Пленер резчиков по дереву прошёл на Островетчине по инициативе опытного лесхоза
Па ініцыятыве вопытнага лясгаса ў адной з самых маляўнічых мясцін Астравеччыны, панскай сядзібе ў Задворніках, на працягу тыдня праходзіў пленэр разьбяроў па дрэве. Літаральна за нядзелю другое жыццё ў вялізныя дубовыя бярвенні ўдыхнулі добра вядомыя ў Беларусі і за яе межамі майстры Мікалай Скляр з Гродна, Анатоль Туркоў з Камянца, Мікалай Задрэйка з Івянца Валожынскага раёна, Аляксандр Жураўлевіч з-пад Мінска і Валерый Манцэвіч з Драгічына. Вынікам іх плённай работы сталі 10 скульптур: “Вас вітаюць лесаводы Астравеччыны”, “Лесавік”, дэкаратыўныя лаўкі “Мядзведзь”, “Рысь” і іншыя.
Падобныя майстэрні пад адкрытым небам на Астравеччыне працуюць не ўпершыню. У апошні раз па запрашэнні кіраўніцтва лясгаса на нашай зямлі скульптуры з дрэва разьбяры стваралі ў 2019-м. Сёлета пленэр прысвяцілі Году добраўпарадкавання. Работы, у якіх спалучаны лясная тэматыка і беларускі фальклор, гарманічна ўпісаліся ў ландшафт некаторых аб’ектаў лясгаса, сярод іх – дэндрапарк, адміністрацыйныя будынкі некаторых лясніцтваў, паляўнічая база.
Патрыярх беларускай разьбы па дрэве, інакш і не скажаш пра каларытнага знешне і нетрывіяльнага ўнутрана Мікалая Скляра, які займаецца разьбой па дрэве звыш 55 гадоў.
– Мы з розных кропак Беларусі, але ведаем адзін аднаго даўно. Працаваць на Астравеччыне – адно задавальненне. Найперш дзякую кіраўніцтву Астравецкага вопытнага лясгаса ў асобе дырэктара Рыгора Мечыслававіча Долгага і ўсім астатнім, хто мае дачыненне да арганізацыі пленэра, за ідэальныя ўмовы для працы, – зазначыў майстар. – А цяпер можна і пра работу!
Хоць разьба па дрэве шмат у чым заснавана на эмоцыі і бачанні творцы, тым не менш, загадзя дэтальна абмяркоўваюцца і ўзгадняюцца эскізы паркавых скульптур. Праўда, часам некаторыя дэталі ўсё ж “падказвае” само дрэва. Няроўнасці, сукі, якія звычайнаму абывацелю могуць падацца заганамі, разьбяры, наадварот, абыгрываюць. Як трапна заўважыў Мікалай Сцяпанавіч, хоць матэрыял у пэўнай ступені дыктуе працэс стварэння паркавай скульптуры, але пры гэтым важна ўпісаць у дрэва вобраз. Назіраючы за работай майстроў, слухаючы іх аповеды і заўважаючы, як з-пад шчыльнага дажджу апілак пачынае праступаць фігура ці ад дотыку стамескі да дрэва вымалёўвацца твар, у чарговы раз ўпэўнілася, што робяць яны гэта проста геніяльна…
Мікалай Скляр стварыў указальнік для паляўнічай гаспадаркі. След у след за мужным паляўнічым, які трымае ў руках дубальтоўку, “ідзе” сабака, а над імі “лунаюць” качкі. Аляксандр Жураўлевіч даў жыццё двум грыбам, з ігрывым і хітра ватым позіркам, – баравіку і мухамору. Мікалай Задрэйка ў адной са сваіх работ ўвасобіў сакральны сэнс служыцеляў лясной гаспадаркі: да лесніка туліцца адначасова палахлівая і даверлівая казуля, а на іх пазірае цікаўны птах. А ў яго калегі Валерыя Манцэвіча атрымалася раскрыць спрадвечны код нашай нацыі: дзядзька-беларус, якога атачаюць дубовыя лісточкі, жалуды, трымае ў руках птушку. Фантазія, майстэрства, прафесіяналізм у тандэме з моцнымі рукамі Анатоля Туркова “нарадзілі” апекуна лесу – лесавіка, у руках якога непрыдатны на погляд пазбаўлены ленага мастацкага ўяўлення сучок стаў няўрымслівай вавёркай.