Плённы і напружаны год для астравецкага лясгаса
Дзяржаўнае лесагаспадарчае прадпрыемства завяршыла 2011 год у напружанай, але плённай працоўнай абстаноўцы. Дзякуючы высока-прадукцыйнай працы прадбачлівых папярэднікаў, ветэранаў лясной гаспадаркі, павялічваюцца плошчы спелага і прыспяваючага лесу, а значыць, і запасы драўніны, што дае магчымасць з кожным годам нарошчваць аб’ёмы нарыхтаванай лесапрадукцыі. Дзякуючы сучаснай тэхніцы і тэхналогіям перапрацоўкі і нарыхтоўкі драўніны, кожны год павялічваецца выхад яе з аднаго гектара пакрытай лесам плошчы.
Мінулы год лесаводы Астравеччыны завяршылі з рэкорднымі паказчыкамі: поўнасцю асвоена разліковая лесасека. У поўнай адпаведнасці з разлікамі спецыялістаў, якія ўстанаўліваюць аб’ёмы высечкі лесу, лясгасам нарыхтавана 106,9 тысячы кубаметраў драўніны, выпушчана 10,7 тысячы кубаметраў піламатэрыялаў, пастаўлена на экспарт лесапрадукцыі на суму 2340 тысяч долараў ЗША.
Не забываюць лесаводы пра жыхароў і працаўнікоў нашага раёна. Так, толькі для ацяплення жыхарам раёна адпушчана 18 372 кубаметраў дроў, а з улікам патрэб жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устаноў і арганізацый гэта лічба складае 38 497 кубаметраў. Да таго ж для патрэб кацельных выраблена 5993 кубы паліўнай шчапы. Насельніцтву рэалізавана 845 кубаметраў піламатэрыялаў, а для патрэб асабістага будаўніцтва – 630 кубоў дзелавой драўніны.
Разам з тым заканчэнне мінулага года для лесагаспадарчай галіны характарызавалася значным павышэннем попыту на драўніну – а гэта значыць, што ва ўмовах крызісу і канкурэнцыі ўзраслі і цэны на лесапрадукцыю.
Павысілася цана на дзелавую драўніну: у залежнасці ад дыяметра яна вагаецца ад 127 да 280 тысяч рублёў за куб. Цана драўніны на корані на асобных дзялянках дасягае 700 тысяч за куб. Усё гэта не магло не адбіцца і на кошце прадукцыі дрэваапрацоўкі.
Улічваючы сацыяльную накіраванасць нашай дзяржавы, прымаюцца ўсе магчымыя меры, каб падтрымаць людзей і прадаставіць магчымасць купіць драўніну ці нарыхтаваць дровы па больш нізкай цане. Так, у гэтым годзе згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Астравецкаму лясгасу выдзелена 3000 кубоў драўніны на корані для рэалізацыі па таксавай вартасці насельніцтву для рамонту і будаўніцтва жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў. Акрамя таго, выдзелена 5000 кубоў драўніны Астравецкаму райвыканкаму, якая таксама будзе рэалізоўвацца па таксаваму кошту – толькі ўжо будаўнічым арганізацыям, сельскагаспадарчым арганізацыям для будаўніцтва і рамонту ферм, іншых аб’ектаў вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры.
Такая драўніна ў першую чаргу будзе выдзяляцца пагарэльцам, маладым сем’ям для асабістага будаўніцтва, жыхарам, якія маюць вострую неабходнасць у рамонце згодна з рашэннямі сельвыканкамаў. А тым, каму не хопіць драўніны з гэтых фондаў – а гэта тычыцца ў першую чаргу юрыдычных асоб, якія займаюцца дрэваапрацоўкай – давядзецца звяртацца на Беларускую ўніверсальную таварную біржу, праз якую будзе рэалізоўвацца не менш за 90 працэнтаў драўніны ў нарыхтаваным выглядзе.
Вялікая ўвага ўдзяляецца паліўнаму забеспячэнню насельніцтва. У гэтым годзе будзе працягнута практыка водпуску драўніны на корані. Кожны жадаючы зможа звярнуцца ў лясніцтва і нарыхтаваць дровы сваімі сіламі па сімвалічнай цане – 580 рублёў за куб. Гэта дапаможа “забіць двух зайцаў”: забяспечыць палівам насельніцтва і палепшыць санітарны стан лясоў. Да Астравецкага лясгаса даведзены план па водпуску драўніны на корані для саманарыхтоўкі дроў – 10 тысяч кубаметраў. З гэтым заданнем яны, безумоўна, справяцца: толькі ў мінулым годзе адпушчана 19,1 тысячы драўніны на корані, з іх 11,5 тысячы – насельніцтву.
Вольга ШОЎКУН.