Акуляры з астравецкай прапіскай

13:21 / 10.08.2010
11

Добрая навіна: нарэшце ў Астраўцы з’явіўся магазін “Оптыка”, і цяпер па акуляры і кантактныя лінзы, фізраствор для іх і іншыя неабходныя тавары няма патрэбы ехаць у суседнія Ашмяны, Смаргонь ці яшчэ далей.



Новы магазін адкрыўся ў будынку цэнтральнай раённай бальніцы на першым паверсе, побач з рэгістратурай. Праўда, як расказала яго гаспадыня Ганна Віктараўна Кузьмітовіч — дарэчы, па адукацыі тэхнік-оптык, якая больш за 17 гадоў чакала, калі ў Астраўцы спатрэбіцца яе спецыяльнасць — падабраць акуляры, як гэта робяць у буйных цэнтрах у сталіцы, вам не змогуць – гэта павінен зрабіць урач. Не займаюцца тут і вырабам акуляраў – памяшканне не прыстасавана. А вось прадаць акуляры ў адпаведнасці з рэцэптам урача – могуць. А таксама – шэраг іншых неабходных медыцынскіх прыбораў: танометры розных відаў, нават галасавыя – спецыяльна для людзей з дрэнным зрокам, тэрмометры, мыліцы, кавенькі і шматлікія іншыя неабходныя тавары. Пасля таго, як астравецкая “Оптыка” атрымае ліцэнзію на рэалізацыю спажывецкіх тавараў, асартымент санітана-гігіенічных рэчаў у продажы стане яшчэ большым.