Мужчины накрывают праздничный стол для женщин

11:00 / 08.03.2014
Распачаўшы ў навагоднім нумары газеты тэму традыцый падчас папулярных святаў і працягнуўшы яе ў 23-лютаўскім, мы вырашылі прадоўжыць яе і ў нумары, прысвечаным 8 Сакавіка. І папрасілі вядомых у раёне мужчын расказаць, як яны віншуюць сваіх жанчын са святам, і падзяліцца рэцэптамі сваіх фірменных страў, якія яны ў гэты дзень гатуюць для каханых.
Але напачатку мяне чакаў сапраўдны “аблом”: адзін, другі, трэці кіраўнік, да каго я звярталася з падобнымі пытаннямі, паціскалі плячыма і гаварылі: “Лепшы падарунак для жонкі на 8 Сакавіка – тое, што я ўвесь дзень буду побач, дома”; “Мае жанчыны непераборлівыя, на падарункі не прэтэндуюць, звычайна я абмяжоўваюся кветкамі”; “Мой удзел у падрыхтоўцы святочнага стала – налавіць рыбы”; “Фірменная страва? Ну, селядзец магу пачысціць адмыслова…”.
Праект быў пад пагрозай зрыву… Ды ўсё ж, хоць і не з першага разу, знайшліся-такі мужчыны, якія ўмеюць і святочны стол накрыць, і жанчын павіншаваць прыгожа. Знаёмцеся з імі, іх сямейнымі традыцыямі і фірменнымі стравамі.
А мужчынам, якія не сталі героямі сённяшняй публікацыі, выдам з нагоды свята адну жаночую таямніцу. Нават калі вашы жанчыны, закахана паглядаючы ў вочы, будуць безліч разоў паўтараць, што “лепшы падарунак – гэты ты, каханы” ці “што мне дастаткова тваёй увагі і любові” – паверце, што ўсе яны ўпотайкі мараць аднойчы прачнуцца ад водару заваранай вамі кавы, якую вы пададзіце ім у ложак, а пасля выйдуць да накрытага вамі стала – і будуць шчаслівымі, нават калі на ім будзе падгарэўшая яечня ці бульба ў мундзірах. А калі вы яшчэ і посуд памыеце…
Ну будзьце ж мужчынамі, зрабіце ім такі падарунак, вызваліце ад вечнага дзяжурства па кухні – хоць раз у год, на 8 Сакавіка!

Віктар Збігневіч СВІЛА, намеснік старшыні райвыканкама:


– З жаночым днём віншую, вядома ж, у першую чаргу жонку і дачок. Падарункі бываюць розныя, але у першую чаргу, вядома ж, кветкі – мае жанчыны любяць вясновыя. Часцей за ўсё гэта цюльпаны, калі ўдаецца здабыць – мімоза: яна навявае настальгію па колішніх часах, калі іх малявалі на 8-сакавіцкіх паштоўках.
Пасля ўсе разам едзем віншаваць маці – маю і жончыну, – швагерак…
Святочны стол у гэты дзень, вядома ж, за мной. Не скажу, што я вялікі кулінар, але ўжо шмат гадоў на 8 Сакавіка гатую



Качку з яблыкамі

Качку, вядома, трэба купіць зараней, бо ў нас гэта зрабіць амаль немагчыма. Лепш, канешне, яе замарынаваць з вечара, але, кажучы па шчырасці, гэта амаль ніколі не атрымліваецца. Таму гатую ўжо раніцай.
Птушку трэба добра вымыць, затым нацерці ўнутры і звонку спецыямі – соллю, перцам, часнаком і ўвогуле ўсім, што знойдзецца. Унутры качку начыняю парэзанымі яблыкамі – яны павінны быць не салодкія, лепш кіслыя ці ўвогуле без смаку. “Сшываю” зубачысткамі. Зверху качку націраю мёдам. Выкладваю на процівень, абкладваю вакол зноў жа яблыкамі і стаўлю ў духоўку.
Самы галоўны момант – разразанне ўжо гатовай качкі. У такіх выпадках заўсёды ўзгадваю казку пра мужыка, які гуся дзяліў: пану – галава, пані – шыйка…
Са студэнцкіх часоў ёсць у мяне яшчэ адна фірменная страва, хоць на свята, тым больш жаночае, яе наўрад ці варта рыхтаваць. Мы яе называлі



“ПіТца па-ашмянску”– менавіта так, цераз “Т”.

