Флэшмоб островецких Дедов Морозов

09:47 / 27.12.2012
1

У мінулы чацвер у горадзе адбывалася нешта неверагоднае – спакойнае і размеранае жыццё райцэнтра раптам парушыла вясёлая завадная музыка, што раздавалася з плошчы ля ёлкі. І сюды, бы на яе магічны чароўны кліч, з розных бакоў пачалі збірацца Дзяды Марозы і Снягурачкі.


Яны ішлі і ішлі... Ды не адны, а разам са сваімі сябрамі – Зайцам, Драконам, Львом, Каровай, Пеўнем... І хутка ля ёлкі сабралася вясёлая кампанія. Якая скакала, танцавала і заклікала прахожых далучацца. Праз некалькі хвілін ля ёлкі сабраўся натоўп. Адны проста назіралі за дзействам, другія вадзілі карагоды і прытанцоўвалі, трэція – фатаграфавалі дзяцей ці фатаграфаваліся самі з казачнымі героямі. А малышы здзіўлена і шчасліва глядзелі на такую колькасць Дзедаў Марозаў і Снягурак: “Няўжо Новы год ужо наступіў. Гэта ж колькі падарункаў можна папрасіць...” – чыталася ў іх захопленых вачанятах.
Але казачныя героі не пераблыталі дату надыходу Новага года, і не спяшаліся сустрэць яго да пачатку распіяранага “канца свету”, які прагназуема не наступіў. Не, яны вырашылі не чакаць свята, а сабрацца разам і парадаваць маленькіх і дарослых астраўчан вясёлым флэш-мобам.
Хто запрасіў такую колькасць Дзедаў Марозаў і арганізаваў навагодні флэш-моб? Аб гэтым застаецца толькі здагадвацца, як аб сапраўдным чарадзействе. Ды і загадчык аддзела культуры райвыканкама Сяргей Сяўко, які прысутнічаў на мерапрыемстве, афіцыйна заявіў, што да гэтай “самадзейнасці” аддзел культуры не мае ніякага дачынення! Толькі смяшынкі ў яго вачах сцвярджалі, што менавіта работнікі аддзела культуры арганізавалі свята і запрасілі Дзедаў Марозаў і Снягурак з розных арганізацый і ўстаноў.
Ну што ж, святочны адлік надыходу Новага года распачаўся!
Працяг будзе!



-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.