Профессиональный праздник отмечают сегодня работники ПУ "Островецрайгаз"
Працуем на ўзроўні
Традыцыйна ў першую нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Таму мы завіталі на ВУ “Астравецрайгаз” і папрасілі яго дырэктара Марыю Нікадзімаўну Ігнатовіч расказаць, чым жыве прадпрыемства сёння.
– Хоць пік газіфікацыі, можна сказаць, ужо прайшоў, аднак патрэба ў газе па-ранейшаму застаецца. У апошні час не толькі на тэрыторыі новабудоўляў, але і на тых вуліцах, дзе прыродны газ існуе ўжо амаль 20 гадоў, гаспадары дамоў актыўна заняліся газіфікацыяй. Пагэтаму ўтварылася чарга на праектаванне, выкананне будаўніча-мантажных работ і іх разлікі. Усе заявы бу¬дуць выкананы ў гэтым годзе, аднак, магчыма, не ўсе да надыходу халадоў.
Таксама хочацца нагадаць усім карыстальнікам прыродным газам, што выканаць абавязковае тэхнічнае абслугоўванне газавых прыбораў непасрэдна перад уключэннем ацяплення, канешне, нашы работнікі не могуць. Гэта робіцца на працягу года ў адпаведнасці са спецыяльным графікам.
Але не толькі адзіным прыродным газам жыве наша прадпрыемства. Звадкаваны газ у балонах – гэта 7,5 тысячы абанентаў у раёне. І служба дастаўкі газавых балонаў у розныя населеныя пункты стараецца працаваць на высокім узроўні і своечасова выконваць заказ. Пры апытанні людзей, мы атрымліваем добрыя водгукі, а гэта найлепшая ацэнка нашай работы.
Канешне, мы не стаім на месцы, і з развіццём тэхнічным растуць і патрабаванні да нашай службы. Акрамя сваіх непасрэдных тэхналагічных абавязкаў, мы таксама нямала ўвагі надаём прафілактыцы – праводзім інструктаж з насельніцтвам, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў пры карыстанні газам. Бяду лепш папярэдзіць і вучыцца пажадана на чужых памылках.
Ну і, вядома ж, фундамент, на якім трымаецца і дзейнічае наша служба, – гэта добрасумленныя, адказныя і надзейныя работнікі. Многіх з тых, хто аддаў прадпрыемству не адзін год працы, абаненты добра ведаюць. І сёння мне хочацца адзначыць нашых ветэранаў, чый вопыт і прафесіяналізм служаць прыкладам для ўсяго калектыву. Гэта вадзіцель Эдуард Станіслававіч Ясюкевіч і слесар Уладзімір Вікенцьевіч Арлоўскі, які за шматгадовую добрасумленную працу і прафесійнае майстэрства ўзнагароджаны ганаровай граматай ДВА “Белпалівагаз”.
Напярэдадні нашага свята, канешне ж, хочацца павіншаваць усіх работнікаў, ветэранаў працы, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, і якія ўнеслі значны ўклад у работу нашай службы, з прафесійным святам. І пажадаць усім моцнага здароўя, дабрабыту, жыццёвага аптымізму і невычарпальнай энергіі.
Утаймавальнік блакітнага агеньчыка

Дзяцінства Валянціна нічым асабліва не адрознівалася ад яго равеснікаў-аднавяскоўцаў. Як і ўсе, ён любіў пагуляць з сябрамі на вуліцы родных Маляў, ганяў мяч, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, хадзіў у Астравецкую сярэднюю школу… І, як і большасць хлопчыкаў, марыў у будучыні стаць касманаўтам. Каб на свае вочы ўбачыць, што там робіцца ў далёкім сусвеце, хапануць з нябёсаў пару дзясяткаў зорак, ну і, нарэшце, адчуць увесь смак і экстрым палёту не толькі ў сне. Словам, нармаль¬ныя жаданні і фантазіі звычайнага хлопчыка. Аднак мары і фантазіі на тое і існуюць, каб заставацца нечым прыгожым і недасягальным. Пасля 10 класаў, вырашыўшы, што касманаўтаў і без яго хапае, Валянцін застаўся працаваць на зямлі. Калі больш дакладна – на тэрыторыі завода “Радыёдэталь”. Праўда, надоўга затрымацца тут не выйшла – “стукнула” васямнаццаць і з ваенкамата прынеслі павестку ў армію.