Рыхтавалася яна, калі студэнты – а ў нашым пакоі жылі ўсе гродзенскія хлопцы – вярталіся з дому, і кожны прывозіў вясковыя прысмакі: сала, яйкі, бульбу, цыбулю. Галоўны поспех гэтай стравы – глыбокая патэльня, каб “піТцы” атрымалася як мага больш.
На дно наразалася ладнымі кавалкамі сала – не шкадуючы. Яно абсмажвалася – не доўга, бо доўга чакаць не хапала цярпення. Затым наразалася шмат цыбулі – яна таксама абсмажвалася. І затым убівалася незлічоная колькасць яек. Усё перамешвалася, закрывалася накрыўкай – і смажылася-тушылася, пакуль у нас хапала цярпення чакаць. Затым прама ў патэльні ставілася на стол – і ў той жа момант змяталася, бо пра апетыт тагачасных студэнтаў і сёння ходзяць легенды.


Сяргей Віктаравіч ШЭІН, намеснік начальніка аддзела адукацыі, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама:


- Да гэтага дня адносіны ў мяне асаблівыя, я б сказаў – трапяткія, яны захаваліся яшчэ са школьных гадоў, калі нашы аднакласніцы, два тыдні, перашэптваючыся і пераглядваючыся, рыхтавалі хлопчыкам сюрпрызы на 23 лютага – нават калі гэты сюрпрыз быў усяго толькі шарыкавай ручкай, а хлопчыкі затым з такім жа хваляваннем у абстаноўцы “абсалютнай сакрэтнасці” рыхтавалі ім віншаванні на 8 Сакавіка.
Ведаю, што многія мужчыны даволі напружана чакаюць жаночы дзень: як павіншаваць, што падарыць? А для мяне з тых часоў гэта – самае любімае свята: не Новы год, не дзень нараджэння і нават не Дзень міліцыі, а менавіта 8 Сакавіка. Яшчэ і таму, што ў паветры пахне вясной, абуджаецца прырода, ды і ўласны арганізм – таксама. Ідзеш у такі дзень па вуліцы: мужчыны падцягнутыя, прыбраныя, з кветкамі, жанчыны свецяцца, само паветра, здаецца, напоўнена святам – радасна!…
Віншую ў гэты дзень найперш маму – тэлефаную ў Гродна. Маме ўжо 89 гадоў, але яна, дзякуй богу, трымаецца малайцом. Пасля – сёстрам. Пазней прачынаецца жонка – яна ў мяне “сава”, і ў такі дзень, вядома ж, для яе адзін з падарункаў – выспацца. За мной у гэты дзень – ранішняя кава ці чай, снеданне і ўвогуле ўся фізічная праца. А для яе і дачкі – кветкі, пацалункі і цёплыя, ім адным прызначаныя словы…
Што тычыцца кулінарыі, то гатаваць я люблю і лічу, што ўмею. Без пахвальбы магу сказаць, што з “другіх” страў магу прыгатаваць практычна ўсё. І з гадамі гэтая цяга не знікае, а наадварот – узмацняецца. Ёсць у маім арсенале некалькі рэцэптаў фірменных страў, якія, прабачце за нясціпласць, падаюцца ў лепшых рэстаранах. “Курапатка па-паляўнічаму”, напрыклад, ці бычыныя хвасты, якія падаюцца англійскім лордам. Ці хоць бы тыя ж вінаградныя смаўжы, французскі дэлікатэс, рэцэпт прыгатавання якіх, дзякуючы “Астравецкай праўдзе”, зараз ведаюць усе гурманы Астравеччыны.
Увогуле я вельмі люблю стравы з рыбы і морапрадуктаў – і гатаваць, і спажываць. Тут, праўда, нашы з жонкай густы разыходзяцца: яна да морапрадуктаў адносіцца, мякка кажучы, халаднавата… Хоць, зрэшты, крэветкі падабаюцца і ёй. Рэцэпт прыгатавання? Ды лёгка!



