Юные звезды на островецкой сцене
Канцэрты, якія штогод праводзіць Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, даўно сталі традыцыйнымі. Напрыканцы года педагогі і выхаванцы цэнтра запрашаюць аматараў прыгожага паглядзець на тое, чаго ўдалося дасягнуць за год.
Напэўна, дзень справаздачнага канцэрта – самы складаны для педагогаў. Чаго толькі каштуе перавезці ў кінаканцэртную залу “Астравец” усе тыя вырабы, якія за год стварылі рабяты са сваімі настаўнікамі-кіраўнікамі!
А палюбавацца тут сапраўды было на што! Выставы “Кветкавы жывапіс”, “Свет дзяцінства”, “Ад першых крокаў да майстэрства”, “Цуды сваімі рукамі”, вырабы з саломкі, лазы, тканіны, самаробныя лялькі, цацкі, кошыкі, цудоўныя малюнкі, аўтарамі якіх сталі нашы таленавітыя дзеці… Адвесці вочы ад гэтай прыгажосці было немагчыма!
Тых, хто сабраўся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, – а гэта ў асноўным былі школьнікі, іх бацькі і педагогі – чакала амаль трохгадзіннае шоу, складзенае з песень, танцаў, дасціпных жартаў вядучых і каманды КВЗ “Прэстыж”.
Пасля своеасаблівага гімна ўстаноў дадатковай адукацыі з прывітальным словам да гледачоў і ўдзельнікаў канцэрта выступіла дырэктар цэнтра Н.У. Сянюць, якая расказала пра перамогі і дасягненні, пра прысуджэнне цэнтру звання “Брэнд года”, пра спонсарскую дапамогу.
І, канешне, Наталля Уладзіміраўна падзякавала ўсім выхаванцам і педагогам цэнтра за іх творчасць і жаданне спяваць, танцаваць, ствараць.
Штогод педагогі цэнтра прыдумваюць штосьці новенькае – але абавязкова цікавае. На гэты раз уразілі вядучыя – прынамсі, яны былі той “ізюмінкай”, якая ўпрыгожыла ўсю праграму. Спачатку на сцэну выйшаў кіраўнік гуртка КВЗ Аляксандр Лях, следам за ім – юная выхаванка цэнтра Аліса Шадура. Дзяўчынка выцягнула на сцэну вялікае крэсла, залезла на яго, каб быць роўнай з Аляксандрам, – і ўсялякімі спосабамі старалася яму спадабацца. Але на гэтым сюрпрызы з вядучымі не закончыліся – Аліса знайшла Сашу замену і вывела на сцэну яшчэ аднаго таленавітага выхаванца цэнтра – Данііла Казака. Аляксандр у сваю чаргу таксама знайшоў новую вядучую – Юлію Базюк. Атрымалася весела, займальна, прыгожа.
Не менш цікавымі і запамінальнымі былі і музычныя нумары. Канешне, сярод многіх дзяцей, што займаюцца ў цэнтры, складана выбраць толькі некалькі тых, хто выйдзе на сцэну. Таму сёлета магчымасць паказаць сябе была прадастаўлена ўсім жадаючым – і дзецям, і педагогам.
І яны пастараліся. “Залаты вернісаж”, удзельнікі гуртка “Вакальныя спевы”, вакальная група “Міхалінка”, выхаванцы гуртка “Усходнія танцы”, каманда КВЗ “Прэстыж”, Кірыл Малышка, Карына Туршава, Эльміра Мамедава, Валерыя Яхімовіч, Святлана і Арцём Куцько, Дзіяна Сінкевіч, Аліса Шадура, Каця Юркойць, Алеся Грынцэвіч, Дзіяна Кардзіс, Вераніка Анімуцкая, Юлія Івашка, Інна Ляховіч, Вікторыя Рудая, Святлана Стаціна, Святлана Ластоўская, Алена Такарчук, дуэты, трыа, квартэты, вакальныя групы…
У цэнтры творчасці займаюцца юныя зорачкі рознай велічыні, Адны ўжо адкрылі сябе, іншыя – толькі пачынаюць раскрывацца. Але ўсе гэтыя зорачкі займаюць важнае месца.
…Дзяцінства – самы шчаслівы і бесклапотны час. І, безумоўна, кожны дарослы хацеў бы хоць на некалькі хвілін вярнуцца ў цудоўны мір дабрыні і цудаў. Гэты канцэрт якраз і стаў такім момантам для нас, дарослых.
І верыцца, што ў новым сезоне дзеці і дарослыя абавязкова сустрэнуцца ў сценах цэнтра творчасці, каб зноў запальваць новыя зоркі.