– Настала пара – пайшоў служыць, – расказвае Валянцін Антонавіч. – Службовы абавязак выконваў у латвійскім горадзе Ліепая ў супрацьпаветраных войсках. Ох і прыгожы ж гэта горад! Наша вайсковая часць знаходзілася на ўскрайку. А побач – мора! Неабсяжнае, пяшчотнае, прыгожае, з рабрыстымі неспакойнымі хвалямі, на якіх можна калыхацца гадзінамі… Ці хадзілі туды купацца? Ну канешне! Амаль кожны дзень. Адкуль жа я тады ўсё гэта ведаю? Адчуў на ўласнай скуры. Мора ж побач знаходзілася. Перамахнеш праз вайсковую агароджу – і ты на яго беразе. Як нас туды так часта адпускалі? Ды хто ж пытаўся! Адзенеш спартыўныя штаны, пералезеш праз вароты і ўсё – хто там ведае, што ты салдат! Рызыка? А што за салдат, які ні разу не схадзіў у самаволку? Хто не служыў, той не ведае ўсіх падрабязнасцей вайсковага жыцця.
Адслужыўшы, як і належала ў той час, два гады, малады дэмбель вярнуўся дадому ў Малі. І зноў пайшоў працаваць на завод токарам- рэвальвершчыкам. Дарэчы, гэта прафесія не мае ніякага дачынення да зброі. Проста так называўся станок, за якім працаваў Валянцін. А яшчэ ён быў шліфоўшчыкам. Працаваў, па словах мужчыны, як усе. Аднак у гэтым ён крыху хітрыць, бо падчас працы на заводзе, дваццаць пяць гадоў таму, за добрасумленнае і якаснае выкананне працоўных абавязкаў партрэт Валянціна Антонавіча таксама быў змешчаны на раённай Дошцы гонару.
– А як жа! – згаджаецца мужчына. – Была такая справа. На ганаровым месцы, каля Леніна вісеў. (Усміхаецца)
На заводзе “Радыёдэталь” Валянцін Антонавіч адпрацаваў дзесяць гадоў. Многа гэта ці мала – у кожнага сваё меркаванне і рамкі вымярэння. Толькі на прадпрыемстве пачаліся фінансавыя праблемы. І якраз пачаў арганізоўвацца цэх дарожна-будаўнічай перасовач¬най механізаванай калоны. Добра ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць” мужчына перакваліфікаваўся ў слесара-зборшчыка цэха зварачнага абсталявання ДБПМК. Там ён адпрацаваў шэсць гадоў. А затым сустрэў інжынера тады яшчэ гаргаза Валянціна Уладзіслававіча Біркоўскага, які і паклікаў яго: “А давай да нас у гаргаз”.
– З таго часу, як прыйшоў, так і працую па сённяшні дзень. Усе васямнаццаць гадоў слесарам аварыйна-дыспетчарскай службы. Чым займаемся? Напрыклад, узніклі нейкія збоі ў рабоце газавага абсталявання, уцечка газа ў газаправодзе – выязджае брыгада і высвятляе, у чым там справа, ліквідуе непаладкі. У асноўным, больш трывожных выклікаў зімой, калі ў прыватных дамах уключаюць катлы з газавым ацяпленнем. Ды і зараз без работы не сядзім. Рознае здараецца. Але мяне ўсё задавальняе. І нічога, што столькі гадоў на адным месцы. У нас кожны дзень нешта новае. Сумаваць не даводзіцца.
