Тартак і яго жыхары

08:41 / 23.04.2012
1

Слова “тартак” азначае пілараму, лесапільню. А яшчэ гэта вёска ў Астравецкім раёне непадалёк ад Быстрыцы.
Зазірнуць у мінуўшчыну вёскі Тартак мяне натхніла рубрыка “На карце Астравеччыны”, у якой расказваецца пра маленькія вёсачкі раёна. А яшчэ простае і, думаю, зразумелае жыхарам маленькіх населеных пунктаў жаданне, каб у Тартака была будучыня.



Млын





Некалі стары яўрэй Лейба купіў кавалак зямлі і пабудаваў на невялічкай рэчцы запруду, а потым і млын. Сам Лейба жыў у маленькай няўдалай хатцы, а вось на млын грошай не пашкадаваў – ён атрымаўся высокапрадукцыйным.
Напор вады дазваляў працаваць без перапынкаў на працягу трох гадзін, і млын спыняўся для забору вады ўсяго на гадзіну. Абсталяваны ён быў, як на тыя гады, па перадавых тэхналогіях. Старажылы яшчэ памятаюць, як з вазоў са збожжам выстрайваліся чэргі: адны хацелі з пшаніцы атрымаць муку вышэйшага гатунку, другія з ячменю і грачыхі зрабіць крупы. Яшчэ на двух жорнах малолі зерне на фураж. Па магутнасці тартакоўскі млын мог параўнацца хіба што з астравецкім. Энергію вады выкарыстоўвалі таксама для апрацоўкі драўляных бочак, вырабам якіх займалася брыгада бондараў, і для адбельвання палатна. Яшчэ ў Тартаку з вапнавых камянёў, якімі былі пакрыты берагі Віліі, выраблялі вапну. Працавала свая кузня. Колькасць двароў вырасла да дваццаці.
Аднойчы на млынара Лейбу напалі рабаўнікі, але крыкі пачулі яго суседзі Арлоўскі і Лаўрыновіч, якія, узброіўшыся ружжом, прыбеглі на дапамогу. Рабаўнікі ўцяклі, але праз нейкі час іх злавілі ў Быстрыцы.
Лейба памёр яшчэ перад Другой сусветнай вайной. Гаспадарыць на млыне стала яго жонка, якой дапамагалі дзве дачкі. Вада круціла кола млына, перамолваючы не толькі збожжа, але і час. Адна з Лейбавых дачок неўзабаве выйшла замуж за паляка, але на млыне ён не працаваў – падаўся ў заробкі ў Паставы.
І тут здарылася самае страшнае – грымнула вайна.
Спачатку немцы не чапалі яўрэйскую сям’ю, але праз нейкі час у Тартак прыехаў на ровары паліцай і загадаў, каб на наступны дзень сям’я млынарыхі прыхапіла з сабой запас харчоў на тры дні і прыбыла ў Быстрыцу. У самае страшнае не хацелася верыць, і сям’я Лейбы зрабіла ўсё ў адпаведнасці з патрабаваннямі новай улады… Ніхто з іх дадому не вярнуўся.



На вайне

Першым з жыхароў Тартака сустрэўся з вайной Зянон Масойць. У пачатку чэрвеня 1941-га года яго прызвалі ў армію. Яго часць размяшчалася каля Брэста. Калі пачалася вайна, Зянон яшчэ нават не паспеў прыняць прысягу. Масіраваная бамбардзіроўка месца дыслакацыі часці прывяла да таго, што камандзіры паўцякалі, а салдаты, застаўшыся без каманды, разбегліся, хто куды. Два месяцы прабіраўся дадому Масойць. Ён прыйшоў да бацькі, які ў той час жыў у Слабодцы.
Непадалёк ад іх дома размяшчаўся лагер ваеннапалонных. Зянону самому цудам удалося пазбегнуць палону, напэўна, таму ён, як мог, стараўся дапамагчы палонным – пры кожнай магчымасці перакідваў ім хлеб ці бульбу. Пакуль аднойчы не папаўся – пад страхам расстрэлу немцы забаранілі Масойцю падыходзіць да лагера.
У 1944-ым на фронт пайшлі Раўда з сынам, С. Дэнюш, Янэцкі. Іван Лаўрыновіч меў бронь – ён займаўся прыёмкай лесу для сплаву па Віліі. Некаторыя мужчыны, пазбягаючы фронту, да самай амністыі хаваліся.
З вайны ўсе вярнуліся жывымі. Толькі Янэцкі быў моцна паранены ў галаву. Жанчыны шапталіся: не жылец. Але ён выжыў. А вось І. Раўду бяда падсцерагала ў родных мясцінах – ударам нажа ён быў забіты на вечарынцы ў вёсцы Кавалёўка.



