Журналісцкае расследаванне: дзе смачней, прыгажэй, дзешавей?
А ў вас ёсць любімы прадуктовы магазін у Астраўцы, дзе вам падабаецца ўсё – ад даступных цэн да багатага асартыменту прадукцыі і якасці абслугоўвання? І ўвогуле, ці ёсць у нас такі магазін, які мог бы задаволіць патрабаванні нават самай капрызнай гаспадыні?
Мы вырашылі адправіцца за прадуктамі па магазінах райцэнтра, а заадно праверыць, у якім з іх наш кашалёк патанчэе найменш, дзе мы разгубімся ад багатага асартыменту прадукцыі, дзе нас сустрэнуць самыя ветлівыя прадаўцы, а дзе нам спадабаецца ўтульнасць гандлёвай залы і якасць абслугоўвання. Усё гэта нам дапаможа высветліць, які магазін можа па праву называцца лепшым.
САМААБСЛУГОЎВАННЕ
Кожнаму пакупніку падабаецца, калі тавар можна ўзяць у рукі, уважліва разгледзець, пачытаць інфармацыю аб вытворцы, складзе прадукту. Больш таго – узрастае верагоднасць, што чалавек зробіць нават незапланаваныя пакупкі – а значыць, магазін павысіць свой тавараабарот.
Асабліва прыцягальгая сістэма самаабслугоўвання ў прадуктовых магазінах. Пагадзіцеся, не зусім зручна стаяць у чарзе ля прылаўка і трымаць у галаве ўсё, што табе трэба купіць. Акрамя таго, чарга з дзесяці чалавек, што стаіць за табой, будзе не вельмі задаволена, калі ты пачнеш пытацца ў прадаўца пра кожны тавар, а потым яшчэ шукаць тэрмін прыгоднасці на ўсіх прадуктах, якія табе падалі. Таму, канешне, пакупнік аддасць перавагу магазіну, дзе ёсць магчымасць самастойна азнаёміцца з таварам.
Хаця ёсць тут і адваротны бок медаля для гаспадароў крамы: крадзеж тавараў – самая сур’ёзная прычына, з-за якой уласнікі асцерагаюцца фармату самаабслугоўвання. Тым не менш гэта найбольш сучасная форма гандлю і да яе, лічу, варта імкнуцца.
У Астраўцы па прынцыпу самаабслугоўвання працуюць магазіны “Гермес”, “Цэнтральны”, “Анастасія”, “Івушка”, “Вікторыя” і прадуктовы магазін №2 (у народзе яго называюць “КСМаўскі”) – менавіта гэтыя гандлёвыя аб’екты мы і адзначым у гэтай намінацыі.
СЫР “МАЦАРЭЛА” ЦІ “ДОР БЛЮ”?
Канешне, такіх пытанняў у астраўчан не ўзнікае. А ўсё таму, што магазіна, пра які можна было б сказаць – “з шырокім асартыментам прадукцыі” – у нас пакуль што няма. Асартымент тавару практычна ўсюды аднолькавы: усё самае неабходнае ёсць, але не ў такой разнастайнасці, каб вочы разбягаліся.
Горш за ўсё, што ў Астраўцы практычна немагчыма прыйсці ў адзін магазін і купіць усё неабходнае. Так, каб прыгатаваць на вячэру курыцу і салату з пекінскай капусты, мне давялося наведаць 3-4 магазіны. У адным не было курыцы, у другім – пекінскай капусты, а ў трэцім – крабавых палачак.
Адным словам, не хапае нам вялікага магазіна, накшталт супермаркета, дзе можна купіць усё, што пажадаеш, ды яшчэ і разгубіцца ад багатага асартыменту. Многія могуць заўважыць: “Мы ж не ў сталіцы жывём!”. Тым не менш, да прыкладу, у Францыі на такі ж маленькі гарадок, як і Астравец, прыходзіцца 5 супермаркетаў.
Аднак вернемся да астравецкіх магазінаў. Нягледзячы на тое, што асартымент усюды прыкладна аднолькавы, варта адзначыць некаторыя, дзе прадаюцца “эксклюзіўныя” тавары – у тым сэнсе, што ў іншых мясцовых магазінах такога няма, а калі і ёсць, то не такой якасці.
Так, толькі ў “Гермесе” можна купіць гарачыя круасаны, салаты “на развес”, жывога карпа, кансервы для катоў і сабак беларускай вытворчасці. Таксама тут прадстаўлены больш шырокі выбар хлеба, экзатычных фруктаў і гародніны – такіх, як лайм, памэла, імбір, сельдэрэй.
У “Кулінарыі” можна купіць самую свежую выпечку, смачныя пірагі ад мясцовых кандытараў і фруктовае марожанае “на развес”. Дарэчы, пірагі ёсць і ў “Гермесе”.
Замарожаныя сумесі з агародніны, пельмені, цэпеліны прадаюцца “на развес” у “Гермесе”, “Цэнтральным”, “КСМаўскім”, “Івушцы”.
