Наколькі бяспечныя дарогі вобласці?

12:05 / 21.01.2012

Якой была сітуацыя ў мінулым годзе на дарогах Гродзенскай вобласці? Колькі людзей загінула і пацярпела ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў? Якія асноўныя прычыны траўматызму на дарогах? Што плануецца зрабіць у 2012 годзе для забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас прэс-канферэнцыі начальніка Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Сяргея Валер’евіча Талатая з журналістамі рэгіянальных друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці.


Сяргей Валер’евіч пачаў прэс-канферэнцыю з невялікага аналізу вынікаў работы ДАІ за 2011 год. Ён адзначыў, што летась была прадоўжана работа, пачатая ў папярэднія гады, і накіраваная на зніжэнне колькасці ДТЗ, кантроль за парушэннямі хуткаснага рэжыму, а таксама работа з пешаходамі – фарміравання ў іх прававой свядомасці. Для гэтага рэгулярна праводзіліся тэматычныя прафілактычныя гутаркі і акцыі ў школах, дзіцячых садках і працоўных калектывах. І гэтая работа дала станоўчыя вынікі. Напрыклад, у параўнанні з 2010 годам у 2011-м амаль на 11 працэнтаў знізілася колькасць ДТЗ – з 722 да 643 аварый. У выніку дарожных здарэнняў загінула на 13 чалавек менш, чым у папярэднім годзе. Таксама зменшылася і колькасць параненых – з 802 да 679.
Сяргей Валер’евіч падкрэсліў, што, хоць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў па віне нецвярозых вадзіцеляў зменшылася з 98 да 91 выпадку, але тым не менш гэты паказчык усё роўна з’яўляецца досыць высокім. Пры гэтым у некаторых раёнах, у тым ліку і ў Астравецкім, наадварот, назіраецца рост такіх здарэнняў (з 2 да 8). Што прымушае выпіўшых людзей садзіцца за руль і тым самым парушаць закон і ставіць пад пагрозу бяспеку і жыццё іншых людзей – гэтае пытанне па-ранейшаму з’яўляецца адным з найбольш актуальных. І такой жа застаецца праблема папярэджання і спынення правапарушэнняў нецвярозых вадзіцеляў.
Статыстыка сведчыць, што найбольш часта людзі гінуць падчас наездаў транспартных сродкаў на пешаходаў (39 працэнтаў ад агульнай колькасці загінуўшых), сутыкненняў (31 працэнт) і перакульвання аўтамабіляў (11). Асноўныя прычыны аварый: парушэнні правілаў дарожнага руху пешаходамі – 30%, кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – 14%, парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў – 12% і перакрыжаванняў – 11%, а таксама кіраванне аўтамабілем без правоў – 9%. Найбольшая колькасць ДТЗ за мінулы год былі зарэгістраваны восенню і ў снежні, калі на сітуацыю на дарогах уплываюць яшчэ і зменлівыя ўмовы надвор’я.
–Безумоўна, тое, што ў мінулым годзе нам удалося крыху зменшыць колькасць аварый, заслуга не толькі наша, – адзначыў С.В. Талатай. –Гэта вынік агульнай работы мясцовых выканкамаў, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама непасрэдна росту свядомасці людзей. Інфармаванасць, прапаганда і прафілактыка робяць сваю справу. У выніку, напрыклад, больш людзей сталі насіць флікеры, павысіўся ўзровень культуры ваджэння. Аднак праблем і работы ў супрацоўнікаў ДАІ яшчэ вельмі шмат. Сёлетняя зіма, калі плюсавая і мінусавая тэмпературы, дождж і снег часта змяняюць адзін аднаго, ствараюць небяспечную сітуацыю на дарогах. Хочацца адзначыць і праблему здзяйснення ДТЗ маладымі вадзіцелямі, якія нядаўна атрымалі правы, але ўжо адчуваюць сябе поўнымі гаспадарамі дарогі. Гэта прыводзіць да сумных вынікаў. Таму ў наступіўшым годзе будзем працягваць работу па зніжэнні траўматызму на дарогах. Для кантролю хуткаснага рэжыму плануецца ўстанавіць відэакамеры назірання. У першым квартале будуць унесены некаторыя змяненні, згодна з якімі вадзіцелі, якія парушылі правілы, пакуль не выплацяць штраф, пазбаўляюцца аўтамабіля. З красавіка павялічваецца базавая велічыня – адпаведна ўзрастуць і штрафы. Будзе зацверджана рэгіянальная праграма па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху на наступныя пяць гадоў. Яе асноўная задача – кансалідаваць намаганні самых розных службаў: устаноў аховы здароўя, адукацыі, ДРБУ, СМІ, праваахоўных органаў, адукацыі і іншых – для паляпшэння сітуацыі на дарогах. Плануецца таксама і далейшая актыўная прафілактычная работа праз розныя формы данясення да грамадзян неабходнай інфармацыі. І тут мы вельмі разлічваем на сродкі масавай інфармацыі.
Прэс-канферэнцыя працягвалася амаль дзве гадзіны. За гэты час Сяргей Валер’евіч адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся праблем пэўных рэгіёнаў, удакладнення будучай рэгіянальнай праграмы, некаторых момантаў утылізацыі аўтатранспарту. Напрыканцы сустрэчы С.В. Талатай выказаў спадзяванне на далейшае ўзаемадзеянне ахоўнікаў правапарадку з журналістамі і плённую работу для забеспячэння агульнай мэты – бяспекі на дарогах.


Марына МАЦКЕВІЧ.