Знакомьтесь: гордость Островецкого района Олег Колпак!

14:23 / 22.01.2017
гордость Колпак ОлегАднаму, каб яго асобу заўважылі, а  працу ацанілі, трэба на сваім рабочым месцы, як кажуць, з'есці не адзін пуд солі і прысвяціць справе дзясяткі гадоў. Другому ж хапае пяцігодкі, каб яго партрэт быў занесены на Дошку гонару.

Ад чаго гэта залежыць, мы высвятлялі ў вадзіцеля Астравецкага вытворча-рамонтнага ўчастка Алега Іосіфавіча Калпака, які ўсяго за пяць гадоў працы змог пакарыць недасягальны, але вельмі жаданы для многіх “алімп”.

КАРОТКІЯ ЗВЕСТКІ

Месца нараджэння: вёска Карвэлі.

Адукацыя: Варнянская сярэдняя школа.

Узрост: 32 гады.

Сямейнае становішча: жанаты, гадуе сына.

Пра пачатак дня


Сярод дзелавіта снуючых па сваіх справах мужчын у аднолькавых сіне-аранжавых куртках з узнятымі каўнярамі – мароз у ранні зімовы час ціснуў так, што вушы нават у цёплай шапцы “закручваліся ў трубачку”, – знайсці “гонар раёна” было складана.

– Няма яго тут, – пракамен-ціраваў дырэктар ПВУ Казімір Вікенцьевіч Багдановіч.  – Ён зараз у лясгасе – паперы падпісвае…

– У сем гадзін раніцы?! – здзівілася я.

– Так. Каб паспець падрыхтаваць машыну і ў восем выехаць на аб'ект.

Пра выбар


Пра чалавека лепш за ўсё гавораць яго справы. А хто, як не кіраўнік прадпрыемства, ведае кожны крок свайго падначаленага? Таму першае – і вельмі сур'ёзнае пытанне – было адрасавана зноў жа Казіміру Вікенцьевічу:

– Чаму сярод многіх дастойных называцца гонарам раёна быў выбраны менавіта Алег Калпак?

–  Калі наша прадпрыемства аддзялілася ад ЖКГ і частка лю-дзей перайшла працаваць да нас, ён быў, бадай, адзіны, хто не захварэў, не пайшоў у адпачынак ці проста не адмовіўся дапамагчы. Ён з першага дня стаў працаваць добра і якасна, без стогнаў і лаянкі. Не разумеў – пытаў, не ведаў, як лепш, – звяртаўся за дапамогай, трэба выехаць раней – ехаў, не паспяваў з рэйсам – заставаўся…

Адразу было бачна, што гэта чалавек  адказны і старанны. Яму дастаткова падказаць – астатняе Алег  зробіць сам. Ён заўсёды сумленна працуе – і для таго, каб гэта ўбачыць, не патрэбны дзесяцігоддзі.

Пра работу


Сціплы, крыху збянтэжаны павышанай увагай да сваёй персоны, Алег адказваў на пытанні проста, адкрыта і лаканічна.

– Як вы прыйшлі ў сваю прафесію?

– Са школы. Марыў стаць ваенным – вельмі падабалася форма, парадак і дысцыпліна. Але не склалася. Трэба было шукаць работу. Знайшоў: разам з сябрам некаторы час працаваў у Маскве экскаватаршчыкам. Праз шэсць гадоў вярнуўся – усё ж не такі салодкі хлеб, як можа падацца, ды і на радзіму хацелася. Пра прыгоды, якія могуць чакаць “за мяжой”, тады не думаў, а вось вопыт –  жыццёвы і прафесійны – добры атрымаў.

У Астраўцы ўладкаваўся ў РУП ЖКГ вадзіцелем:  прыйшоў час на адным месцы асесці. Вярнуўся  – і якраз новы МАЗ, што атрымала Астравецкае ЖКГ.

А потым, калі вытворчы ўчастак аддзяліўся, разам з машынай перайшоў туды.

– Ці ўзнікала жаданне што-небудзь змяніць?

– Прафесію – не. А вось палепшыць свае веды – так. Да прыкладу, атрымаць патрэбную адукацыю, каб стаць механікам, – гэта мэта на будучае.

