Будзем супрацоўнічаць?

14:52 / 24.01.2012

16 студзеня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбылася нарада кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў раёна, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, з кіраўнікамі і прадстаўнікамі аптовых баз Гродзенскай вобласці, прамысловых прадпрыемстваў па пытанні заключэння дагавораў.


На нарадзе выступілі прадстаўнікі аптовых баз “Абутакгандаль”, “Галантарэя”, “Гандальадзенне”, “Бакалея”, а таксама прадпрыемства “Гроднарыба”. Яны пазнаёмілі ўсіх прысутных з багатым асартыментам тавараў, якія можна заказаць без надбаўкі па цане вытворцы, і запрасілі індывідуальных прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Акрамя таго, граматамі былі адзначаны лепшыя кліенты, з якімі аптовыя базы і названыя прадпрыемствы працуюць ужо не першы год, – гэта ІП Субель, ІП Калінічэнка, ІП Грыгарчук, ЧП “Бівамід”.


У рамках нарады прадстаўнікі ЧУП “Вучэбны цэнтр па мікрафінансаванні” Рыгор Сцяшко і Алег Бялячыц правялі прэзентацыю, прысвечаную сістэме мікрафінансавання ў Рэспубліцы Беларусь і крэдытным саюзам як неад’емнай яе частцы.


– Крэдытныя саюзы – гэта аб’яднанні грамадзян ці суб’ектаў малога прадпрымальніцтва з мэтай задавальнення патрэб у фінансавай узаемадапамозе шляхам акумулявання свабодных грашовых сродкаў удзельнікаў, – расказвае Алег Бялячыц. – Калі гаварыць аб адрозненнях крэдытных саюзаў ад іншых фінансава-крэдытных устаноў, то варта адзначыць, што, напрыклад, банкі ствараюцца з мэтай атрымання прыбытку акцыянерамі. А крэдытныя саюзы – з мэтай максімальнага задавальнення патрэб яго членаў ва ўзаемным крэдытаванні. У крэдытным саюзе спрошчана схема афармлення пазыкі, а атрымаць грошы можна хутчэй, чым у банку. Па працэнтных стаўках падобныя аб’яднанні ўжо канкурыруюць з банкамі.


У сувязі з перспектывай развіцця нашага горада Алег Бялячыц прапанаваў задумацца аб стварэнні крэдытнага саюза і ў Астравецкім раёне.


Сустрэча была плённай і насычанай. Прадпрымальнікі мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам з аптовых баз вобласці, а таксама даведацца аб рабоце крэдытных саюзаў.


Вольга ШОЎКУН.