Калектывізацыя





Да заклікаў уступаць у калгас людзі ставіліся насцярожана. Не верылі, што, аддаўшы зямлю, каня, вупраж, можна стаць багатым – з нічога і атрымаецца нічога. А вось сям’я Юхневічаў на гэты конт мела зусім іншыя меркаванні. Дзяцей у Юхневіча не было, але ён вельмі любіў расказваць аднавяскоўцам пра ліхія дні рэвалюцыі ў Петраградзе, пра тое, як граміў там буржуяў.
Да яго расповядаў людзі ставіліся з сумненнем – які з каратышкі Юхневіча граміла?! І да земляробчай працы ён быў няздатны – яго надзел вечна быў недагледжаны. А калі памерла яго жонка, у яе на шыі знайшлі мяшэчак з царскімі залатнікамі – можа, і праўда рэвалюцыянерстваваў Юхневіч?
Большасць гаспадароў Тартака адмаўляліся ўступаць у калгас – іх абклалі падаткамі. Вось дакумент таго часу: Мальвіна Дэнюш павінна была заплаціць дзяржаве за збожжа, якое вырасціла, бульбу, сенажаць, карову, свіней, каня – 728 рублёў 25 капеек. А дзе браць такія грошы?
Масойці, Лаўрыновічы, Арлоўскія выехалі ў Польшчу. Іосіф Дэнюш падаўся ў банду, якая дзейнічала ў Кавалёўцы. І. Дэнюша па мянушцы “Індык” раскулачылі і вывезлі ў Сібір. Буйную жывёлу пры гэтым забралі без праблем, а вось за курамі, пакуль пералавілі, набегаліся. Певень наогул пераляцеў праз плот да суседкі Мальвіны Дэнюш. Назаўтра з раёна прыбыло начальства і напрасткі да Мальвіны: аддавай кулацкага пеўня! Толькі бабулька ім трапілася з характарам – жыццё суседскага пеўня яна ўратавала.
Калі разбіралі хату “кулака”, ніхто не хацеў першым лезці на страху. Нарэшце адважыўся падвыпіўшы Пётр Саковіч з Сыманэляў. І трэба ж – у першым жа кулі саломы ён знайшоў пушачку з залатніком. Саковіч падняў манету над галавой і шматзначна прамовіў: “Во!” – і праз імгненне на страсе сядзелі ўсе мужчыны. Дом “Індыка” разабралі ў рэкордна кароткі тэрмін, але залатнікоў больш не знайшлі. Дом перавезлі ў Варону пад клуб – потым там круцілі кіно, ладзілі вечарыны і танцы. Калі з часам пабудавалі новы клуб, у доме пасялілася сям’я, якая жыве ў ім і сёння.
У калгас тартакоўцам прыйшлося ўступіць, вось толькі абяцаны дабрабыт насамрэч аказаўся пустымі працаднямі. Але мае землякі ўсё роўна выстаялі, выжылі. А калі ў разлік за працадзень увялі грошы, жыць стала лягчэй. За грошы ў Вільні можна было купіць хлеб, крупы і шмат што іншае, неабходнае ў сялянскім жыцці. І яно крыху прасвятлела.
Падрасталі дзеці. Па Тартаку бегала 18 хлопчыкаў і дзяўчынак майго ўзросту – лічы, цэлы клас. Адных толькі Дэнюшаў у Тартаку было чатыры сям’і, і ўсе яны прыехалі сюды з-пад Вішнева. А сёння Дэнюшаў няма. Ніводнага. Так распарадзілася жыццё.



