На Островетчине вновь прошёл пленэр резчиков по дереву

Здаецца, яшчэ не паспелі сціхнуць гукі бензапілы, якая ўпівалася ў цела дуба і нараджала новыя формы, як стамеска “працавала” над дэталямі скульптуры, – над кускамі дрэва “чаравалі” чатыры майстры...
На паляўнічым комплексе ў Задворніках на працягу двух тыдняў панаваў сімбіёз рукатворных гукаў – гулу бензапілы, стуку сякеры ці стамескі, і прыродных мелодый – птушыных песень, ледзь улоўнага голасу абуджанага ад зімовай сну лесу і шэпту вады. Ён браў свой пачатак з “майстэрні пад адкрытым небам”. А майстрамі на гэтай творча-прыроднай “кухні”, якія “гатавалі” скульптуры з цэльных кускоў дубу, сталі разьбяры: гродзенскі майстар Мікалай Скляр, Анатоль Туркоў з Камянца Брэсцкай вобласці, Мікалай Задрэйка, які жыве ў Івянцы, і белавежскі разьбяр Уладзімір Чыквін. Арганізатарам і заказчыкам пленэру другі год запар выступіў Астравецкі лясгас.
У Беларусі масцітых разьбяроў няшмат – каля 25 чалавек. І майстры з азначэннем “профі” ведаюць адзін аднаго калі не ў твар, то па тэхніцы работы або прозвішчу – дакладна. А вось чалавеку, які не належыць да іх кола ці хоць бы знаўцаў гэтага віду творчасці, у штодзённым жыцці складана пазнаёміцца з такімі “небажыхарамі”. Графік работы (а значыць – і жыцця) у разьбяроў распісаны літаральна па днях з ранняй вясны да позняй восені. Выключэнне складаюць пленэры, калі можна паглядзець, як працуюць майстры, і пазнаёміцца з імі бліжэй.
На сёлетні астравецкі пленэр – дарэчы, як і на мінулагодні – можна было трапіць толькі па “пратэкцыі” арганізатараў. І, не адрываючы разьбяроў ад справы, задаць некалькі пытанняў майстрам і наталіць, спадзяюся, не толькі свой інтарэс.
Пытанні я задавала ўсім аднолькавыя, а адказы атрымала розныя.
1. Ці уплываюць умовы працы на якасць ствараемых работ? Як працуецца ў Задворніках?
2. Які галоўны інструмент разьбяра?
3. Вядома, што разьба па дрэве, як, зрэшты, і сам чалавек, эвалюцыяніравала. З простых рэчаў, неабходных у штодзённым жыцці, чалавек “дарос” да стварэння цэлых архітэктурных кампазіцый. Ці ёсць мяжа паміж мастацтвам і рамяством?
Мікалай Скляр
1. Умовы, вядома, аказваюць уплыў на якасць работы, але не ў значнай ступені. Нам даводзіцца працаваць у розных умовах: і камфортных, і “так сабе”. І я, як “капінан” і “галоўнакамандуючы” сёлетняга астравецкага пленэру, магу сказаць, што наша каманда непераборлівая.
Варта адзначыць, што на кожным пленэры ролю галоўнага займае розны чалавек. Камандаваць павінен нехта адзін, а астатнія – падпарадкоўвацца. У іншым выпадку атрымаецца не праца, а разброд.
2. Галоўны інструмент разьбяра па дрэве – мазгі. Калі ў чалавека пуста ў галаве, то ніякі інструмент не дапаможа. Драўляную скульптуру можна і адной сякерай – усё залежыць ад пастаўленай мэты.
3. Магу сказаць толькі пра сябе: на кожным пленэры і ў кожнай рабоце я імкнуся да мастацтва. Здараецца і так, што нешта не атрымліваецца. Але лічу, што добрае рамяство не горш, чым пасрэднае мастацтва.
Мне не заўсёды падабаюцца ўласныя работы. Крычаць аб тым, што ты стварыў шэдэўр, па меншай меры недарэчна, бо ў кожнай рабоце, калі на яе глядзець вокам майстра, можна заўважыць памылкі. Але нават ацэнка добрага майстра заснавана на суб’ектным успрыманні мастацтва ўвогуле. Гэта значыць, што і прафесіяналы, і дылетанты адштурхоўваюцца ад уласнага густу. Выкарыстоўваць у ацэнцы нашых работ паняцці “правільна” ці “няправільна” па меншай меры некарэктна.
Мікалай Задрэйка
1. Мне больш падабаецца працаваць на ўлонні прыроды, таму што тут цалкам аддаешся рабоце. А вось на гарадскіх пленэрах людзі адцягваюць увагу ад працэсу.
2. Сказаць адназначна пра галоўны інструмент разьбяра складана. Патрэбны і галава, і рукі, і ўяўленне, і задумы. Разьбяр, як і любы творца, павінен быць у пэўнай ступені дзіцем. У малых больш развіта фантазія, чым у дарослых, і яны ў большай ступені адчуваюць прыроду і навакольны свет у першапачатковым, “незасацыялізаваным” выглядзе.
3. Вырашаць: перад табой знаходзіцца мастак або рамеснік – павінны іншыя людзі, ацэньваючы работы разьбяра. Я лічу, што разьба па дрэве можа быць і мастацтвам, і рамяством.
Уладзімір Чыквін
1. Умовы, у якіх ты працуеш, безумоўна, аказваюць уплыў на творцу, а значыць – і на яго работу. Тут, у Задворніках, здаецца, сама прырода праз спевы птушак і пацалункі гуллівага ветрыку шэпча табе: “Твары!”. На прыродзе, у атачэнні лесу, вады і неабсяжных даляглядаў добра дыхаецца, плённа працуецца, духоўна і фізічна.