Крэветкі

Зрэшты, можна прыгатаваць не толькі крэветкі, а мікс з розных морапрадуктаў – крэветак, мідзій, кальмараў – што вам падабаецца.
Канешне, лепш за ўсё купіць крэветкі не вараныя і замарожаныя, якія часцей за ўсё прадаюцца ў нас, а свежыя, ахалоджаныя – яны больш сакавітыя. Але гэта ўжо як пашанцуе.
У любым выпадку для прыгатавання морапрадуктаў – любых, крэветак у тым ліку – самае важнае – гэта булён, у якім вы іх будзеце адварваць. Сказаць дакладны рэцэпт яго прыгатавання не магу, бо кожны раз эксперыментую. Галоўнае: у гэтым булёне павінна быць шмат спецый. Найперш – кропу. Соль – я часцей за ўсё бяру ўжо прыпраўленую рознымі спецыямі, у крайнім выпадку – марскую. І потым ужо спытаю і дабаўляю прыправы па смаку.
Калі вы гатуеце адны крэветкі, то іх трэба пакласці ў кіпячы булён і гатаваць хвіліны тры-чатыры. Калі ў вас “асарці”, то спачатку закладваюцца кальмары, хвіліны праз трычатыры– мідзіі і апошнімі – крэветкі.
Пасля прыгатавання булён выключаю, але морапрадукты не дастаю – хай паляжаць да ахалоджвання, набяруцца марынадам.
Затым на патэльню наліваецца аліўкавае масла, кладзецца дробна парэзаны часнок і цыбуля, падсмажваецца. І затым – альбо сумесь фруктаў: яблыкі, груша, чарнасліў, – альбо гародніна: памідоры, перац, кабачкі і што яшчэ ў вас ёсць. Іх падсмажыць амаль да гатоўнасці і потым дабавіць морапрадукты – кальмары папярэдне трэба парэзаць тонкімі лустачкамі.
Напрыканцы ўсё паліць сокам лімона ці ўліць шклянку добрага белага віна – калі гатуецца з фруктамі, лімоннага соку трэба менш.


Эдуард Іванавіч Свірыд, кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Беларускай АЭС:


– У жаночы дзень віншую найперш, вядома ж, жонку. Увогуле яна ў нас у гэты дзень купаецца ў віншаваннях, у клопаце, у кампліментах: дома ж муж і два дарослыя сыны, а яна – адна! Падарункі звычайна выбіраюцца ў адпаведнасці з магчымасцямі бюджэту, але кветкі – гэта абавязкова!
Затым тэлефаную сястры, а потым ужо – усім знаёмым жанчынам: калегам, былым і сённяшнім, знаёмым, родным. На жаль, з адыходам у нябыт колішняй традыцыі віншаваць са святамі прыгожымі паштоўкамі і распаўсюджваннем мабільнай сувязі працэс віншавання звёўся да банальных СМС-ак.
Святочны стол у гэты дзень, вядома ж, накрываю я. Увогуле гатаваць люблю і лічу, што ўмею: мяса, рыбу прыгатую без праблем, хіба што пірог не спяку ды з супамі-баршчамі могуць узнікнуць праблемы.
Сёлета на святочным стале будзе, як і заўсёды,