Кіно

У васьмідзясятыя гады ў Тартаку здымаўся фільм па рамане Пташнікава “Тартак”. Здымкі доўжыліся цэлае лета, і навакольны люд валам валіў паглядзець на цуд. Тым больш, што часам людзей запрашалі зняцца ў масоўцы. За здымачны дзень плацілі 2,5 рубля.
Аднойчы па просьбе рэжысёра я паехаў у Варону за людзьмі, якія павінны былі здымацца ў якасці партызан. Прывёз 20 чалавек. Усіх іх пераапранулі, загрыміравалі, і пасля невялікай рэпетыцыі адзнялі кавалак партызанскай вайны. У абедзенны перапынак нявопытны ў зносінах з нашымі людзьмі рэжысёр загадаў выплаціць ім грошы. Ці трэба казаць, што пасля абеду здымаць не было каго – усе “партызаны” аселі на “кропцы” ў самагоншчыка.
Адзін эпізод здымалі ля вёскі Кавалёўка. У ім былі задзейнічаны ўладальнікі матацыклаў з каляскай, якія ігралі немцаў. Падчас перапынку два хлопцы з Астраўца рашылі пажартаваць – як былі ў форме СС, заехалі ў суседнюю вёску і, прыпыніўшыся каля стрэчнай жанчыны, загергаталі” “Матка, яйка, шнапс! Ком цу мір!” Старая кінулася ў дом да мужа: “А Божачка, Стась! Зноў немцы! Патрабуюць яйкі і гарэлку”. “Патрабуюць – нясі ад граху далей”, – адказаў муж. Але пакуль цётка сабрала яйкі, “эсэсаўцаў” прастыў і след…
Здымкі нарэшце закончыліся, і артысты з’ехалі. Усе з нецярпеннем чакалі паказу фільма па тэлевізары. Але кіно атрымалася нецікавае.



Жыццё звычайнае





Акрамя свайго звычайнага прызначэння, млын быў яшчэ і “ачагом” зносін, своеачаблівым клубам – чакаючы сваёй чаргі, людзі размаўлялі, дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі падзеі.
Млынаром працаваў мой тата Вацлаў Іванавіч, яму дапамагаў Іван Дэнюш, які толькі ў 19 гадоў закончыў першы клас польскай школы. Жартаўнік быў – яшчэ той! Ён, былы франтавік, без намёка на ўсмешку любіў расказваць мужыкам, як падчас вайны служыў качагарам… на самалёце. І калі аднойчы пілот забыў на зямлі запалкі, Іван дастаў з самалётнай топкі вугельчык і падаў яго камандзіру, каб той прыкурыў… Многія верылі.
Расказваючы пра жыхароў Тартака, нельга не ўзгадаць і Баброўскага. У нашу вёску ён прыехаў у пошуках чарговай жонкі. Пасля таго, як двух жонак ужо пахаваў. На гэты раз пайшоў у прымакі да старой дзеўкі Ганны Дэнюш. З фігуры Баброўскі быў незайздросны – малы і тоўсты, затое вясёлы – за дваіх. Асабліва, калі вып’е. А піў часта. Памятаю, як аднойчы нехта спытаўся ў Баброўскага, колькі гарэлкі ён выпіў за жыццё? “Ну, у малакавоз, думаю, не змесціцца, – паскробшы патыліцу, адказаў дзядзька. – А вось у два – запраста”. Мясцовыя жыхары, узгадваючы Баброўскага, казалі: “А, гэта той, што сваю зямлю прапіў!” І сапраўды: у 1939 годзе ён прадаў уласны кавалак зямлі, а грошы прапіў. А талковыя мужыкі крыху пазней вымушаны былі аддаць свае надзелы за “так”. “Каб ведалі тое ліха, лепш таксама прапілі б”, – пляваліся яны.
Баброўскі памёр у 87 гадоў, крыху перажыўшы і трэцюю жонку.
Тартак тых часоў нагадваў зямлю запаветную. Колькі качак плавала ў водах нашай рачулкі і саджалкі! Ніхто іх не страляў, а вось падкармліваць зімой не забываліся. Пра рыбу казалі так: “Яе не зловіць толькі лянівы”. У аднайменнай з вёскай рэчца плёскаліся стронга,налім, былі нават ракі. Летам з Віліі заходзіў ялец. Лавіў рыбу толькі адзін чалавек – Іван Лаўрыновіч. За невялікую плату ён прыносіў гаспадыням заказаны імі від рыбы. Яшчэ Лаўрыновіч быў зацятым паляўнічым. Лес кішэў лісамі, зайцамі, касулямі. Хапала і ваўкоў. А вось кабаноў і ласёў спачатку не было – яны з’явіліся пазней. Часам нас, вясковых хлапчукоў, паляўнічы браў у загонку. Як было цікава! Выскачыць заяц – ба-бах! Лаўрыновіч быў трапным стралком.
Сучаснае паляванне можна параўнаць хіба што з нямецкай блакадай партызанскага лагера: прыязджаюць на машынах, акружаюць лес, выпускаюць сабак, і страляюць з ружжаў з аптычным прыцэлам…



