Амаль паўстагоддзя працуе на кардоннай фабрыцы гонар Астравецкага раёна Уладзімір Лазарэвіч

11:00 / 06.07.2025

Шмат расказаў пра сваю работу на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы гонар Астравецкага раёна фрэзероўшчык Уладзімір Лазарэвіч, які раз і назаўсёды абраў гэтае прадпрыемства месцам працы. І калі пачула, што тут працавалі яго бацькі і дзяды, зразумела, чаму: прыцягненне каранёў…
На сваёй зямлі
Тут, у Альхоўцы, Уладзімір на­радзіўся, вырас, вучыўся ў школе. У 1980 годзе, адразу пасля яе заканчэння, прыйшоў працаваць на мясцовую фаб­рыку токарам. 
– З гэтай работай быў знаёмы, – узгадвае мужчына. – Настаўнік працоўнага навучання Віктар Міхайлавіч Гражуль прыводзіў нас, хлопчыкаў, на вытворчасць, дзе мы «праходзілі» такарскую справу. Больш таго, пасля школы атрымалі пасведчанне токара 1-га разраду.
Адным з момантаў, які імпанаваў хлопцу і заахвочваў працаваць менавіта на фаб­рыцы, акрамя жадання прадоўжыць працоўную дынас­тыю, была перспектыва атрымання жылля. У 1985 годзе Уладзімір ажаніўся, нарадзіліся дзеці – Антон і Ірына, і маладая сям’я атрымала кватэру. І сёння няма для дзядулі і бабулі большай радасці, чым сустракаць у госці ўнукаў Машаньку і Мішаньку…
– Мне па душы вясковае жыццё, – прызнаецца мужчына. – Тут грыбы, ягады, рыбалка. Любімая работа на месцы.
Новы «профіль»
На фабрыцы Уладзімір Лаза­рэвіч ужо 45 гадоў. Але самастойна працаваць стаў не адразу: спачатку быў вучнем токара. Пасля вяртання з арміі фабрыка накіравала яго вучыцца на фрэзероўшчыка ў Шклоў. 
– Не скажу, што гэта больш складаная работа, але нюансаў хапае, – тлумачыць гонар Астравецкага раё­на. – Ад фрэзе­роўшчыка ў вялікай ступені залежыць, як будзе працаваць фабрыка: «паляціць» абсталяванне – стане і вытворчасць. Таму рамонт нават невялікага механізма – справа сур’ёзная. Не зможам зрабіць дэталь самі, давядзецца яе заказваць – гэта згублены час і лішнія затраты. 
Надзейна і якасна
Уладзімір Лазарэвіч не толькі фрэзероўшчык, выконвае аба­вязкі інструментальшчыка. 
– Цяпер маю работу ўвогуле можна назваць каманднай, – лічыць працаўнік кардоннай фабрыкі. – Калі здараецца паломка, разам з калегамі нашага рамонтна-механічнага ўчастка (токарам і зваршчыкам) стараемся як мага хутчэй яе ўстараніць.
Пасля работы застацца або ў выхадны выйсці – Уладзімір Міхайлавіч працуе і жыве па прынцыпе «трэба – значыць трэба», бо разумее важнасць сваёй справы.
– Бывала, і нават не раз, што галаву даводзілася паламаць, як зрабіць, – усміхаецца мужчына. – Пакумекаеш, пракруціш варыянты, прыкінеш – і нешта абавязкова атрымаецца. Прасцей з тым, што часта ламаецца, – тады лёгка рамонт ідзе. А вось з «навінкамі»… Хваляванне, ці спраўлюся, было першыя некалькі гадоў, цяпер за любую работу бяруся спакойна. Атрымалася – і з’яўляецца ўпэўненасць: магу! Ну і радасць, канешне. Менавіта з вырашэння такіх складаных задач нараджаецца вопыт. 

 Апытанка
– Колькі, на ваш погляд, неабходна часу, каб стаць прафесіяналам у вашай справе?
– Не менш за дзясятак гадоў, мабыць. Тэарэтычныя веды – гэта добра, але практыка патрэбна.
– Ці ўспомніце паломку, з якой, думалі, не справіцеся?
– Нават некалькі такіх было. А па вялікім рахунку, ніколі не ведаеш, ці атрымаецца. 
– Без якіх школьных прад­метаў фрэзероўшчыкам не быць?
– Матэматыкі і чарчэння, хоць з апошнім мне было складана – давялося да многага сваім розумам даходзіць.
– Вашы «задачы» вялікія па памеры?
– Самая вялікая дэталь, якую давялося апрацоўваць, весіла каля двухсот кілаграмаў, але з дробнымі працаваць складаней.
– Ваш асноўны інструмент?
– Штангенцыркуль і фрэза – на любым «заданні» без іх ніяк.
– Як адносіцеся да дарадцаў, якія круцяцца побач, калі вы працуеце?
– Цяпер ужо спакойна, а вось малады быў… (Усміхаецца.) Да таго ж, калі парада слушная, то чаму б яе не выкарыстаць.
 
Пра асабістае: калі б не…
– …Альхоўка?
– Магчыма, Шклоў. Падчас вучобы мог бы застацца, там з мясцовымі раззнаёміўся. 
– …фабрыка?
– Усе думкі заўсёды былі пра наша прадпрыемства і планы з ім заўсёды звязваў.
– …фрэзероўшчык?
– На фабрыцы згадзіўся б на любую работу і, думаю, спра­віўся б. З задавальненнем працягваў бы працаваць токарам.
«Ці лічу сябе прафесія­на­лам? – з усмешкай пера­пытвае гонар района. – Не мне вырашаць. Пра гэта няхай вам калегі і кіраўніцтва скажуць. А тое, што на Дошку гонару «намініравалі», вялікі дзякуй. Мабыць, вось ён, адказ на пытанне. Шмат дастойных у нашым калектыве, таму было нечакана, але прыемна. Кожны, хто становіцца гонарам раёна, я ўпэўнены, стараецца апраўдаць давер: працуюць яшчэ лепш, калі гэта ўвогуле магчыма».

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович