні не асмелюся паўтарыць нават у пераказе. У той частцы, дзе нашы чытачы бяруць на сябе смеласць даваць ацэнку цэламу народу. Не цярплю падобнага катэгарычна! Незалежна ад таго, аб кім ідзе гаворка: аб беларусах, рускіх, паляках ці яўрэях. Таму што памятаю, як гэта было і чым закончылася. Дзіўна толькі чуць падобнае ад беларусаў! Ад тых, хто лічыць сябе нашчадкамі ліцвінаў. Тых самых ліцвінаў, пра краіну якіх замежныя госці гаварылі: “Тут Бог жыве!”. А ўсё таму, што бачылі ў гэтай краіне мір, згоду, цярпімасць, павагу да другой культуры, рэлігіі, традыцыі… Як сталася, што ўсяго праз некалькі стагоддзяў – імгненні ў гісторыі –так бессаромна забыты важнейшыя духоўныя каштоўнасці нашых продкаў?! І гэта пры тым, што мы, беларусы, ледзь не пышымся ад нібыта ўласцівай толькі нам талерантнасці!
Так, у той жа Расіі я бачыў многае – і прыгожае, і непрывабнае. Аб чым, дарэчы, і напісаў. А ў нас што – выключна паўсюдны ўзор для пераймання? П’янства, гультайства, зладзейства, крывадушнасць мы знішчылі ў корані і цяпер на іншых маем права пыхліва пазіраць зверху? Перш чым судзіць іншых, трэба спачатку справядліва і непрадузята паглядзець на сябе. Можа, пасля гэтага і не будзе такіх катэгарычных высноў?
А каб зразумець сутнасць рэчы, атрымаць аб ёй аб’ектыўныя веды, хаця б пра тую ж атамную энергетыку, аб якой спакваля, паміж разважанняў аб нацыянальных асаблівасцях розных народаў, таксама ідзе гаворка ў каментарыях, трэба бачыць яе з розных бакоў, а не толькі з таго, які здаецца больш зручным і зразумелым. Калі, падобна глушцу, чуеш толькі сваю “песню”, дабіцца гэтага немагчыма.
Вы ж, мае шаноўныя апаненты, заклікаеце чытаць нейкія “правільныя” кнігі. А “няправільныя” што – спальваць у вогнішчы? І хто вызначыць, якія кнігі “правільныя”, а якія – не? Ды ўсе кнігі трэба чытаць! Тады і шлях да ісціны, хоць яна і недасягальная, будзе хоць крыху карацейшым.
Мажліва, і Крысціна Станкевіч менш сумнявалася б у кваліфікацыі тых, хто будуе АЭС, калі б прачытала хаця б адну кнігу Міхаіла Жука, аднаго з такіх будаўнікоў, ураджэнца Слонімшчыны, высокакваліфікаванага спецыяліста, які больш за трыццаць гадоў адпрацаваў на атамных электрычных станцыях.
Альбо асабіста пазнаёмілася з галоўным інжынерам дырэкцыі будаўніцтва АЭС Анатолем Бондарам, таксама беларусам, інтэлігентнейшым, высокаэрудыраваным чалавекам, якога Прэзідэнт Расіі за шматгадовую плённую працу на аб’ектах атамнай энергетыкі ўзнагародзіў медалём ордэна “За заслугі перад Айчынай”.
Альбо пагутарыла з вядучым інжынерам па кіраванню рэактарам Сяргеем Горыным. Ен бы расказаў, якіх намаганняў, гадоў вучобы, выпрабаванняў на экзаменах каштавала яму працоўнае месца.
Гэты пералік можна было б прадоўжыць – і ў біяграфіі кожнага, хто сёння працуе над рэалізацыяй праекта пад назвай “Беларуская АЭС”, знайсці дастойныя радкі, дзякуючы якім ён і атрымаў тут працу.
Вы ж, Крысціна, не ведаючы асабіста нікога, прычэсваеце ўсіх агульным грабянцом і робіце вывад аб іх непрафесіяналізме! Ну і, адпаведна, малюеце ўсім нам чарнобыльскія перспектывы ў будучым.
Напалохаць людзей – на тое шмат намаганняў не трэба. З экранаў тэлевізараў нас штодзень чымсьці палохаюць. Вось і на мінулым тыдні, ледзь не захлёбваючыся ад шчасця, брытанскія навукоўцы паведамілі аб з’яўленні новага і, вядома ж, вельмі небяспечнага мікроба. А потым фармацэўтычныя гіганты прададуць нам утрая даражэй капеечныя лекі ці марлевыя павязкі, якімі мы ўжо не раз ратаваліся ад чарговага “смяротнага” вірусу.
Таму, шаноўны Алесь, адказваючы на ваша пытанне, аб тым, што трэба — каб народ толькі паверыў у бяспеку АЭС ці сапраўды пабудаваць яе бяспечнай, я адкажу: і тое, і другое. А на сённяшні дзень, мажліва, важней першае – каб спакойна можна было рабіць другое. Гадоў праз 20 ні ваша слова “супраць” АЭС, ні маё “за” — нікому не будуць патрэбны. Жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах. Так, як гэта адбылося, да прыкладу, у Балакове. З гэтай мэтай я і ездзіў туды, за тысячы кіламетраў. Для таго, каб “зазірнуць” у нашу будучыню, а не “кароў фатаграфаваць”.
Што ж тычыцца бяспекі АЭС, то няма больш зацікаўленых у тым людзей, чым яе работнікі. Здаецца, гэта ясна і зразумела, як белы дзень. Як і тое, што будзе гэта АЭС беларускай, а не расійскай, кітайскай ці французскай, шаноўная Крысціна. Няма ў тым ніякага сакрэту і пазіцыя нашай дзяржавы ў гэтым пытанні прынцыповая і катэгарычная.
А вечна жыць, ківаючы на Чарнобыль, – немагчыма. Памятаць яго ўрокі – вось што патрэбна. Урэшце, сумная статыстыка трагедый на дарозе не прымушае нас хадзіць пешшу. І будавацца ў “самым сейсмічнанебяспечным месцы”, як сцвярджае спадар Алесь, – ужо незлічоную колькасць разоў даказвалася, што Астравеччына такім не з’яўляецца – мы таксама не адмаўляемся. Хоць, пры такіх высновах, моцна рызыкуем у любы момант апынуцца пад руінамі ўласнага дома.
Не адмовімся мы і ад электрычнай энергіі. Не вернемся да лучыны, у сярэднія вякі.
Не знаходзіце, што некалькі дзіўная сітуацыя атрымліваецца: ад выгод цывілізацыі адмаўляцца не збіраемся – але жыць жадаем ў экалагічным аазісе, без прыкмет індустрыалізацыі! Прабачце, але гэта немагчыма! Калі вы не манах-пустэльнік — выбару ў вас практычна няма. Нават нашы самыя галоўныя “зялёныя” лічаць за лепшае жыць на галоўным праспекце сталіцы, а не ў вёсцы на Спондаўшчыне. Дык для чаго тады дарэмна скаланаць паветра пустымі спрэчкамі? Можа, замест гэтага лепш паехаць на Вілію ці Альхоўскае вадасховішча ды прыбраць смецце за гора-турыстамі, пра адпачынак якіх – паедуць яны да нас, калі пабудуюць АЭС ці не? – мы так перажываем.
Ну і апошняе. Паважаючы сваё права на асабістае меркаванне, пакіньце яго і тым, хто з вамі не згодзен.
Партнер публикации: поиск по гостю, белорусский поисковик по ресурсам, доступным бесплатно для пользователей byfly
Эдуард Свірыд.