Астравец – будучы горад энергетыкаў

16:51 / 07.03.2010
2
Якім ён будзе? Да нядаўняга часу адказ на гэтае пытанне мы ведалі досыць прыблізна. Разумелі, канешне, што наш гарадскі пасёлак значна вырасце, набудзе, нарэшце, статус горада. Спадзяваліся на новыя рабочыя месцы, развітую сацыяльную інфраструктуру, увогуле – на новае жыццё. Праўда, нават заявы высокіх адказных асоб гучалі неяк расплывіста і агульна. Што, безумоўна, насцярожвала. Тым часам “прафесійныя барацьбіты за народнае шчасце”, тыя, што заўсёды супраць, не шкадавалі змрочных фарбаў, каб пераканаць нас у тым, што перспектывы Астраўца не больш чым “бабуліны байкі”, а на самой справе мы атрымаем небяспечны аб’ект “пад плотам” і вялікую звалку побач з ім. Маглі засумнявацца нават самыя заўзятыя аптымісты.
Не так даўно на суд грамадскасці нарэшце быў вынесены генеральны план будучага горада энергетыкаў, які канчаткова расставіў усе кропкі над “і”. Спадзяёмся, зрабіць віртуальнае падарожжа па Астраўцы ХХІ стагоддзя будзе цікава і чытачам “Астравецкай праўды”.
Над праектам генеральнага плана горада энергетыкаў беларускай АЭС працавала вялікая група спецыялістаў навукова-праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелНІІП горадабудаўніцтва» -- галоўнай арганізацыі краіны па распрацоўцы горадабудаўнічай дакументацыі. Астравец далёка не першы горад, над абліччам якога працавалі работнікі інстытута. На рахунку ўстановы – дзесяткі рэалізаваных праектаў, як новых гарадоў, так і ўжо існуючых. Сярод іх Наваполацк, Светлагорск, першы горад-спадарожнік беларускай сталіцы Смалявічы, Мар’іна Горка, Жлобін, Баранавічы. Цяпер у гэтым шэрагу з’явіцца і наш раённы цэнтр.

Ідэя
Праектуючы горад энергетыкаў першай беларускай АЭС, архітэктары зыходзілі з ідэі стварэння сучаснага, утульнага, зручнага, прывабнага як знешне, так і ў дзелавым, інвестыцыйным плане горада, які б увасабляў сучасныя тэндэнцыі горадабудаўніцтва. Гэта азначае, што пры забудове перавага будзе аддадзена мала- і сярэднепавярховым будынкам, з асобнымі 5-9-16-ці павярховымі канструкцыямі, якія павінны будуць стварыць прывабнае, арыгінальнае, запамінальнае аблічча выразнага контуру і цэнтру горада. Узвядзенне будзе ажыццяўляцца на базе сучасных тэхналогій будаўніцтва, інжынернага абуладкавання і транспартнага абслугоўвання.
У якасці асновы для прасторава-арганізацыйнай арганізацыі горада з некалькіх варыянтаў была абрана экалагічная мадэль. Абумоўлена гэта ўнікальным прыродным асяроддзем гарадскога пасёлка – наяўнасцю лясных масіваў, вадаёмаў. Усё гэта не толькі захаваецца, а стане часткай будучага горада, які арганічна сальецца з існуючым асяроддзем. Больш таго: у Астраўцы з’явяцца новыя паркі, скверы, бульвары, вадаёмы, фантаны.
Генеральны план прадугледжвае захаванне прасторавага адзінства існуючага зараз гарадскога пасёлка і новага горада. Гэта будзе адзін населены пункт, з выцякаючай з гэтай акалічнасці адзінай сістэмай камунікацый і задачай развіцця не толькі новага горада, але і гістарычнага цэнтра.

Работа над памылкамі
У настаўнікаў ёсць правіла – кожную новую работу пачынаць з выпраўлення памылак, дапушчаных у папярэдняй. Без гэтага немагчыма. Гэта закон развіцця, які дазваляе рухацца наперад.
На жаль, у папярэднім генеральным плане гарадскога пасёлка, які, дарэчы, у асноўным выкананы, пазбегнуць памылак не ўдалося. Адна з самых недапушчальных – суседства дзіцячага садка №1 і гарадскіх могілак. Праектам прадугледжана выпраўленне гэтай недарэчнасці. Дзіцячы садок перамесціцца ў новы будынак.
Прамысловыя прадпрыемствы, якія не звязаны непасрэдна з абслугоўваннем горада, з часам пераселяцца за яго рысу. А вось кварталы сядзібнай забудовы, абдзеленыя сёння аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры, атрымаюць свае грамадскія цэнтры з аб’ектамі сацкультбыту ў крокавай даступнасці.

Што і дзе?
Узвядзеннем двух шматкватэрных дамоў у мікрараёне вуліцы Валадарскага будаўніцтва аб’ектаў будучага горада энергетыкаў у існуючых кварталах абмяжуецца. У далейшым будаўнічыя работы будуць разгортвацца на свабодных плошчах.
Архітэктары прапануюць выдзеліць у будучым горадзе шэсць мікрараёнаў: “Цэнтральны шматкватэрны”, куды ўвойдзе ужо ўзводзімы мікрараён №1 ля дрэваапрацоўчага цэха лясгаса, праектуемы жылы мікрараён ля цэнтральнай раённай бальніцы (на так званым аэрадроме) і ўласна – сённяшні мікрараён Валадарскага; “Цэнтральны сядзібны” з існуючай сядзібнай забудовай; “Паўднёвы сядзібны” – сённяшнія Бабанішкі; “Бялькішкі”, якія з часам увойдуць у рысу горада; а таксама праектуемыя на поўдзень ад гарадскога пасёлка самыя буйныя мікрараёны – “Паўднёвы шматкватэрны” і “Паўднёвы сядзібны”. В этом смысле, скорее всего, будут востребованы оптовая продажа стартеров, оптовая продажа генераторов от http://www.voltag.ru.
Дарэчы, гэтыя мікрараёны, як і праектуемыя вуліцы, маюць толькі ўмоўныя, рабочыя назвы. Так што ў хуткім часе нас чакае не менш важная задача – даць новым бульварам, вуліцам і мікрараёнам адметныя назвы.

Як паедзем?
Гудагай, нарэшце, уздыхне з палёгкай. У тым сэнсе, што транзітны аўтатранспарт па дарозе на Ашмяны і Гродна цяпер не будзе падымаць пыл, праязджаючы цераз гэты населены пункт. Галоўнай транспартнай артэрыяй, якая звяжа Астравец са знешнім светам, стане будуемая ўжо аўтадарога другой катэгорыі. Пачнецца яна ля Газы, абыйдзе з усходу Астравец і злучыцца з магістраллю Мінск – Вільнюс непадалёк ад Ашмян. Яшчэ адзін транспартны рукаў адыдзе ад дарогі Р-48, пройдзе з захаду ад Астраўца і, адпаведна, з усходу ад Гудагая. Транспартнае кальцо вакол Астраўца замкнецца аўтадарогай, што пройдзе ўздоўж існуючага чыгуначнага палатна.
У паўднёвай частцы горада з часам з’явіцца комплекс, які аб’яднае чыгуначны прыпыначны пункт для прыгарадных цягнікоў і аўтавакзал умяшчальнасцю ў 100 чалавек.
Не застанецца без пасажырскага аўтатранспарту і сам горад. Плануецца, што па вуліцах Астраўца будуць курсіраваць каля трыццаці пяці аўтобусаў. На першым этапе аўтобусныя лініі пройдуць па вуліцах Валадарскага, Ленінскай, Кастрычніцкай, К. Маркса, П. Броўкі, Кастрычніцкаму завулку, а таксама па адной з вуліц, якой яшчэ няма на карце гарадскога пасёлка, але вядома, што пройдзе яна праз будучы цэнтр горада з захаду на ўсход і злучыцца з новай аўтадарогай.
Як грамадскі, так і прыватны аўтамабільныя паркі горада, зразумела, значна павялічацца. Гэта запатрабуе дадатковых парковак, станцый тэхнічнага абслугоўвання і аўтазаправачных калонак. Да канца разліковага перыяду ў Астраўцы дадаткова з’явяцца 12 паліва-раздатачных калонак і станцыі тэхнічнага абслугоўвання на 70 пастоў.