Аматары мінскіх батонаў, тоставага хлеба і тонкіх лавашоў могуць завітаць у “Анастасію”.
А самыя свежыя фрукты і гародніну часцей за ўсё можна купіць у “Гастраноме на вуглу” і ў магазіне “Вэст” – адным словам, у Шырынскага. Дарэчы, гэтыя крамы першыя, дзе ранняй вясной з’яўляецца ў продажы маладая радыска і зялёная цыбуля.
РУБЛЁМ ПА КІШЭНІ
Але ж у магазіны мы ходзім найперш не за ўсмешкамі прадаўцоў і не за эстэтычнай асалодай. У першую чаргу пакупніка цікавіць асартымент, цэны і магчымасць сэканоміць, асабліва ў цяперашні час дарагоўлі тавараў.
З тых пор, як у Беларусі ўвялі свабоднае цэнаўтварэнне, у розных магазінах цэны на адны і тыя ж прадукты могуць істотна адрознівацца. Аднак вызначыць самы танны магазін у Астраўцы вам наўрад ці ўдасца. Калі ўзяць аднолькавы набор прадуктаў, то ва ўсіх магазінах давядзецца аддаць прыкладна адну і тую ж суму. Так, у прыватнай краме “Гастраном на вуглу” самыя дарагія мука і кансерваваная кукуруза – затое тут самыя танныя таматы і агуркі. У “Гермесе” ж, наадварот, вы сэканоміце на муцэ, кукурузе, гарошку – а за агуркі і таматы пераплаціце. Такім чынам, калі вы хочаце, каб ваш кашалёк патанчэў найменш, вам давядзецца патраціць пэўны час і прабегчыся па ўсіх магазінах у пошуках больш танных прадуктаў.
Цэны на малочныя, хлебабулачныя, каўбасныя вырабы ўсюды прыкладна аднолькавыя, і колькі вы за іх заплаціце, залежыць не ад магазіна, а ад вытворцы ці ўпакоўкі.
А што тычыцца алею, крупаў, фруктаў, гародніны, то іх кошт у розных магазінах крыху адрозніваецца. Так, 6 красавіка, калі я абыходзіла астравецкія крамы, самы танны алей прадаваўся па акцыі ў “КСМаўскім” магазіне – 15 050 рублёў. За 15 300 яго можна было купіць у “Наіне” і за 15 570 – у “Гермесе”. Самая высокая цана на алей на той дзень была ў “Ліры” – 21 000 рублёў.
Сэканоміць на рысе можна ў “Наіне” (9000 рублёў), “Кулінарыі” (10 140 рублёў), самы дарагі рыс прадаваўся ў “Забоце” (11 680 рублёў).
Больш за ўсё за муку давядзецца заплаціць у крамах “Гастраном на вуглу” і “Вэст” – 8300 рублёў за 2-кілаграмовую ўпакоўку, у “Гермесе” такая ж мука – каштуе 6510 рублёў.
Самая танная грэчка ў той дзень прадавалася ў “Кулінарыі” – 8350, у “Цэнтральным” і “Забоце” – па 11 320 рублёў. Самая высокая цана ўстаноўлена ў “КСМаўскім” – 18 080 рублёў.
Мінімальная цана на макароны “Спагеці” – у “Кулінарыі”: 4400 рублёў, у “Забоце” – 4480 рублёў, у “Анастасіі” – 4850 рублёў. На пару тысяч даражэй яны ў “Гастраноме на вуглу”, “Гермесе”, “Цэнтральным”.
Кансерваваны гарошак выгадней за ўсё купіць у “Забоце” – 6050 рублёў, самы дарагі гарошак у “Анастасіі” – 9300 рублёў.
Самая танная кансерваваная кукуруза прадавалася ў “Гермесе” – 7000 рублёў, у “Кляновым лісце” – 7200 рублёў і ў “Анастасіі” – 7600 рублёў.
Што тычыцца агародніны, то самыя танныя таматы можна купіць у “Гастраноме на вуглу” – за 19 500, у той час, як у “Івушцы” яны каштуюць 27 340 рублёў. Агуркі ў тым жа “Гастраноме на вуглу” каштуюць 22 950, у “Настле” – 21 000, а ў “Цэнтральным” – 30 100 рублёў.
Самыя танныя яблыкі былі ў “Гастраноме на вуглу” – 9800 рублёў, на тры тысячы даражэй – у “Гермесе”, “Івушцы”, “Цэнтральным”.
За апельсінамі і бананамі ідзіце ў “Анастасію”, дзе яны вам абыдуцца ў 13 400 і 15 320 рублёў адпаведна. У “Кулінарыі” апельсіны па 16 500 рублёў, а бананы даражэйшыя ў “Гермесе” – 17 100 рублёў.