Салата “Аліўе”

ў маім выкананні. Звычку гатаваць гэтую салату я пераняў ад свайго цесця, які, хоць чалавек ужо немалады і не вельмі здаровы, тым не менш на кожнае свята самастойна “стругае аліўе”.
Рэцэпт гэтай салаты, напэўна, у кожнага свой. Я тут неарыгінальны: зялёны гарошак, доктарская каўбаса, марынаваны агурок, вараныя яйкі і бульба. Усё здрабняецца – тут у нас з жонкай узнікае супярэчнасць: яна любіць, каб усё было парэзана як мага драбней, я – каб буйней. Усё перамешваю і запраўляю маянэзам – сапраўдным, каларыйным.


На гарачае, напэўна, прыгатую



Курыцу

Рэцэпт таксама вельмі просты, звычайны. Курыная тушка мыецца, націраецца прыправамі – я звычайна бяру спецыяльна для гэтага прызначаныя вытворчасці вядомых фірм, – кладу ў пакет для запякання – і ў духоўку. Сапсаваць пры гэтым страву практычна немагчыма – галоўнае, дастаць з духоўкі своечасова, каб не перасушыць.


Сяргей Лявонцьевіч СЯЎКО, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама:


– 8 сакавіка звычайна пачынаецца напярэдадні з віншаванняў калег: кветкі, сувеніры, бакал шампанскага…
Дома найперш віншую жонку і дачку. Як? Ды кожны раз па-рознаму. Стараюся, каб абавязкова былі ружы і цукеркі “Рафаэла” – бо інакш ніякі падарунак не мае сэнсу.
Падарункі кожны раз розныя. Самыя памятныя, напэўна, былі графічныя партрэты абедзвюх, жонкі і дачкі, – яны былі ўражаны.
Гатуем мы звычайна разам – што на душу ляжа. Я ў гэтым працэсе ўдзельнічаю таксама не ў якасці “парэж-прынясі”. Ёсць у мяне некалькі фірменных страў. Ну, напрыклад,



Смажаныя пельмені

І не трэба крывіцца – паспрабуйце прыгатаваць і пакаштаваць, і ўпэўнены: ваша думка зменіцца кардынальна.
Канешне, лепш, калі пельмені дамашнія, але я бяру звычайныя, магазінныя. Падсмажваю іх на алеі да залацістай скарыначкі. Затым дабаўляю парэзаную гародніну – што ёсць пад рукой: памідоры, перац... Абавязкова – яблык, можна выкарыстаць ізюм, вінаград. Пасаліць, дабавіць перац і іншыя спецыі – што ёсць. Цудоўна, калі знойдзецца карыца, куркума, каляндра, дробна парэзаны часнок. Абавязкова пасаладзіць. Падсмажыць. І ўсё – смачна есці!



Юшка

Юшка звычайна гатуецца на прыродзе, але мы жывём у сваім доме, так што праблемы з тым, каб выбрацца “на прыроду”, на юшку і шашлыкі, для нас не існуе – робім гэта часта і з задавальненнем.
У кожнага, вядома, свой рэцэпт юшкі. Галоўны сакрэт поспеху – гэта рыба: чым больш відаў, тым лепш.
Я люблю эксперыментаваць. Часам дабаўляю ў юшку памідоры ці таматны сок – гэта, праўда, не вітае жонка.
Абавязкова кладу крышку сухога чаю – ён надае страве своеасаблівы колер і водар. Люблю дабавіць крыху папярэдне запаранай пярлоўкі – нямнога, каб юшка не памутнела. Абавязкова – шклянку ці нават больш гарэлкі: спірт потым выпарыцца, а смак будзе больш насычаны.
Ну і самы “цымус” – на заканчэнне працэсу памяшаць усё бярозавай галавешкай.


---------------------------------------------------------
Допыт мужчын напярэдадні свята праводзіла Ніна РЫБІК.