Нараджаць з мужам? Гэта не ў нас...

10:59 / 12.01.2012
7

На сайт газеты звярнуўся чытач, якога цікавіла такое пытанне: “Чаму пацыент нашай бальніцы павінен купляць неабходныя прэпараты і інструменты?” Ён таксама скардзіўся на бальнічнае адзенне і прапаноўваў дазволіць насіць сваю бялізну хворым, асабліва парадзіхам. Чытач таксама пытаўся, “ці можа ў Астравецкім радзільным аддзяленні муж падчас родаў быць разам са сваёй жонкай і ўбачыць сваё дзіця не праз акно, а адразу патрымаць яго на руках, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах?”


Адказ на пытанне даў галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны:
Радзільнае аддзяленне Астравецкай ЦРБ працуе згодна з Пастановай №109 ад 09.08.2010 Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца рэжымным аддзяленнем, у якім павінны захоўвацца строгія правілы асэптыкі і антысэптыкі.
У сувязі з гэтым бялізна парадзіх павінна быць толькі стэрыльнай. У 2011 годзе бальніца закупіла дастатковую колькасць аднаразовай стэрыльнай бялізны для правядзення родаў. Усе парадзіхі, якія знаходзяцца ў аддзяленні, забяспечаны чыстай пасцельнай бялізнай, фланелевымі халатамі і кашулямі. Бялізна змяняецца адзін раз у сем дзён і, акрамя таго, па меры неабходнасці. Насіць хатняе адзенне ў радзільным аддзяленні забаронена, таму што яно патрабуе спецыяльнай дэзінфекцыі.
Радзільнае аддзяленне поўнасцю забяспечана аднаразовымі інстументамі, перавязачным і шоўным матэрыялам.
Лячэнне ўсіх пацыентаў праводзіцца бясплатна згодна з клінічным пратаколам, зацверджаным у Рэспубліцы Беларусь. Пры жаданні пацыент можа атрымаць больш дарагія прэпараты, якія не ўваходзяць у пералік пратакола, але яны набываюцца за ўласныя сродкі, аб чым уносіцца запіс у гісторыю родаў.
У сувязі з недастатковымі плошчамі радзільнага аддзялення палаты з павышаным камфортам знаходжання ў ім адсутнічаюць. Па гэтай жа прычыне не праводзяцца партнёрскія роды. Але пры жаданні сямейную пару могуць накіраваць у перынатальны цэнтр г. Гродна для правядзення партнёрскіх родаў з індывідуальным выбарам урача на платнай аснове. Гэтая інфармацыя размешчана ў жаночай кансультацыі.