Увогуле, самы танны набор прадуктаў, які складаецца з алею, крупаў, мукі, кукурузы, гарошку, фруктаў і гародніны, каштуе 162 230 рублёў, а самы дарагі – 227 550 рублёў. Розніца між імі – 65 320 рублёў. Таму, калі ёсць час і здароўе, то можна абысці ўсе магазіны і сэканоміць на цэлы кілаграм смачных цукерак ці каўбасы.
СКІДКІ І АКЦЫІ
Для таго, каб прыцягнуць больш пакупнікоў, варта прапаноўваць ім дадатковыя бонусы. Хаця ў Астраўцы сістэма скідак, акцый, распродажаў мала развітая.
Так, цяжка зразумець, чаму ў некаторых магазінах ляжаць амаль што гнілыя апельсіны па цане 15 500 рублёў, якія, вядома, ніхто не купіць. Атрымліваецца, што выкінуць тавар лепш, чым пастарацца прадаць яго па больш нізкай цане. І гэта тычыцца не толькі фруктаў.
Тым не менш час ад часу ў магазінах Астравецкага райспажыўтаварыства праводзяцца акцыі на алей, крупы, чай.
Калі казаць пра бонусы для пакупнікоў, то яны ёсць у “Гермесе”, дзе ўжо другі год дзейнічаюць дысконтныя карты. Уладальнікі такіх картак могуць набываць тавары са скідкай.
Таксама купіць прадукты са скідкай можна на выстаўках-продажах, якія рэгулярна стала праводзіць Астравецкае райспажыўтаварыства. Людзі з задавальненнем наведваюць гэтыя выстаўкі, дзе можна сэканоміць.
“МЫ ВАМ ЗАЎСЁДЫ РАДЫ”
Калі магазін хоча павысіць якасць абслугоўвання і набыць пастаянных кліентаў, то пачынаць трэба з ветлівасці. Аднак “падабаецца” ці “не падабаецца” – паняцці суб’ектыўныя. Таму вызначыць, у якім астравецкім магазіне лепшы сэрвіс, нам дапамогуць адказы саміх жыхароў райцэнтра.
Сярод дваццаці апытаных пяць чалавек выбралі “Анастасію”, па тры прагаласавалі за “Гермес” і “Гастраном на вуглу”, па два галасы – за “Вэст” і “КСМаўскі”. Таксама людзі адзначалі магазіны “Пачастунак” Ашмянскага мясакамбіната, “Мімозу”, “Заботу”, “Наіну”, “Івушку” – у іх па аднаму голасу.
Асабіста я аддала б свой голас за прадаўцоў з “Гастранома на вуглу”. Заўсёды ветлівыя і добразычлівыя, уважлівыя да кожнага пакупніка. Абслугоўваюць вельмі хутка – у маруднай чарзе стаяць не давядзецца. А яшчэ тут даюць аб’ектыўную інфармацыю аб тым ці іншым тавары. І калі яблыкі кіслыя, то яны кіслыя – а ніяк не салодкія. Да таго ж, колькі жыву ў Астраўцы, у гэтым магазіне ні разу не купіла пратэрмінаваныя прадукты. “Гастраном на вуглу” заваяваў у жыхароў горада вельмі добрую рэпутацыю і стараецца яе падтрымаць.
Хаця сцвярджэнне, што ў адным магазіне прадаўцы ветлівыя, а ў другім не – з’яўляецца не зусім карэктным. Добразычлівасць і ветлівасць чалавека залежыць не ад таго, у якім магазіне ён працуе, а хутчэй ад яго асабістых якасцей, у тым ліку ад выхавання, адносін да работы і да жыцця ўвогуле. І кожны прадавец ведае, што яму прыносіць большае маральнае задавальненне – нагрубіць пакупніку ці падарыць яму ўсмешку.
І на крытыку кожны рэагуе па-свойму. Адны прымаюць да ведама скаргі пакупнікоў і стараюцца выправіць недахопы. Іншыя ж рэагуюць рэзкім непрыняццем крытыкі і папрокамі ў адказ.
Многае залежыць і ад атмасферы гандлёвых аб’ектаў. Калі чалавек заходзіць у магазін, ён павінен бачыць, што яго там чакаюць: у памяшканні светла і ўтульна, усё расстаўлена, інфармацыя поўная, прыемны пах і чысціня. На мой погляд, з агульнай масы астравецкіх магазінаў па свайму ўнутранаму ўбранству і санітарнаму стану вызначаюцца “Гермес” і “Юліа”.
НАШЫ ЛІДАРЫ
Паводзячы вынікі нашага журналісцкага расследавання, мы ацанілі астравецкія магазіны па ўсіх пазіцыях і прыйшлі да высновы, што абсалютным лідарам стаў магазін “Гермес”. На другім месцы – “Анастасія”, на трэцім – “Гастраном на вуглу”.
Вядома, гэты рэйтынг вельмі адносны. І калі ў вас ёсць свае меркаванні на гэты конт, то можаце пакідаць свае каментарыі на нашым сайце.
Падрыхтавала Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.