Знакомьтесь: парикмахер-визажист Анжелика Ластовская!
15:00 / 17.12.2015

Нядаўна я пазнаёмілася з яшчэ адной стваральніцай прыгожага – праўда, яе дзейнасць некалькі адрозніваецца ад пералічаных вышэй. Яна бачыць тое, чаго не заўважаюць іншыя, падкрэслівае галоўнае і знаходзіць такую жаданую “ізюмінку”, ствараючы свае шэдэўры прыгажосці непасрэдна на людзях. Знаёмцеся – парыкмахер-візажыст Анжаліка Ластоўская.
Наша газета нядаўна паведамляла пра поспехі дзяўчыны на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў NAIR – 2015” і чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь “Стыль і прыгажосць-2015”. І гэта – далёка не ўсе яе ўзнагароды на розных конкурсах за стварэнне арыгінальных і прыгожых вобразаў. А пачыналася ўсё з лялек…
– Ой, што я з імі ні вытварала, якія прычоскі ні вырабляла, а як стрыгла – мама толькі за галаву хапалася! – са смехам успамінае дзяўчына. – Цяга да крэатыву прачнулася ў мяне ў маленстве. І хоць я хацела быць і спявачкай, і актрысай, але ў выніку перамагла творчасць. Калі падрасла, зразумела, што падабаецца ўсё, што звязана з вобразам чалавека: знаходзіць індывідуальны стыль, падбіраць адценні, шукаць кампраміс паміж кантрастамі. Словам, ляпіць і ствараць сваю прыгажосць. І вырашыла рабіць гэта прафесійна, пагэтаму пасля заканчэнне Гудагайскай сярэдняй школы паступіла ў Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на мастака-мадэльера.
Падчас вучобы дзяўчына ўдзельнічала ў многіх конкурсах, дзе яе работы не пакідалі раўнадушнымі гледачоў і членаў журы. Зараз Анжаліка – студэнтка 5 курса, і многія сталічныя салоны былі б рады адчыніць дзверы перад таленавітым і крэатыўным майстрам, але дзяўчына вярнулася на Астравеччыну і зараз праходзіць пераддыпломную практыку ў салоне “Сакура”.
– Мне падабаецца мая работа. Асабліва атрымліваю задавальненне, калі поўнасцю рыхтую чалавека да, скажам, фотасесіі ці нейкай важнай урачыстасці, дзе трэба выглядаць не толькі прыгожа, але і цікава. Прапаноўваю сваё бачанне вобразу – прычоску, макіяж, адзенне. Вельмі важна, каб чалавек пры гэтым адчуваў сябе камфортна і гарманічна. Калі гэта ўдаецца, лічу праграму максімум выкананай. Яшчэ люблю эксперыментаваць, але ў рамках разумнага, вучыцца і развівацца – пагэтаму і стараюся прыдумваць нешта асаблівае і арыгінальнае.

– Люблю працаваць, калі весела і пануе лёгкая атмасфера. Пастаянная работа з паперамі, афармленне дакументацыі – адназначна не маё. Мне больш даспадобы актыўны лад жыцця, хоць, калі моцна стамляюся, магу і паваляцца дзень на ложку. Вельмі люблю падарожнічаць, хадзіць у паходы, пазнаваць нешта новае. Дзікая прырода, горы, лясныя азёры – вось гэта маё!
Планы на будучыню? Для пачатку напісаць і абараніць дыплом, закончыць вучобу, уладкавацца на працу, удасканальваць майстэрства і рабіць людзей прыгожымі і шчаслівымі.
Бліц-апытанне
– Назавіце тры “я” станоўчыя.
– Камунікабельная, адказная, жыццярадасная.
– А зараз – тры “я” адмоўныя.
– Бываю часам рассеянай, лянівай і залішне эмацыянальнай.
– Захапленні?
– Люблю танцаваць – калі вучылася ў школе, выступала ў “Нон-стопе”. Сябрую са спортам – валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка. А яшчэ малюю…
– Ці згодны з вядомым выразам “Прыгажосць выратуе свет”?
– Тая прыгажосць, якую ствараю я, – толькі абгортка ад цукеркі: бліскучая, зіхатлівая, але пустая. Сапраўдная прыгажосць – гармонія знешнасці і душы.
– Што пажадаеце жанчынам, каб заўсёды выглядаць на “ўсе сто”?
– У першую чаргу, быць упэўненымі ў сабе – тады ўсё будзе атрымлівацца. Ідэальных людзей не бывае. Наша знешнасць залежыць ад нашага ўнутранага стану. Усміхайцеся – і свет усміхнецца вам у адказ!
-------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.