Міліцыя паведамляе: тайнік з цыгарэтамі, чорны метал, крадзеж...
Замасцілі дарогу
У ноч на 6-га чэрвеня невядомыя злодзеі наведаліся на аб’ект чыгуначнай лініі, якая вядзе да месца будаўніцтва АЭС.
З гэтага аб’екта, які знаходзіцца ў паўтара кіламетрах ад фермы каля вёскі Чэрнішкі і належыць упраўленню механізацыі і спецыялізаваных работ “Гроднапрамбуд”, была ўкрадзена 41 плітка. Нанесены ўрон склаў звыш 1 мільёна 360 тысяч рублёў.
Зараз супрацоўнікі міліцыі вядуць пошук злодзеяў.
Бліскучая жалязяка
11 чэрвеня нейкія злачынцы “аблегчылі жыццё” аўтамабілю “Міцубісі-Паджэра”.
Аўтасродак, які належыць непрацуючаму жыхару Літоўскай Рэспублікі з горада Пабрадзе, стаяў на неахоўваемай стаянцы каля дома №29 па вуліцы Савецкай. Гэтым і скарысталіся злодзеі і знялі з аўтамабіля дэкаратыўную нікеліраваную дугу.
Міліцыянерамі вядзецца следства.
Лясныя цыгарэты
Тайнікі з цыгарэтамі айчыннай вытворчасці былі знойдзены супрацоўнікамі міліцыі пры сумеснай рабоце з пагранічнікамі і супрацоўнікамі інспекцыі па падатках і зборах.
Першы з тайнікоў быў знойдзены 8 чэрвеня ў трох кіламетрах ад хутара Санава. У ім супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі 80 тысяч пачак цыгарэт “Фэст” агульным коштам 4 мільёны 400 тысяч рублёў. У другім, які знаходзіўся непадалёк ад вёскі Катлоўка, 14 чэрвеня захоўваліся 72 тысячы пачак цыгарэт той жа маркі. Кошт змесціва гэтага тайніка склаў 4 мільёны 320 тысяч рублёў.
Хто гаспадары гэтых тайнікоў, зараз высвятляюць міліцыянеры.
Лом – не металалом
Што рабіць непрацуючаму, калі вельмі патрэбны грошы? Можна паспрабаваць знайсці працу, а можна пашукаць яшчэ які-небудзь, не заўсёды законны, шлях заробку.
Менавіта другі варыянт і выбраў беспрацоўны жыхар вёскі Кулішкі 1970 года нараджэння, аўтамабіль “Мерседес-Бенц” якога затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Пры даглядзе ў ім было знойдзена 650 кілаграмаў чорнага металу на агульную суму 507 тысяч рублёў.
П’яныя рызыканты
Ні вялікія штрафы, ні пазбаўленне правоў не палохае некаторых рызыковых “хлопцаў”, якія працягваюць сядаць за руль п’янымі.
8 чэрвеня на першым кіламетры аўтадарогі Рымдзюны-Гіры быў затрыманы непрацуючы жыхар вёскі Гіры 1967 года нараджэння, які кіраваў самаробным трактарам без рэгістрацыйнага нумару, да таго ж у стане алкагольнага ап’янення.
13 чэрвеня ў 6.50 на вуліцы Валадарскага за рулём сваёй аўтамашыны быў затрыманы грамадзянін 1987 года нараджэння, які працуе мулярам у МПМК-158.
17 чэрвеня каля паловы другога ночы жазло супрацоўніка ДАІ на дарозе Астравец-Тракелі-Солы спыніла аўтамабіль “БМВ-530” жыхара вёскі Субелі. Экспертыза на алкаголь у крыві паказала станоўчы вынік – вадзіцель быў п’яны.
На наступны дзень, 18 чэрвеня ў 2.37 непрацуючы жыхар вёскі Кавалі 1992 года нараджэння вырашыў пакатацца па вуліцы Ленінскай у Астраўцы на бацькавым аўтамабілі “Рэно-Меган-Сцэнік”. Адважыцца на рызыкоўны ўчынак яму дапамагла пэўная колькасць алкаголю, якую ён ужыў перад гэтым.
19 чэрвеня ў 10.55 за кіраваннем аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення быў затрыманы жыхар вёскі Смілгі 1979 года нараджэння, які працуе майстрам у РУП ЖКГ.
Што нарыхтаваў?
Час нарыхтовак ужо пачаўся для многіх жыхароў нашага раёна. А што менавіта нарыхтоўваюць некаторыя незаконапаслухмяныя грамадзяне, паспрабавалі высветліць супрацоўнікі міліцыі.
14 чэрвеня яны завіталі ў домаўладанне жыхара вёскі Масцяны 1973 года нараджэння, які працуе ў горадзе Фаніпаль. Пры аглядзе яго “нарыхтовак” яны знайшлі і канфіскавалі 35 літраў самагонкі.
Супраць мужчыны складзены адміністрацыйны пратакол.
Антон ЧЫК.