Валянцін Антонавіч і зараз жыве ў Малях. Трымае гаспадарку. А калі выдаецца вольная часіна, вельмі любіць схадзіць на гадзінку-другую ў лес. Па ягады ці грыбы. Або проста паблукаць, адпачыць і падыхаць свежым паветрам. Каб зарадзіцца энергіяй і з новымі сіламі добрасумленна і якасна працаваць далей.
Добры інжынер, руплівая гаспадыня

Пачалося ўсё, напэўна, яшчэ ў дзяцінстве. У школе Але заўсёды падабалася чарчэнне, яе вабілі дакладныя лініі і разлікі і на ўзроўні падсвядомасці ўсе захапленні былі звязаны з пр¬ектаваннем і будаўніцтвам. Пэўную долю ўплыву тут аказаў і старэйшы брат, які таксама будучую прафесію звязаў з будаўніцтвам. Таму няма нічога дзіўнага, што дзяўчына паступіла ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. Вучыцца было цікава, бо тут яна знаходзілася ў сваёй сферы інтарэсаў і захапленняў. А вось калі надышоў час размеркавання…
– Сама я родам з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, – расказвае Ала Васільеўна. – І пра Астравец нічога не толькі не ведала, але нават ніколі і не чула такой назвы. А тут на размеркаванні аб’яўляюць, што паедзеш працаваць у Астравец. Ну якой павінна была быць мая рэакцыя? Канешне ж, адразу было страшна. Незнаёмае месца, незнаёмыя людзі. Думала, адпрацую свае гады, і паеду адсюль. Толькі вось, як гаворыцца ў той народнай мудрасці, чалавек толькі мяркуе... А жыццё вырашыла па-свойму. Тут я выйшла замуж, нарадзіла двое дзетак. Жыццё пацякло ў іншым рэчышчы…
Сваю працоўную дзейнасць у Астраўцы Ала Васільеўна пачынала з майстра МПМК. Пасля было ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, якому жанчына аддала 15 гадоў стараннай працы. Толькі жыццё – капрызная дама і калі ёй становіцца сумна, яна прыдумвае розныя выпрабаванні ці ставіць чалавека перад выбарам.
– Аднойчы мне прапанавалі пайсці працаваць у Астравецрайгаз. Скажу шчыра, я доўга думала і вагалася. А пасля згадзілася. І ні кропелькі не шкадую. З 2002 года тут працую. Канешне, спачатку было цяжкавата. Тым больш, што з абавязкамі інжынера па ахове працы сутыкнулася ўпершыню. Але нічога, паціху ўсё асвоіла. У гэтым плане вельмі дапамагалі дырэктар Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч і, на жаль, ужо нябожчык, галоўны інжынер Валянцін Уладзіслававіч Біркоўскі. Дапамагалі і парадай, і добрым словам. Працаваць заўсёды лягчэй, калі цябе разумее і падтрымлівае кіраўніцтва, а я на гэта паскардзіцца не магу.
А дома Ала Васільеўна – руплівая гаспадыня, якой вельмі падабаецца гатаваць для сваіх любімых дамачадцаў смачныя стравы. Асабліва, па словах жанчыны, ім падабаецца плоў. Яшчэ яна – любячая бабуля для сваёй пакуль адзінай унучкі-пястушкі Асэлі. Ну і, вядома ж, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, на якога трэба раўняцца і браць прыклад.
Любімая справа

– Вось сёння, напрыклад, у мяне – падольскі накірунак, – расказвае Эдуард Станіслававіч пра сваю работу. – Заўтра будзе іншы. А як жа, мы кожны раз ездзім па розных маршрутах. Ці не надакучыла за столькі гадоў? Ды не! Працуецца нармальна. Мы ж развозім па раёне своеасаблівую радасць (усміхаецца) – газавыя балоны, без якіх на вёсцы, як без рук. Ды за столькі гадоў і мяне многія ведаюць, і я заходжу ў хату, як да добрых знаёмых. А рабіць добрую справу ўдвайне прыемна.
----------------------------------
Матэрыялы падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара Аляксандра ЮШЧУКА.