Будоўля стагоддзя
Гэта быў самы звычайны дзень. Адзін з многіх працоўных дзён на будаўніцтве першай беларускай АЭС. Ну, можа не самы звычайны. Таму што прыпаў якраз на пярэдадзень прафесійнага свята будаўнікоў. Зрэшты, ніхто, з кім давялося сустрэцца і пагутарыць, аб гэтым нават не ўспомніў. І толькі пры маім напамінанні людзі стомлена ўсміхаліся – не да свята, працы шмат.
Мазгавы цэнтр
8.00. Кожны дзень дырэкцыі будаўніцтва АЭС – ДБАЭ – пачынаецца з аператыўнай нарады. Звычайнай “планёркі”, уласцівай кожнаму прадпрыемству, з характэрным для яе колам пытанняў: што выканана, што не і чаму? З адным толькі адрозненнем – маштабам выконваемых работ і выцякаючым з гэтай акалічнасці аб’ёмам сродкаў. Дзяржаўных грошай. Забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне – галоўная задача ДБАЭ. На гэтым пастаянна акцэнтуе увагу сваіх падначаленых дырэктар установы М. В. Філімонаў.
Задача, трэба прызнаць, вельмі няпростая. Нягледзячы на тое, што сама дырэкцыя непасрэднага будаўніцтва не ажыццяўляе – Указам Прэзідэнта краіны на яе ўскладзены функцыі заказчыка – сюды сцякаецца ўся інфармацыя аб работах, выкананых будаўнічымі падраднымі арганізацыямі. Усё неабходна праверыць, не дапусціць парушэння будаўнічых нормаў, перавышэння кошту выкананых работ. Нават сёння, калі асноўныя работы па будаўніцтву АЭС яшчэ і не пачыналіся, – гэта тысячы тамоў лічбаў, разлікаў, чарцяжоў, схем… Проста перагарнуць кожную старонку патрабуе немалых намаганняў і часу. А патрабуецца не проста перагарнуць, а вывучыць і ўласнаручным подпісам даць дазвол на выкананне работы альбо аплату ўжо зробленай. Ці трэба казаць, што за дапушчаныя памылкі прыйдзецца адказваць зусім не школьнымі “двойкамі”? Адсюль і пэўны градус, блізкі да кропкі кіпення, у рабоце. Той, хто прыходзіць ў дырэкцыю “за доўгім рублем” і спакойнай працай, вельмі хутка разумее, што “ціхая гавань” знаходзіцца недзе ў іншым месцы.
…Тым часам на пляцоўцы
Пакуль у офісе дырэкцыі будаўніцтва АЭС ідзе вытворчая нарада, непасрэдна на пляцоўцы, дзе мяркуецца размясціць станцыю, ужо больш як гадзіну працуюць людзі – спецыялісты упраўлення механізацыі “Белэнергабуда” – вадзіцелі 20-тонных МАЗаў, бульдазерысты, экскаватаршчыкі, грэйдэрысты… Ранні пачатак работы абумоўлены ўсталяваўшайся гарачынёй. 

Да вызначанага часу рабочых дастаўляюць на будаўнічую пляцоўку службовым аўтобусам з Астраўца. Такім чынам, “туляцца” яны зусім не ў вагончыках у чыстым полі, як паспяшалася заявіць адно “незалежнае” і таму, вядома, самае “сумленнае і праўдзівае” выданне, а жывуць у вельмі прыстойных умовах – у добраўпарадкаваных кватэрах. Па два чалавекі ў пакоі. Кіраўніцтва паклапацілася аб мэблі. У кожнай кватэры – тэлевізар і халадзільнік. Гарачая вада. Што яшчэ трэба для нармальнага адпачынку перад працай? Што ж да “вагончыкаў”, то як ужо паведамляла “Астравецкая праўда”, з часам ў іх размесціцца адміністрацыя ўпраўлення. Не для жыцця, канешне – для працы.
Знайшлося ў гэтым “міні-горадзе” месца і для сталовай, добраўпарадкаванага медыцынскага пункта, дванаццаці душавых кабінак, бытовак для будаўнікоў, з асобнымі шафамі, у якіх можна пакінуць спецадзенне. Калі ж трапілі пад дождж, можна скарыстацца сушылкамі і да наступнага дня высушыць адзенне. Не забылі тут і аб такой “дробязі”, як дзесятак біятуалетаў – яны і аддалена не нагадваюць добрапамятныя дашчатыя “шпакоўні” тыпу “сарцір”.
Нават прадстаўнікі вышэйшых кантралюючых устаноў зазначылі, што падобнага падыходу да арганізацыі быту рабочых да гэтага не бачылі ні на адной будаўнічай пляцоўцы.
Так і павінна быць — не адрыну будаваць збіраемся.
Клопаты намесніка
Пасля “планёркі” намеснік дырэктара па капітальнаму будаўніцтву А.В. Баркун вырашае наведаць будаўнічыя аб’екты, каб на месцы пазнаёміцца з ходам работ. З яго дазволу заскокваю ў службовы УАЗ і я.
