На семинаре в Островце обсуждали проблемы лососевых рыб
У канцы лістапада ў Астравецкім раёне ў рамках сумеснага праекта грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і НДА “Медыя і экалагічныя праекты” (Літва) адбыўся рэспубліканскі семінар, прысвечаны праблемам ласасёвых рыб.
Кумжа – унікальная для Беларусі рыба сямейства ласасёвых, якая на тэрыторыі нашай краіны захавалася (чытай: прыходзіць на нераст з Балтыйскага мора) толькі ў рачулках Астравеччыны.
Многія гады праблемы гэтай “жыхаркі” Чырвонай кнігі – а іх нямала: браканьеры, гідратэхнічныя збудаванні, бабровыя плаціны, забруджванне вады ў рэках і г.д. – уздымала і па меры сіл старалася вырашыць каардынатар міжнароднага экалагічнага праекта “Экадом” Ніна Палуцкая. Яна рэгулярна праводзіла на Астравеччыне тэматычныя “круглыя сталы”, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі зацікаўленых у захаванні кумжы структур і ўстаноў раённага, абласнога і нават рэспубліканскага маштабу, а таксама іхтыёлагі з Літвы, арганізоўвала маніторынгі і валанцёрскія рэйды падчас нерасту ласасёвых рыб. Менавіта Ніна Палуцкая ў свой час прыцягнула да ўдзелу ў праекце членаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
А сёлета гэтае аб’яднанне, якое, як высветлілася, не толькі клапоціцца пра птушак, але займаецца і іншымі экалагічнымі праблемамі, вырашыла ўзяць справу ў свае рукі – яго ініцыятыўная група стварыла праект “Ахоўнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве”, пад які атрымала замежны грант. Вось такім чынам ахоўнікі птушак сталі яшчэ і ахоўнікамі рыбы, а “кумжовая” праблема набыла новае гучанне.
Летам члены аб’яднання пры падтрымцы раённых улад і сумесна з мясцовымі добраахвотнікамі ўстанавілі на тэрыторыі Астравеччыны больш за 10 аншлагаў, прысвечаных ахове ласасёвых рыб. З пачатку лістапада кожныя выхадныя на берагах прытокаў Віліі, у якія кумжа заходзіць на нераст, стаў “высаджвацца” дэсант валанцёраў – рабяты не проста рознымі спосабамі абазначаюць сваю прысутнасць для адпуджвання браканьераў, здзяйсняюць рэгулярныя абходы рачулак, але на адным з ручаёў, калектар якога на працягу многіх гадоў быў для кумжы непераадольным, пабудавалі драўляны рыбаход.
Яшчэ ў першыя дні лістапада быў праведзены аднадзённы плэнэр, у якім прынялі ўдзел мастакі з Брэстчыны пад кіраўніцтвам члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Анатоля Туркова.
А на мінулым тыдні адбыўся семінар, у якім прынялі ўдзел журналісты дваццаці трох газет і часопісаў рэспублікі, у тым ліку і вядучых агульнарэспубліканскіх выданняў.
Тэарэтычная частка сустрэчы праходзіла ў Інфармацыйным цэнтры АЭС, добра прыстасаваным для правядзення падобных мерапрыемстваў. На насценным экране дэманстраваліся слайды, быў паказаны відэа-фільм, прысвечаны праблемам захавання ласасёвых рыб і рабоце, якую аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць у гэтым накірунку. Вольга Лукшыц, кіраўнік ініцыятыўнай групы аб’яднання, што непасрэдна займаецца аховай кумжы, пазнаёміла прысутных журналістаў, большасць з якіх сутыкнуліся з падобнай тэмай упершыню, з азамі біялогіі і арэалам існавання кумжы і высакароднага ласося.
