Островчане стали победителями соревнований охотников по стрельбе

17:00 / 11.09.2013
На палігоне вучэбнага пагранічнага цэнтра “Дзевятні” прайшлі міжраённыя спаборніцтвы паляўнічых па стральбе, у якіх прынялі ўдзел каманды паляўнічых са Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага аддзяленняў рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.
Астравеччыну на турніры прадстаўляла каманда Гервяцкай паляўнічай дачы ў складзе Віталія Сцефановіча, Ігната Бараноўскага і Віктара Алёхны.

Як расказаў егер Гервяцкай паляўнічай дачы Станіслаў Вяржынскі, які ўзначальваў каманду, спаборніцтва складалася з двух відаў стральбы – па бягучым кабане і па бягучай казулі.
Багіня палявання Артэміда ў гэты дзень праявіла відавочную (і заслужаную!) прыхільнасць да астравецкіх стралкоў: агульнымі намаганнямі яны выбілі 86 ачкоў са ста магчымых і сталі пераможцамі. Арганізатары турніру ўручылі нашай камандзе Кубак і Ганаровую грамату, а ашмянцам і смаргонцам падзякавалі за ўдзел у спаборніцтвах.


-------------------
Ганна ЧАКУР.


Фота з сайта comgun.ru.