Вада збірае ахвяры
Шэсць чалавек у нашым раёне сталі ахвярамі вады толькі ў адным месяцы – ліпені.
Незвычайна гарачае лета прымушае людзей шукаць паратунку ад нясцерпнай гарачыні ля рэчак і азёр. Як паказвае практыка, не заўсёды прахалода вады становіцца выратавальнай, часам наадварот – смяротна небяспечнай.
Толькі ў ліпені – самым гарачым месяцы гэтага лета — шэсць чалавек у нашым раёне патанулі ў вадаёмах. Шэсць маладых людзей – старэйшаму з іх, жыхару Вільнюса, было 43 гады, ва ўсіх астатніх узрост – 29 гадоў, 26, 23, 17 (двое). Якім, як у той песні, жыць бы ды любіць… Розныя вадаёмы, дзе маладыя людзі знайшлі смерць, розныя абставіны гібелі. Аднолькава адно: трагедыя, невыноснае гора для родных.
А бяды можна было б пазбегнуць. Таму ў чарговы раз хочацца нагадаць: вада – гэта не толькі жаданая прахалода, але і вельмі моцная, каварная, непрадказальная стыхія, з якой трэба быць вельмі асцярожным: якімі б дужымі і спрытнымі мы сябе ні лічылі, яна заўсёды мацнейшая і час ад часу паказвае свой круты нораў.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.