Асноўным дакладчыкам стаў старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі іхтыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат біялагічных навук Міхаіл Плюта, які шмат гадоў займаецца маніторынгам ласасёвых рыб на рачулках Астравеччыны. Міхаіл расказаў аб станоўчым “сальда” руху кумжы: калі ў 2004 годзе ў уліковы ручай (па вядомай прычыне канкрэтную назву прытокаў арганізатары семінара прасілі не называць) заходзіла 20 самачак “чырвонакніжнай” рыбіны, то ў 2010 – ужо 66. А сёлета, хоць нерастовы сезон яшчэ толькі-толькі дасягнуў сваёй кульмінацыі, у гэты самы ручай прыйшло на нераст ужо больш за 40 рыбін. Хоць задаволена складаць рукі, на думку іхтыёлага, яшчэ рана – праблемы, звязаныя з прыходам з Балтыкі кумжы, застаюцца ранейшымі: браканьеры, бабры, гідратэхнічныя збудаванні… Дарэчы, да зладжанага аматарамі АПБ па іх уласным праекце рыбахода на калектары ручая Міхаіл паставіўся з пэўнай доляй скепсісу – па яго словах, з-за недасканаласці канструкцыі кумжа наўрад ці зможа прайсці па збудаванні. Свой даклад пра стан спраў старшы навуковы супрацоўнік падмацаваў паказам слайдаў.
Начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету Сяргей Хацяновіч расказаў пра дадатковыя меры, якія супрацоўнікі інспекцыі праводзяць на прытоках Віліі падчас нерасту кумжы. Кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце АЭС Эдуард Свірыд расказаў і прадэманстраваў на стэндзе асноўныя тэхналагічныя моманты дзеяння будучай станцыі і сістэму аховы ад магчымага забруджвання навакольнага асяроддзя ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, расказаў аб закальцаваным спосабе выкарыстання вады для ахалоджання реактара, а таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных на сустрэчы журналістаў.
Потым адбыўся паказ вучэбнага фільма “Беларускі ласось – быль, якая стала рэчаіснасцю” (рэжысёр В. Гуменны).
Падчас практычнай часткі семінара яго ўдзельнікі наведалі некалькі прытокаў Віліі, у якія з далёкага Балтыйскага мора прыходзяць на нераст кумжа і сёмга. Міхаіл Плюта паказаў, як выглядаюць кумжовыя “гнёзды” на дне рачулак, у якіх яны адкладваюць ікру. Шмат цікавай і самабытнай інфармацыі не толькі пра саміх “чырвонакніжніц”, але і пра ўлоўкі браканьераў, якія на яе палююць, расказаў “семінарыстам” шматгадовы ахоўнік кумжы Вацлаў Блажэвіч. А пастаянны кіраўнік валанцёраў, кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас прадэманстраваў збудаваны нядаўна рыбаход, прызначаны для праходу ласасёвых скрозь калектар.
А вечарам удзельнікі семінара зноў сабраліся ў Інфармацыйным цэнтры АЭС. На гэты раз перад імі выступаў прадстаўнік літоўскага боку праекта, супрацоўнік Інстытута экалогіі даследчага цэнтра прыроды Літвы Кестуціс Скрупскеліс, які пазнаёміў прысутных са станам работы па захаванні ласасёвых у Літве.
Там даўно і плённа працуе спецыяльны завод, які займаецца штучным размнажэннем кумжы і сёмгі і рассяленнем іх патомства па прытоках Віліі і Нёмана. Гэта дазволіла павысіць колькасць ласасёвых настолькі, што іх нават “вывелі” з Чырвонай кнігі Літвы. Кожны жадаючы можа за вызначаную суму купіць сабе дазвол на лоўлю “чырвонай” рыбы і здабываць яе – колькі душы захочацца. Праўда, узяць дадому літоўскі рыбак мае права толькі адну рыбіну – усіх астатніх ён абавязаны адпусціць назад у рэчку.
Аднак, са слоў Скрупскеліса, штучнае размнажэнне не з’яўляецца панацэяй для безумоўнага захавання кумжы і сёмгі ў прыродзе – у генатыпе штучна выведзенага патомства адбываюцца незваротныя змены, якія прыводзяць да аслаблення відавых асаблівасцей “чырвонай” рыбы і вядуць да яе выраджэння. Захаваць ласасёвых у іх першасным біялагічным статусе можна толькі адным спосабам – стварэннем аптымальных умоў для іх нерасту ў нашых рэках. А зрабіць гэта не так і складана – проста побач з высакароднай рыбай павінны жыць высакародныя людзі.
Ганна ЧАКУР.