Дапамога для Максіма

15:35 / 27.01.2012
1

Калі мы ў суботнім нумары  «Астравецкай праўды» за 21 студзеня надрукавалі артыкул пра Максіма Савельева, дзевяцігадовага хлопчыка з Астраўца, сям’і якога патрэбна  матэрыяльная дапамога на набыццё сістэмы кахлеарнай імплантацыі «Гібрыд», здольнай вярнуць хлопчыку слых, якая каштуе 27 тысяч еўра, я не тое што спадзявалася – была ўпэўнена, што землякі дапамогуць.


Газета выйшла ў суботу. А літаральна ў панядзелак, ледзь толькі пачаўся працоўны дзень, зайшла маладая жанчына і спыталася, каму можна перадаць грошы для Максіма Савельева. Настрой падняўся…


Аўторак таксама пачаўся з радасці. Спачатку прыйшла адна жанчына, потым – яшчэ адна, і са словамі: “Я некалі разам з мамай Максіма хадзіла ў дзіцячы садок” паклала на стол грошы.


Пасля прыйшла бабуля, унуку якой быў пастаўлены дыягназ ДЦП: “Добра ведаю, якая гэта бяда, калі хварэюць дзеці. Мой унучок таксама хварэе, але сёлета, дзякуй Богу, ужо паступіў вучыцца… Хай і гэтаму хлопчыку стане лепш”.


Потым прыйшоў мужчына, за ім – яшчэ адзін…


“Наколькі гэта ў маіх сілах – стараюся дапамагаць, – сказала адна жанчына і дадала: – А вы не ведаеце, калі па тэлевізары просяць патэлефанаваць па ўказаным нумары, каб дапамагчы хворым дзецям, грошы паступаюць менавіта дзецям? Я тэлефаную раз на месяц, два –  як атрымліваецца, і спадзяюся, што  яны паступаюць па прызначэнні”.


Мы, супрацоўнікі рэдакцыі, таксама спадзяёмся, што пералічаныя грошы ідуць на добрыя справы.


Амаль усе, хто за гэты тыдзень прыйшоў да нас з матэрыяльнай дапамогай Максіму, прасілі, каб іх прозвішчы не называліся ў газеце – відаць, людзям важней проста дапамагчы, чым быць вядомым як дабрачынца.


Свае ахвяраванні Максіму Савельеву перадалі таксама і арганізацыі – супрацоўнікі стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, “СтАлВіСт-аўта”,  рэдакцыі газеты.


Наша газета ўжо паведамляла, што ахвяраванні, якія раней сабралі працоўныя калектывы – 3 мільёны 712 тысяч рублёў – на мінулым тыдні мы пералічылі на дабрачынны рахунак.


Мы ўдзячны ўсім вам і кожнаму асобна – дзякуючы вашай дабрыні і неабыякавасці мы змаглі за бягучы тыдзень сабраць яшчэ 4 мільёны 444 тысячы 500 рублёў і пералічылі іх на спецыяльна адкрыты рахунак на лячэнне Максіма Савельева.


А грошы між тым працягваюць паступаць і ў рэдакцыю газеты, і  на дабрачынны  рахунак фонда “Шанс”. Калі нумар быў амаль гатовы да друку, грошы перадалі супрацоўнікі дырэкцыі будаўніцтва АЭС, адзін мільён рублёў прынеслі гаспадары кафэ “Смак”.   Па стану на раніцу пятніцы для набыцця неабходнага Максіму імплантанта засталося сабраць 15 188 еўра.


Дарагія сябры! Зусім нядаўна Максім чуў і мог вучыцца ў звычайнай школе, а цяпер ён вымушаны большую частку часу праводзіць дома ці ў бальніцы. Вашы ахвяраванні дапамогуць разумнаму і таленавітаму хлопчыку вярнуцца да паўнацэннага жыцця, зноў хадзіць у школу, сустракацца з дзецьмі, чуць голас мамы, шолах лісця і спеў птушак.


Яшчэ раз нагадваем: усё, што трэба для таго, каб дапамагчы Максіму,  – пералічыць любую суму грошай на спецыяльна адкрыты рахунак або прынесці свае ахвяраванні ў прэзідыум раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – у рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда».


Разам мы можам вярнуць слых  Максіму!


Алена ЯРАШЭВІЧ.



Рэквізіты для пералічэння



дабрачынных  ахвяраванняў:


– Благотворительный счёт № 3135000000100 в ОАО «Белгазпромбанк»


г. Минск, код 742


Получатель: Фонд «Шанс»; УНП 805001111


Назначение платежа: пожертвование на лечение ребенка Савельева Максима.


– Электронными деньгами EasyPay можно  перечислить средства на благотворительный счет фонда, воспользовавшись автоматической формой оплаты на сайте фонда «Шанс» – chance.by.


– Электронный кошелек WebMoney в белорусских рублях: B199756836033. Назначение платежа: «пожертвование на лечение ребенка Савельева Максима».


– Также можно воспользоваться платежной системой  Интернет-банк.


–        Вы можете перечислить пожертвование с помощью пластиковой банковской карты VISA и MasterCard посредством платежной системы WebPay, воспользовавшись автоматической формой оплаты на сайте фонда «Шанс».