Жыхар Кямелішак выратаваў 13-гадовага аднавяскоўца, які праваліўся пад лёд

15:49 / 05.01.2012
6

Сапраўдныя героі жывуць побач з намі. Калі вы сумняваецеся, то проста паверце на слова. Часам з-за сваёй прыроднай сціпласці яны нябачны ў натоўпе і толькі ўважлівасць відавочцаў пэўнага здарэння дапамагае ўзнагародзе знайсці свайго героя.


27 снежня раніцай жыхар вёскі Кямелішкі ехаў на работу. Непадалёку ад цэнтральнага вадаёма ў гэтай вёсцы ён прыпыніўся, каб павітацца з сябрам, а калі глянуў у бок воднай гладзі, то ўбачыў чалавека, які тануў.
Пакуль яго суразмоўца бегаў дадому за драбінай і вяроўкай, мужчына, не губляючы часу, скінуў куртку і пачаў прабівацца скрозь лёд да тапельца.
Калі пацярпеўшага выцягнулі на бераг, высветлілася, што гэта 13-гадовы хлопчык. Яго адразу ж укуталі ў сухое адзенне і адвялі ў цёплы пакой, дзе аказалі першую даўрачэбную дапамогу, напаілі гарачай гарбатай і адвезлі да бацькоў.
Так бы і засталося невядомым імя мужчыны, які гераічна кінуўся ў ваду, калі б самі жыхары Кямелішак не паведамілі аб гэтым спачатку кіраўніцтву аддзела па надзвычайных сітуацыях, а потым весткі дайшлі і да рэдакцыі раённай газеты. Удзячныя кямелішкаўцы вельмі ганарацца сваім аднавяскоўцам Уладзіславам Антонавічам Кузьміцкім, які працуе вадзіцелем на пажарным аварыйна-выратавальным пасту ў сваёй вёсцы.
Хаця, як лічыць сам Уладзіслаў Кузьміцкі, нічога асаблівага ў яго паводзінах не было. А зрабіў ён тое, што на яго месцы павінен быў бы зрабіць кожны чалавек.


Антон МАЛЬШЭЎСКІ.