А яшчэ тут адпачывае сэрца. Вельмі часта на такіх пленэрах узнікаюць другасныя ідэі. У такія моманты галоўнае – не страціць іх, а зафіксаваць хоць бы на трэсцы, калі няма пад рукой нататніка.
Не апошнюю ролю адыгрывае не толькі дзе, але і з кім ты працуеш. Нягледзячы на тое што кожны з нашай сённяшняй чацвёркі творыць ў сваім стылі і накірунку, разам мы – моцная каманда. Не памылюся, калі скажу, што мы не толькі працуем, але і сябруем, таму можам гадзінамі разважаць на розныя тэмы.
2. Калі галава, рукі і сэрца не знаходзяцца ў згодзе – нічога не ўявіш і не зробіш.
3. Рамесніцтва і мастацтва ў разьбярстве раздзяляе тоненькая нітачка. Мне здаецца, што для таго, каб стаць мастаком, трэба атрымаць гэты “творчы” ген або дыхаць творчым паветрам. Развіваць мастацкія здольнасці самастойна недастаткова, трэба яшчэ атрымаць і спецыяльную адукацыю.
Можна сказаць, што сваім заказчыкам мы даём не толькі канчатковы прадукт, але яшчэ і базавую мастацкую адукацыю – прывіваем ім добры густ.
Анатоль Туркоў
1. Мне здаецца, што для прафесійнага разьбяра ўмовы працы не іграюць істотнай ролі. Канешне, работа ў своеасаблівай ізаляцыі ад людзей, якую якраз і забяспечвае гэты пленэр, мае свае плюсы. Напрыклад, калі працуеш у парку, скверы або на гарадской пляцоўцы, то пастаянна падыходзяць людзі і бяруць у рукі інструменты. Пагэтаму майстар-клас па разьбярству даводзіцца перапыняць і глядзець, каб абышлося без траўм.
2. Усё залежыць ад таго, з якім матэрыялам працуеш. Сасна дыктуе абагульненыя і згладжаныя формы. А вось дуб (сёлета мы працуем менавіта з ім) – самы цвёрды і высакародны матэрыял. З ім прыемна працаваць, таму што работа атрымліваецца больш дакладнай.
Мне здаецца, што галоўным ў стварэнні скульптуры з'яўляецца не інструмент, а чалавек, у руках якога ён знаходзіцца.
Ведаеце, у чым заключаецца асаблівасць працы з дрэвам? Складанасць у тым, што мы працуем з матэрыялам, які знаходзіцца ў гарызантальным становішчы. Пагэтаму майстар павінен добра ўяўляць кожную дэталь, кожны завіток і кропку, таму што пасля таго, як работа завершана, карэктывы ўнесці ўжо нельга.
3. Увогуле існуе дакладная градацыя паміж рамяством і мастацтвам. Рамяству можна навучыць любога, а вось ствараць творы мастацтва, мне здаецца, можа толькі творчы чалавек. Рамеснік выступае ў ролі выканаўцы, а мы займаемся творчасцю. Нашы работы ніколі не паўтараюцца. Нават калі тэма вызначана і перад разьбяром пастаўлена канкрэтная задача, канчатковыя вобразы дыктуе сам матэрыял. Мы імкнёмся выкарыстаць і “абыграць” кожную адтуліну, кожную прыродную асаблівасць дрэва – у гэтым выпадку “няправільнасць” толькі дадае “ізюмінку”.
На працягу двух тыдняў сонца было “пуцяводнай зоркай” разьбяроў. З першымі сонечнымі промнямі музыка прыроды і рукатворныя гукі нараджалі не толькі новую мелодыю, але і давалі жыццё драўляным “жыхарам”, якія, здаецца, толькі выйшлі з сутарэнняў густога лесу.
...Сям’я цыбатых і велічных ласёў: магутны волат-тата, доўгашыяя мама і іх палахлівае дзіцё. Мядзведзь Брукса на задніх лапах ідзе табе насустрач – а другі мішка, як гасцінны гаспадар, з падносам у руках рады вітаць гасцей. Мядзведзяня і сімпатычны вожык – парачка, якую не разліць вадой, – здаецца, падміргваюць і шэпчуць: “Адпачні!”. А летуценны лазнік, які парыць свае ножкі і трымае напагатове дубовы венік, паўтарае за сябрамі: “Пачні… Адпачні…”. Ля дэндрапарка ляснік з саджанцам у руках і шырокахвосты глушэц нагадваюць людзям аб прыродным пачатку ўсяго жывога на зямлі. Толькі суровы егер са стрэльбай у руках не траціць пільнасці: ахоўваць цнатлівыя куточкі прыроды, у тым і ліку і мядзвежы куток, – яго святы абавязак. А хітры лесавічок Тардымандым, страляючы вочкамі па баках і ўлагоджваючы наравістага дзіка, з цікаўнасцю пазірае на гэты свет і ўсё прыкмячае – быццам запісвае дробнымі літарамі на дубовых лісточках гісторыю задворніцкага лесу… І ціха шэпча на вушка: “Нованароджаныя падзеі – выпадковасць, другі раз паўтораныя – супадзенне, а тыя, якія здарыліся ў трэці раз, становяцца заканамернасцю”.
Будзем чакаць разьбяроў у наступным годзе, каб гісторыя прадаўжалася?!
-------------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.