Воўк

Бацька прынёс яго ў наш двор маленькім шчанюком. Ваўчаня доўга скуголіла, а потым прывыкла. Свіней і сабак воўк не чапаў. А вось да курэй быў бязлітасным – душыў пры любой магчымасці. Вырас ён у буйнога звера, і стаў прадметам бацькавага гонару.
Аднойчы адзін з нашых суседзяў вырашыў “палепшыць пароду” сваіх сабак і прывёў да нашага Ваўка сваю сучку. У вальер яе запускалі з апаскай – як паставіцца да чужынкі наш хоць і прыручаны, а ўсё ж драпежнік? Але Воўк адрэагаваў на з’яўленне госці станоўча: абнюхаў яе і па-сабачаму замахаў хвастом. Будзе справа – узрадаваліся мужыкі. І, ясная справа, вырашылі абмыць поспех. Гаспадар сучкі паставіў на стол бутэльку самагонкі, потым бацька аддзячыў сваёй…
Недзе пад канец “балю” дадому вярнуўся я. Гляджу: у вальеры Ваўка ашываецца чужая сучка – непарадак! Выгнаў яе, а каб Воўк не сумаваў, кінуў яму старую аўчыну – ягоную любімую цацку. А сам пайшоў перавязваць каня. У гэты час з хаты, акуратна падтрымліваючы адзін аднаго, выйшлі “асемянатары”. Страшная карціна адкрылася іх вачам – ад сучкі засталася толькі скура, якую Воўк злосна дзёр кіпцюрыстымі лапамі… “Зжор сучку, звяруга! От зараза! Нездарма кажуць: колькі ваўка ні кармі…”
Няўдалыя “паляпшацелі пароды” яшчэ доўга бедавалі, час ад часу выціраючы скупыя мужчынскія слёзы. Але слязамі бядзе не дапаможаш – нарэшце яны развіталіся… Усю дарогу сусед “каранаваў” нашага Ваўка, а калі падышоў да сваёй брамкі, насустрач яму выбегла сучка… “Уваскрэсла…” – аслупянеў дзядзька.



Эпілог

Кожны расповед мае свой пачатак і – канчатак.
Пакуль працаваў млын, жыццё ў Тартаку цеплілася. Але калі яго гаспадаром стаў калгас імя Карла Маркса, яго дні аказаліся палічанымі. “Няма патрэбы” – такі вердыкт быў вынесены нашаму млыну.
З яго развалам спынілася жыццё вёскі. Некаторыя сем’і пераехалі ў больш людныя населеныя пункты, большасць жа вяскоўцаў састарэлі і памерлі. Сёння ў Тартаку толькі два дамы жылыя. У адным жыве Галіна Вейксніс, муж якой, Іван Дэнюш, памёр маладым, і Станіслава Кімса з сынам.
Здавалася б, у Тартака ніякіх перспектыў. Але верыць у гэта не хочацца – мясціны ж непаўторныя, казачна-прыгожыя! Прывесці б пустуючыя дамы ў парадак. Пракласці турыстычныя сцежкі з такім разлікам, каб ахапіць усе славутасці мясцовай прыроды. Для дзяцей пабудаваць шалашы, для жадаючых адпачыць – домікі для начлегу. З транспартных сродкаў – толькі коні і веласіпеды. Не такія грунтоўныя патрэбны фінансы… Толькі дзе знайсці неабыякавых людзей?


Вацлаў БЛАЖЭВІЧ, патрыёт роднай вёскі.