Любоў Жакун выйшла на пенсію – і пачала сваю справу

08:09 / 29.07.2025

Многім здаецца, што з выхадам на пенсію жыццё калі не заканчваецца, то выходзіць на фінішную прамую. І адзінае, што застаецца, – гэта лячыць свае болькі, якія імкліва памнажаюцца, чакаць у госці дзяцей і ўнукаў ды ўспамінаць былое…

Але так бывае не заўсёды і не ва ўсіх. Да прыкладу, Любоў Жакун з Гервят пасля выхаду на пенсію пачала трэці і зусім нечаканы для сябе этап свайго жыцця.

Першы прайшоў на Украіне, дзе яна вырасла, закончыла школу, выйшла замуж, паступіла ў Цярнопальскі фінансава-эканамічны інстытут. 

А потым рэзкі паварот лёсу – і ў 1984 годзе маладая сям’я Жакуноў пераехала на Астравеччыну, у Гервяты. Тагачасны старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі ўгаворваў Любу пераводзіцца ў Ленінградскі сельска­гаспадарчы інстытут, але яна не пагадзілася: разам з мужам пайшла працаваць даглядчыкам на комплекс. Партрэты Леаніда і Любові Жакуноў не сыходзілі з Дошкі гонару, часта з’яўляліся на старонках «Астравецкай праўды». Больш за 30 гадоў даглядалі яны быкоў. Нялёгкай і добрасумленнай працай здабылі за гэты час славу і пашану. 

І вось прыйшоў час заслужанага адпачынку – і новага этапу жыцця…

…А да гэтага здарылася ў сям’і бяда, якая, як потым аказалася, стала лёсавызначальнай падзеяй. Цяжка захварэла і вымушана была пакінуць работу ў школе дачка. Вузел паштовай сувязі у той час паставіў свой кіёск каля касцёла, і маладой жан­чыне прапанавалі пайсці туды пра­даўцом. Яна, каб не маркоціцца дома, пагадзілася. 

У тыя гады гервяцкі храм і тэрыторыя вакол яго стараннямі ксян­дза-пробашча Леаніда Несцюка дзень пры дні набывалі новае аблічча і сюды пацягнуліся турысты. Выходзячы з касцёла, яны хацелі набыць што-небудзь на памяць – а прапанаваць не было чаго… Ва ўсякім выпадку, існуючы ажыятажны попыт на сувеніры пошта не магла задаволіць ні колькасна, ні якасна. Жакунам прапанавалі: бярыце кіёск у арэнду і гандлюйце, чым хочаце.

Каб дапамагчы дачцэ, Любоў Пятроўна, працуючы на комплексе, зарэгістравалася інды­відуальным прадпры­мальнікам. Ніна неўзабаве выйшла замуж і паехала за мужам. Пакідаць справу, якая ўжо набірала абароты – былі ўкладзены сродкі, закуплены тавар, ды і людзі прывыклі, што ў Гервятах можна купіць цікавыя арыгінальныя сувеніры – не хацелася. Жанчына два гады разрывалася паміж комплексам, бізнесам і домам. 

А калі атрымала пасведчанне ветэрана працы, рашылася пачаць пісаць новыя старонкі сваёй біяграфіі…

«Калі б мне хто-небудзь сказаў, што я стану прад­прымальнікам, – пасмяялася б, – усміхаецца Любоў Пятроўна. – Ужо і работу пакінула, а душа балела: як там справы на комплексе. Дзяўчаты едуць на работу, зазірнуць да мяне, стануць расказваць – хочацца кінуць усё і за імі бегчы. Ды прывыкла – чалавек да ўсяго прывыкае»…

З цягам часу Жакуны купілі ўласны шапік, у 2020 годзе па прапанове мясцовай улады перамясціліся на плошчу аграгарадка побач з магазінам. Разнастаілі асартымент, сталі прапаноўваць наведвальнікам – а гэта ў большасці сваёй турысты, якія праехалі немалы шлях, каб убачыць гервяцкую прыгажосць, і стаміліся – каву розных гатункаў… 

Словам, бізнес у іх паспяховы. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае добразычлівая ўсмешка Любові, ветлівае абслугоўванне кліентаў, гатоўнасць адказаць на любыя пытанні.

Хоць справа ў іх, можна сказаць, сямейная. Муж Леанід, таксама пен­сіянер, жартуе, што працуе ў жонкі персанальным вадзіцелем. Сын, які жыве ў Мінску, клапоціцца пра асартымент. Зрэшты, цяпер па­стаў­шчыкі самі прапануюць самы разнастайны тавар. І ў шапіку Жаку­ноў можна набыць не толькі банальныя магніцікі ды талеркі з відамі касцёла Святой Тройцы і іншых знакавых мясцін Астравеччыны – цяжка сказаць, чаго тут няма. Дзіву даешся, колькі ўсяго цікавага, прыгожага і арыгінальнага змяшчаецца на невялікай плошчы. І рэдкі турыст, наведаўшы Гервяты, пакідае гэтыя мясціны без сувеніра ад Жакуноў.

…Гераіня вядомага фільма сцвярджала, што ў 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца. А Любоў Жакун упэўнена, што ніколі не позна пачаць пісаць новую старонку сваёй біяграфіі.

Галоўнае – не баяцца ісці па той сцежцы, на якую цябе штурхае лёс.
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик