Вялікія перспектывы малога горада

13:57 / 22.06.2010

“Астравец? А дзе гэта?”. Яшчэ зусім нядаўна падобнае пытанне прымушала астраўчан збянтэжана апускаць вочы. І тое праўда: не так многа нагод было ў Астраўцы, каб аб ім ведалі, гаварылі. Становішча карэнным чынам змянілася, калі ў Астравецкім раёне была выбрана пляцоўка для будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі. А сённяшні гарадскі пасёлак, цэнтр самага паўночнага раёна Гродзенскай вобласці, атрымаў магчымасць стаць у недалёкай перспектыве горадам атамшчыкаў.


Па прагнозах спецыялістаў у бліжэйшае дзесяцігоддзе колькасць насельніцтва Астраўца павялічыцца амаль у 5 разоў. Такім чынам, цяперашні правінцыяльны гарадок увойдзе ў пяцёрку буйнейшых гарадоў Гарадзеншчыны.
Як жа зменіцца аблічча гарадскога пасёлка ў бліжэйшай і не вельмі аддаленай перспектыве?
Праектуючы горад энергетыкаў першай беларускай АЭС, архітэктары зыходзілі з ідэі стварэння сучаснага, утульнага, зручнага, прывабнага як знешне, так і ў дзелавым, інвестыцыйным плане горада, які б увасабляў сучасныя тэндэнцыі горадабудаўніцтва. Дарэчы, ў іншых краінах папулярная ипотека. Пры забудове перавага будзе аддадзена мала- і сярэднепавярховым будынкам, з асобнымі 5-9-16-павярховымі канструкцыямі, якія павінны стварыць прывабнае, арыгінальнае, запамінальнае аблічча выразнага контуру і цэнтру горада. Будаўніцтва будзе ажыццяўляцца на базе сучасных тэхналогій, інжынернага абуладкавання і транспартнага абслугоўвання.
Астравец, а дакладней – Астравецкі раён, набудзе новы грамадскі цэнтр. Размесціцца ён на скрыжаванні галоўных восяў горада і, безумоўна, стане яго галоўнай адметнасцю, ізюмінкай, сімвалам. Ядро грамадскага цэнтру сфарміруе галоўная плошча, вакол якой размесцяцца комплексы будынкаў адміністрацыйнага, гандлёвага, відовішчнага, гасцінічнага і камунальна-бытавога прызначэння. Улічваючы перапад рэльефу, мяркуецца выкарыстоўваць падземную прастрору плошчы. А менавіта, заглыбіўшы транспартную сувязь, зрабіць агульнагарадскі цэнтр пешаходным.
Для забеспячэння поўнай занятасці жыхароў горада генеральны план прадугледжвае стварэнне шэрагу новых прадпрыемстваў машынабудавання, будаўнічай індустрыі, харчовай і лёгкай прамысловасці. Да тысячы новых рабочых месцаў плануецца стварыць на новых прадпрыемствах высокатэхналагічнай вытворчасці па вырабу радыётэлевізійнага і камунікацыйнага абсталявання і праграмных сродкаў, каля пяцісот чалавек знойдуць прымяненне на заводзе жалезабетонных вырабаў і буйнапанельнага домабудавання.
Выгаднае геаграфічнае становішча горада ў так званым трансеўрапейскім транспартным калідоры дыктуе неабходнасць будаўніцтва ў гэтым рэгіёне сучаснага лагістычнага цэнтру.
Развіццё інавацыйнай сферы прадугледжвае стварэнне ўстаноў па падрыхтоўцы кадраў – сярэдняга спецыяльнага і прафесійна-тэхнічнага каледжаў, інавацыйных прадпрыемстваў філіялаў універсітэтаў і Нацыянальнай Акадэміі навук.
Праектам прадугледжана рэканструкцыя гарадскога стадыёна ў лесапаркавай зоне. Тут будуць пабудаваны трыбуны для 1512 гледачоў, адміністрацыйны будынак, тэнісныя корты, каток, пляцоўкі для міні-футболу, баскетболу і валейболу. Аднак галоўны спартыўна-забаўляльны цэнтр горада з часам размесціцца ў новым лесапарку. Плануецца пабудаваць у гэтым месцы новы стадыён з трыбунамі на 5000 гледачоў і падтрыбуннымі памяшканнямі, лядовы палац на 3000 гледачоў, аквапарк на 1500 наведвальнікаў з басейнам плошчай 5 тыс. квадратных метраў умяшчальнасцю на 2150 месцаў, комплекс спартыўных пляцовак для заняткаў актыўнымі спартыўнымі гульнямі.
Карэнным чынам зменіцца сацыяльна-дэмаграфічнае становішча. На працу сюды прыедуць маладыя, адукаваныя, актыўныя людзі з высокім узроўнем даходаў. Гэтая акалічнасць робіць Астравец вельмі прывабным месцам і ў інвестыцыйным плане. Сфера абслугоўвання, гандаль, адпачынак, спорт – гэта ўсё патрэбна маладому гораду. Наколькі да новых рэалій старажытнага Астраўца акажацца гатовым прыватны бізнес – залежыць ад яго самога. Магчымасцей мноства. Важна не ўпусціць час. Пакуль ён ёсць…


Эдуард СВІРЫД.