Новы цэнтр
Астравец, а дакладней Астравецкі раён набудзе новы грамадскі цэнтр. Размесціцца ён на скрыжаванні галоўных восяў горада і, безумоўна, стане яго галоўнай адметнасцю, ізюмінкай, сімвалам. Ядро грамадскага цэнтра сфарміруе галоўная плошча, вакол якой размесцяцца комплексы будынкаў адміністрацыйнага, гандлёвага, відовішчнага, гасцінічнага і камунальна-бытавога прызначэння. Улічваючы перапад рэльефа, мяркуецца выкарыстоўваць падземную прастору плошчы. А менавіта: заглыбіўшы транспартную сувязь, зрабіць агульнагарадскі цэнтр пешаходным.
З гістарычным цэнтрам новы будзе злучаны пешаходным бульварам. Аднак гэта зусім не азначае, што дабірацца сюды прыйдзецца толькі пешшу. Праектуемая вуліца, якая абагне новы грамадскі цэнтр, злучыўшы сучасныя Кастрычніцкую і Новую вуліцы, адкрые сюды дарогу і для аўтамабільнага транспарту.
Улічваючы вялікае значэнне агульнагарадскога цэнтра, у тым ліку і мастацка-архітэктурнае, разглядаецца варыянт адкрытага міжнароднага конкурсу на лепшы яго архітэктурны праект.

Школы і садкі ў крокавай даступнасці
Вучням Астраўца не прыйдзецца больш дабірацца да школы праз увесь горад, займацца ў цесным памяшканні і вяртацца да дому познім вечарам. Заняткі будуць арганізаваны ў адну змену пры напаўняльнасці класаў не больш за 20 чалавек у пачатковай школе і 25 – у сярэдняй. Установы адукацыі будуць знаходзіцца не далей за 500 метраў ад дому дзіцяці, калі яно дашкольнага ўзросту – і 800 метраў – для вучняў старэйшых класаў. Зона ж абслугоўвання школ і садкоў не павінна выходзіць за межы магістральных вуліц, што абумоўлена ў першую чаргу меркаваннямі бяспекі дзяцей.
Выкананне гэтых задач запатрабуе ўзвядзення ў раённым цэнтры каля 15-20 дзіцячых дашкольных устаноў на 3,4 тыс. месцаў і каля 10 агульнаадукацыйных школ на 6,7 тыс. месцаў. Натуральна, гэтыя лічбы тычацца апошняга, трэцяга этапа ўзвядзення горада – пры ўмове, што да гэтага часу насельніцтва Астраўца складзе не менш за 40 тысяч жыхароў.

За здароўем без чаргі?
Істотныя пераўтварэнні чакаюць сістэму аховы здароўя. На сённяшні дзень на кожную тысячу жыхароў Астравеччыны ў цэнтральнай раённай бальніцы маецца каля 8 бальнічных ложкаў. А магчымасці раённай паліклінікі абмежаваны 9,5 наведваннямі за змену на кожную тысячу жыхароў раёна. У перспектыве трапіць да ўрача стане значна прасцей. За кошт рэканструкцыі існуючага медыцынскага комплексу і будаўніцтва новага ў мікрараёне масавага жыллёвага будаўніцтва колькасць бальнічных ложкаў павялічыцца да 14, а наведванняў у змену – да 23. Да канца разліковага перыяду ў Астраўцы з’явіцца 13 аптэк.

