"Радуга талантов" взошла над Островцом

23:59 / 14.05.2012

У гэтым годзе традыцыйны раённы конкурс танцавальных калектываў “Вясёлка талентаў” сімвалічна супаў з Міжнародным днём танца. 29 красавіка ў кінаканцэртнай зале “Астравец” панавала святочная атмасфера: прыўзняты настрой дзяцей у рознакаляровых касцюмчыках і ўсхваляванасць бацькоў і настаўнікаў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх юных танцораў. Сёлетні канцэрт стаў па-сапраўднаму відовішчным і яркім святам, насычаным духам творчасці.


Гэты конкурс дае магчымасць удзельнікам рэалізаваць свой творчы патэнцыял. І варта адзначыць, што з кожным годам узровень падрыхтоўкі дзяцей расце, і заваяваць прызавыя месцы становіцца ўсё больш складана.


Члены журы ў складзе дырэктара раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Анастасіі Клімашэўскай,  галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Наталлі Станкевіч, першага сакратара РК БРСМ Марыны Кутовіч і  аўтара гэтых радкоў, кожнае выступленне ацэньвалі па розных катэгорыях – арыгінальнасць і адметнасць танцавальнага нумара, узровень выканаўчага майстэрства, адпаведнасць рэпертуару ўзросту выканаўцаў, а таксама яркасць музычнага суправаджэння і мастацкае афармленне нумара. Таму юныя таленты стараліся ўразіць судзейскую калегію бездакорным выкананнем і яркімі вобразамі. І многім гэта ўдалося.


Больш за ўсё нумароў падрыхтаваў харэаграфічны ансамбль “Астравок” з гімназіі № 1 (кіраўнікі Алена Уласенка і Наталля Шукяловіч).  Кожнае іх выступленне – гэта палёт фантазіі, яркасці і арыгінальнасці. Кожны нумар – не проста танец, а цэлае тэатралізаванае прадстаўленне з рознымі атрыбутамі, эфектнымі касцюмамі і непаўторным музычным афармленнем. Асабліва прыйшліся даспадобы гледачам нумары “Калінка”, “Мы маленькія дзеці”, “У гаі каліна”. А за задорны танец “Пчолкі” пад песню на французскай мове – маё асабістае “дзякуй”.


Пакарылі публіку дзяўчынкі з малодшай групы танцавальнага калектыву “Нон-стоп” (кіраўнік Наталля Янкоўская) – расце дастойная змена для старэйшай групы. Неверагодны дынамізм, энергетыка – гэтыя маленькія сонейкі падарылі ўсім сапраўднае свята. Іх сучасны танец “Рытм”, здаецца, нікога не пакінуў раўнадушным. Яны так цудоўна рухаліся – я б сама ў іх узяла пару ўрокаў танцаў. Сапраўдны “клас” паказала і старэйшая група “Нон-стоп” – іх “Экспромт” не на жарт запаліў залу.


Некалькі цудоўных нумароў падрыхтавалі і “Зорачкі” з Трокеніцкай базавай школы (кіраўнікі Валянціна Сасноўская і Валянціна Кірпячова). Але больш за ўсё ўражанняў пакінула аб сабе экспрэсіўная “Цыганачка”.


Выхаванцы Алены Дзям’янчык з Астравецкай школы мастацтваў вярнулі гледачоў у 30-я  і 40-я гады, калі былі вельмі папулярныя такія танцы, як чарльстон, рок-н-рол, твіст, бугі-вугі. Пад “рок-н-рол” у выкананні юных танцораў было проста немагчыма ўседзець на месцы: усё прысутнічала ў іх танцы – і энергія, і драйв, і рамантыка, і флірт!


Парадавалі гледачоў танцавальныя нумары, якія паставіла Таццяна Смірнова. “Акадэмічная полька” ў выкананні вучняў харэаграфічнага класа Кямелішкаўскай школы мастацтваў глядзелася вельмі замілавальна: дзяўчынкі высока трымалі галоўкі, а хлопчыкі былі па-даросламу галантнымі і высакароднымі.


Дастойна выступілі выхаванцы Таццяны Клышко. Дуэт “Heart of life” з Варнянскай сярэдняй школы падарыў публіцы вельмі незвычайны і эмацыянальны нумар. Іх танец быў, нібы дыханне, пульсацыя самаго жыцця.


Аматары лацінаамерыканскай музыкі з задавальненнем паглядзелі нумар у выкананні харэаграфічнага класа Варнянскай школы мастацтваў. “Лаціна” вельмі складаны танец, але рабяты добра справіліся з усімі элементамі.


Было яшчэ шмат цікавых і арыгінальных нумароў, усе выканаўцы паказалі сябе артыстычнымі, яркімі і таленавітымі асобамі. Але ж надышоў час падводзіць вынікі і вызначаць лепшых юных танцораў Астравеччыны.


У малодшай узроставай групе дыплом II ступені атрымаў танцавальны калектыў “Нон-стоп” (кіраўнік Н. Янкоўская), дыплом I ступені – харэаграфічны ансамбль “Астравок” (кіраўнік Н. Шукяловіч).


У сярэдняй узроставай групе ў намінацыі “Народна-сцэнічны танец” на трэцім месцы трокеніцкія “Зорачкі” (кіраўнікі В. Сасноўская і В. Кірпячова), на другую прыступку ўзняўся гімназічны “Астравок” (кіраўнік Н. Шукяловіч), пераможцам стаў танец таго ж “Астраўка”, пастаўлены Аленай Уласенка. У намінацыі “Эстрадны танец” дыплом III ступені – у харэаграфічнага класа Варнянскай школы мастацтваў (кіраўнік Т. Клышко), дыплом II ступені атрымаў харэаграфічны клас Астравецкай школы мастацтваў (кіраўнік А. Дзям”янчык), пераможцамі ў гэтай намінацыі сталі танцоры з “Астраўка” (кіраўнік А. Уласенка).


У старэйшай узроставай катэгорыі ў намінацыі “Эстрадны танец” другое месца заняў дуэт з Варнян “Heart of life”, а абсалютнымі лідарамі сталі няўрымслівыя дзяўчынкі з “Нон-стоп”.



Вольга ШОЎКУН.

Фота Алены СВЕТЛАЙ.