Калі чалавеку хочацца нешта змяніць на сваім рабочым месцы, значыць, трэба мяняць прафесію ці работу. Мяне ўсё задавальняе.

– Чым работа вадзіцеля ад-розніваецца ад дзясяткаў-соцень такіх жа?

– Я працую ў лесе – драўніну вывожу “ў свет”. На сённяшні дзень для мяне гэта справа звычайная і лёгкая. А вось спачатку было складана.

Кіраваць машынай, нават такой, як у мяне – даўжынёй у 20 метраў не  праблема. Галоўнае – акуратна і правільна загрузіць ці разгрузіць маніпулятарам бярвенні даўжынёй у 6-8 метраў. Бо як загрузіш – так і паедзеш, па вуліцах Астраўца ў тым ліку.

– Што вам больш за ўсё падабаецца ў рабоце?

– Сам працэс – пачынаючы ад моманту, калі заязджаеш у лес, і да апошняга разгружанага бервяна – гэта неперадавальна: пахі, гукі, атмасфера…

Нягледзячы на тое, што больш за ўсё люблю працаваць летам, зіма ў лесе дорыць незабыўныя ўражан-ні, і нават у вясенне-асенняе бездарожжа, калі калёсы машыны вязнуць у топкіх каляінах і выбрацца з іх без чужой дапамогі немагчыма, можна знайсці шмат станоўчага.

– Вы не супраць пачынаць рабочы дзень да васьмі гадзін раніцы?

– Калі гэта трэба – то што тут такога? Часта працаваць прыходзіцца ў самых далёкіх куточках  нашага раёна. А машыну, асабліва зімой, трэба прагрэць, заправіць. Пакуль да месца даедзеш – назад вяртацца трэба. Дык калі тады працаваць? Таму выязджаю рана, а вяртаюся позна.

Пра сям'ю і мары


Гэтак жа проста і спакойна ў халасцяцкае жыццё Алега Іосіфавіча ўвайшло каханне. З будучай жонкай Таццянай хлопец сустрэўся ў знаёмых і нават не думаў, што гэта мімалётная сустрэча перарасце ў нешта большае. Да выбару спадарожніцы жыцця Алег аднёсся, як і да ўсяго, чым займаецца: сур'ёзна і ўважліва. Амаль тры гады яны прыглядваліся адзін да аднаго, пакуль не вырашылі, што прыйшоў час з'явіцца ў нашым раёне новай сям'і…

У свае 32 гады Алег Іосіфавіч Калпак шчаслівы муж каханай жонкі і бацька сямігадовага сына Кірыла – як сапраўднае дзіця свайго часу, хлопчык марыць мець уласны магазін і быць прадпрымальнікам. Алег не баіцца цяжкасцей, з якімі можа сутыкнуцца на шляху да сваёй мары: пабудаваць дом і ў любові і згодзе вырасціць дзяцей – у планах сям'і іх як мінімум двое.

Увогуле, як лічыць Алег Калпак, сапраўднай мары дасягнуць няпроста – для гэтага патрэбны час і сілы, не толькі матэрыяльныя, але і душэўныя. Адпачыць на райскім беразе для яго – усяго толькі спосаб расслабіцца, бо для таго, каб туды трапіць, патрэбны толькі грошы, прычым не так ужо і шмат.

Адным сказам

* Занясенне на Дошку гонару – гэта прыемны факт, які падштурхоўвае працаваць яшчэ лепш, удасканальвацца і развівацца.

* Грошы, канешне, патрэбны. Але важней адчуваць сябе на рабоце спакойна і ўпэўнена.

* У жыцці мы ўвесь час павінны рухацца наперад.

*Вадзіцель – няважна, за рулём якога аўтамабіля ён знаходзіцца, – павінен быць адказным, акуратным, умець прадугледзець вынік сваёй працы і паводзін на дарозе.

* Вадзіць машыну і ўвогуле працаваць трэба з розумам.

* Я люблю сваю работу – але жыву і працую  дзеля сям'і.

Такія простыя, сціплыя і працавітыя людзі, як Алег Іосіфавіч Калпак, дапамагаюць зразумець, што шлях, па якім кожнаму з нас трэба ісці, павінен быць светлым, сумленным і прамым. І тады ганаровае званне лепшага ў раёне не толькі працаўніка, але і чалавека, не прымусіць сябе доўга чакаць.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.