Для моладзі і не толькі
Развіццё сеткі ўстаноў культуры і спорту будзе адбывацца як за кошт мадэрнізацыі існуючых, так і стварэння новых цэнтраў.
Праектам прадугледжана рэканструкцыя гарадскога стадыёна ў лесапаркавай зоне. Тут будуць пабудаваны трыбуны для 1512 гледачоў, адміністрацыйны будынак, тэнісныя корты, каток, пляцоўкі для міні-футболу, баскетболу і валейболу. Аднак галоўны спартыўна-забаўляльны цэнтр горада з часам размесціцца ў новым лесапарку. Плануецца пабудаваць у гэтым месцы новы стадыён з трыбунамі на 5000 гледачоў і падтрыбуннымі памяшканнямі, лядовы палац на 3000 гледачоў, аквапарк на 1500 наведвальнікаў з басейнам плошчай 5 тыс. кв. м умяшчальнасцю на 2150 месцаў, комплекс спартыўных пляцовак для заняткаў актыўнымі спартыўнымі гульнямі.
Не застанецца па-за ўвагай фізічная культура і ў жылых мікрараёнах. У кожным з іх, непадалёк ад дома будуць створаны комплексы спартыўных пляцовак для гульнявых відаў спорту: валейболу, баскетболу, заняткаў гімнастыкай і АФП, настольнага тэнісу, бадмінтону, гарадкоў. Зразумела, з’явяцца падобныя аб’екты і побач са школамі і дашкольнымі ўстановамі.
У той жа новай лесапаркавай зоне з часам з’явіцца амфітэатр і забаўляльны комплекс.

Рабочыя месцы
Для забеспячэння поўнай занятасці жыхароў горада генеральны план прадугледжвае стварэнне шэрагу новых прадпрыемстваў машынабудавання, будаўнічай індустрыі, харчовай і лёгкай прамысловасці. Да тысячы новых рабочых месцаў плануецца стварыць на новай высокатэхналагічнай вытворчасці па вырабу радыётэлевізійнага і камунікацыйнага абсталявання і праграмных сродкаў, каля пяцісот чалавек знойдуць прымяненне на заводзе жалезабетонных вырабаў і буйнапанэльнага домабудавання. Акрамя гэтага, прадугледжваецца істотна павялічыць магутнасці, са стварэннем новых рабочых месцаў, на дзеючых прадпрыемствах Астраўца – такіх, як “Радыёдэталь”, філіял “Камбінат кааператыўнай прамысловасці”, камбінат бытавога абслугоўвання.
Выгаднае геаграфічнае становішча горада ў так званым трансеўрапейскім транспартным калідоры дыктуе неабходнасць стварэння ў нашым рэгіёне сучаснага лагістычнага цэнтра – інакш кажучы, вялікага прадпрыемства з сучаснымі складскімі памяшканнямі, гасцініцай, рэстаранам, гандлёва-выставачным комплексам, занятага прасоўваннем тавараў ад вытворцаў да прадаўцоў.
Развіццё інавацыйнай сферы прадугледжвае стварэнне ўстаноў па падрыхтоўцы кадраў. А менавіта – сярэдняга спецыяльнага і прафесійна-тэхнічнага каледжаў, інавацыйных прадпрыемстваў філіялаў універсітэтаў і Нацыянальнай Акадэміі навук.
Такой выглядае бліжэйшая і аддаленая перспектыва нашага горада, раёна, рэгіёна. А аб архітэктурных асаблівасцях будучага Астраўца, без перабольшвання — горада ХХІ стагоддзя, мы яшчэ абавязкова пагутарым з распрацоўшчыкамі генеральнага плана. Сачыце за матэрыяламі “Астравецкай праўды” і атрымаеце самую кампетэнтную інфармацыю першымі.