Средняя школа №1: лица и особенности

17:35 / 09.10.2012
1

Каштаны люблю з дзяцінства. Вясной яны заўсёды зачароўвалі мяне сваімі кветкамі: вялікімі, прыгожымі, пахучымі… А восенню, калі якраз надыходзіла пара ісці ў школу, мы кожны дзень набівалі свае кішэні пладамі гэтага велічнага дрэва.


Падыходзячы сёлета да будынка СШ №1 Астраўца, які проста патанае ў жоўта-чырвонай лістоце каштанаў, убачыла на сцежцы некалькі пладоў каштана – карычневых, бліскучых, якія так і пераліваліся на сонейку, і рука міжволі пацягнулася за імі. Адзін, другі, трэці… Хопіць! Пакінь першакласнікам, яны, напэўна, таксама збіраюць іх.
СШ №1 – старэйшая ў Астраўцы, звесткі пра яе адносяцца да 1944 года – тады ў Астраўцы працавала сямігодка. Сучасны будынак, у якім цяпер якраз і размяшчаецца сярэдняя школа №1, прыняў дзяцей у 1971 годзе. З таго часу з яе сцен выйшлі тысячы выпускнікоў. А школа жыве. Жыве і, як шмат гадоў назад, прысвячае сябе дзецям.
З гэтага навучальнага года школу ўзначаліла новы дырэктар – Марына Мар’янаўна Кутовіч. Сёння ў школе працуюць 52 настаўнікі, з іх 38 маюць першую і вышэйшую катэгорыю. І вучаць яны 534 вучні.
Школа не стаіць на месцы, старыя сцены кожны год напаўняюцца новым жыццём. Толькі за мінулы год педагогі і вучні школы заваявалі 129 перамог на раённым узроўні, 27 – у вобласці і 2 – у рэспубліканскіх конкурсах.
Па традыцыі штогод у школе пры падтрымцы аддзела па спорце і турызме Астравецкага райвыканкама праходзіць школьнае мерапрыемства “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”.
Шмат гадоў школа цесна супрацоўнічае з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. З гэтага навучальнага года гэта сувязь будзе яшчэ больш цеснай – тут адкрыты кадэцкі клас Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
У апошнія гады многае зроблена і ў накірунку добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі – з’явіліся новыя кветнікі, спартыўная пляцоўка для малодшых школьнікаў, а пры падтрымцы дэтутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу В.У. Кокаша заасфальтавана некалькі сцежак. Радуе школьнікаў і зімовы сад, штогод ён папаўняецца новымі відамі раслін, якія пастаянна знаходзяцца пад пільнай увагай біёлагаў-энтузіястаў К.І. Смольскай і Н.В. Філіпавай.
У школе працуе шмат таленавітых настаўнікаў, якія неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі рознага ўзроўню. Гэта Л.Ч. Гудойць, З.Р. Куркуль, М.В. Макей, В.Ч. Хацяновіч, Д.Б. Матвейчык, Т.У. Чыжэўская, М.М. Глаўдзель, Н.Ю. Рудзік, П.В. Каранеўскі, Н.М. Дземяшкевіч, Л.Э. Бараноўская, Ж.Р. Вянгроўская, А.Т. Жук і шмат іншых, якія з году ў год сеюць разумнае, добрае, вечнае, і пра якіх можна сказаць шмат добрых слоў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.