Неаднойчы даводзілася чуць меркванне аб тым, што вось, маўляў, аб АЭС пакуль толькі гавораць, а насамрэч ніякае будаўніцтва не вядзецца. Між тым аб’ехаць усе “кропкі” будоўлі да абеду намеснік дырэктара не паспявае. Таму, прыхапіўшы парачку мальскіх беляшоў, падмацоўваемся ў дарозе.
Будуемы водаправод да жылога мікрараёна №1 па дарозе на Бялькішкі і ўласна сам мікрараён, на якім вядзецца будаўніцтва размеркавальных сетак – першыя пункты нашага прыпынку. Гэта тое, з чаго пачынаецца будучы горад энергетыкаў. Андрэй Васільевіч не засяроджваецца на дробязях – адразу накіроўваецца туды, дзе “тонка”. Па ўсім відаць, што пляцоўкі яму вядомы не горш, чым уласныя далоні.
Ад мікрараёна па новай дарозе, якая яшчэ не здадзена ў эксплуатацыю, накіроўваемся на пляцоўку АЭС. Праўда, да канчатковага прыпынку па ёй так і не даязджаем. Невялікі участак, каля паўтара кіламетра, на якім яшчэ вядзецца будаўніцтва, прымушае звярнуць на прасёлак. Зрабіўшы невялікі крук, урэшце трапляем на пляцоўку.
“Свае” і “чужыя”
12 гадзін. Поўдзень. У ценю – плюс 34. А на пляцоўцы, пад пякучым сонцам, яшчэ больш. МАЗы, якія тут працуюць, хоць і новыя, але кандыцыянерамі не абсталяваны. Экскаватыршчыкі, бульдазерысты працуюць у тых жа ўмовах. Але ніхто не скардзіцца. Яно і зразумела – гарачыня неўзабаве скончыцца, а выкананая работа і зарплата – застанецца.
На пляцоўцы працягваецца вертыкальная планіроўка. У клубах пылу сноўдаюць МАЗы, сотнямі кубоў вымаюць глебу экскаватары. Кожны рэйс грузавіка – лішні рубель у кашальку вадзіцеля. Таму пагутарыць з кімсьці даволі няпроста.
Першым, з кім удаецца паразмаўляць, аказваецца вадзіцель з Жодзіна Аляксандр Забаўскі. Да гэтага працаваў механікам у адной даволі вялікай фірме, якая займалася міжнароднымі грузаперавозкамі, бо грузоперевозки зараз вельмі актуальны. Калі даведаўся аб пачатку будаўнічых работ на пляцоўцы, вырашыў сам сесці за “баранку”. Ніколькі аб тым не шкадуе. Нават сына прывёз сюды, узяў напарнікам. Мясцовыя людзі, Астравеччына ўвогуле, падабаюцца абодвум. Праўда, бацька з часам усё ж вернецца на радзіму, а вось сын са сваім лёсам пакуль не вызначыўся.
Ну, а што ж местачкоўцы, жыхары Астравеччыны, ім на пляцоўцы работа ці знайшлася? А як жа! Разам з вадзіцелем Аляксандрам Гульбіцкім і экскаватаршчыкам Станіславам Мілашам пачынаем загінаць пальцы, успамінаючы “сваіх” на пляцоўцы АЭС. Пальцаў рук двум мужчынам якраз хапае, каб успомніць усіх. Калі ўлічыць, што ў адной вахце працуе каля 45 чалавек, атрымліваецца не так і мала.
Прыкладна такі ж працэнтны расклад на “сваіх” і “чужых” і ў дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Прычым колькасць астраўчан тут павялічваецца з кожным месяцам. Іншая справа, што з вопытам работы на АЭС спецыялістаў у Астраўцы, мякка кажучы, бракуе. Але гэта справа нажыўная. Гадоў праз 20 яна зменіцца да лепшага. А пакуль прадстаўнікі гадарскога пасёлка і раёна адказваюць хоць і не за “атамныя” але, тым не менш, вельмі адказныя участкі. Напрыклад, бухгалтэрыя ДБАЭ на чале з І.С. Отчык цалкам укамплектавана мясцовымі жыхарамі.
Са сваімі абавязкамі фінансісты спраўляюцца паспяхова. Хоць падчас і прыходзіцца затрымлівацца на працы да позняга вечара.
“Халасцяцкая” вячэра
Бліжэй да васьмі гадзін вечара работы на пляцоўцы завершацца. Да гэта ж часу патухнуць апошнія маніторы ў офісах дырэкцыі. Праца яе супрацоўнікаў, мажліва, не такая прыкметная, як вадзіцеля МАЗа ці машыніста экскаватара, але не менш неабходная і адказная.
Адзінае, што засмучае рабочых на пляцоўцы, дык гэта адсутнасць жонак і выцякаючая з гэтага неабходнасць уласнаручнага прыгатавання вячэры. Гэтая праблема што для мужчын “Белэнергабуда”, што для амаль ўсёй мужчынскай паловы ДБАЭ агульная. Але, на шчасце, папраўная. Усё толькі пачынаецца — прыедуць да мужыкоў і жонкі!
Эдуард Свірыд.