Виктор Макаревич мечтал стать водителем, а стал начальником отделения Госавтоинспекции

11:00 / 06.03.2014
Вы ніколі не задумваліся, што было б, калі ў размеранае жыццё не ўмешваўся б гарэза-
выпадак? Усё спакойна і статычна, прадказальна і вырашальна... Але ці цікава? Аднак нярэдка і мы, закаранелыя рэалісты, патануўшы ў штодзённай руціне, не заўважаем ці не хочам заўважаць, як нехта штурхае на нейкі ўчынак, тасуе карты жыцця, разварочвае яго на 90 ці нават на 180 градусаў. Выпадак? Ці заканамернасць?…

У жыццё Віктара Казіміравіча Макарэвіча, як ён сцвярджае, часта ўмешваўся гэты самы выпадак. Ды як у гэта не паверыць, калі за некалькі гадоў з вопытнага вадзіцеля-прафесіянала ён стаў начальнікам аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі?
Яшчэ хлапчуком Віктар марыў стаць вадзіцелем. Навошта пакараць касмічныя далягляды і лунаць між зорак, калі можна ганяцца за лініяй гарызонту, пакараць усё новыя кіламетры бясконцых дарог і атрымліваць задавальненне ад прыгажосці палёў, лясоў, гарадоў і вёсак, якія праносяцца за акном аўтамабіля, вось тут, на зямлі? Словам, пасля заканчэння Ашмянскай сярэдняй школы №1 Віктар Макарэвіч пайшоў працаваць вадзіцелем.


– Я родам з Ашмянскага раёна – ёсць там такая вёска Ступкоўшчызна, – расказвае Віктар Казіміравіч. –А працаваць пайшоў у ДП “Астравецкая сельгастэхніка”. Чаму ў Астравец? Ды выпадкова атрымалася: была вакансія, прапанавалі, і я згадзіўся. Гэта ж побач, можна сказаць, па-суседску. Але затрымаўся я там нядоўга – праз паўгода прыйшла павестка з ваенкамата. Служыў у Станькава (гэта Дзяржынскі раён). На радзіме Марата Казея, між іншым. У не менш вядомай Станькаўскай ракетнай брыгадзе. Вучэбка, “пад’ём”, “адбой”, начныя трывогі – служба праходзіла, як і ва ўсіх. Два гады – і доўгачаканая дэмабілізацыя. Вярнуўся. Пайшоў працаваць. Кім? А вы як думаеце?


Канешне, Віктар пасля двухгадовага перапынку зноў сеў за руль, стаў вадзіцелем галоўнага архітэктара Астравецкага раёна Уладзіміра Сцяпанавіча Крэсцьянчыка. Праўда, нядоўга. Праз паўгода яму прапанавалі работу ў аўтапарку №4.


– А што? На машынах паездзіў, можна ўжо і на аўтобус перасаджвацца. (Усміхаецца) Адправілі мяне ў Гродна. Там адвучыўся, здаў на адпаведную катэгорыю, і вось – новаспечаны вадзіцель аўтобуса гатовы! А далей – кожны дзень новыя маршруты, новыя людзі, новыя ўражанні. На аўтобусе мне працаваць падабалася. Там была не толькі дарога і гул матора, але і стасункі з людзьмі. Тады яшчэ быў маршрут “Астравец – Вільнюс”, сярод пасажыраў якога сустракаліся і беларусы, і літоўцы, і палякі. Цікава...


Амаль чатыры гады Віктар Казіміравіч калясіў па розных дарогах. Яго ведалі, і ён таксама вывучыў многіх з пасажыраў. Праца падабалася, але…
Да гэтага часу хлопец ажаніўся. А што галоўнае для маладой сям’і? Канешне ж, жыллё. Атрымаць яго ў аўтапарку №4 на той час магчымасці не было. А вось для работнікаў перасовачнай механізаванай калоны гэта было рэальна. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Віктар уладкаваўся туды – зноў жа вадзіцелем.


– Ці шкадаваў, што змяніў месца працы? Ды ёсць у мяне жыццёвы прынцып: ні аб чым не шкадаваць. Што было, тое прайшло. Трэба жыць не мінулым, а цяперашнім. У ПМК таксама на аўтобусе працаваў, яго ў народзе яшчэ “лятучкай” называлі, вазіў людзей на работу. Тры гады ад’ездзіў. Кватэру атрымаў. Так што ўсё апраўдана было.


А пасля выпадак умяшаўся па-сур’ёзнаму. Аднойчы знаёмы параіў звярнуцца ў міліцыю – там якраз з’явілася вакансія інспектара дарожна-паставой службы. Макарэвіч так і зрабіў.


– Як атрымалася, што з актыўнага ўдзельніка дарожнага руху я пераўвасобіўся ў пагрозу для ўсіх вадзіцеляў? (Усміхаецца) Кажу ж – выпадкова. Плюс маладосць – спачатку робіш, пасля думаеш. Уладкаваўся інспектарам ДПС. Ніколі не забуду: спыняю першага парушальніка – рукі-ногі трасуцца, доўга тады пратакол выпісваў. Праўда, на дарозе пастаяў нядоўга – праз паўгода паступіў у Мінскі дзяржаўны політэхнічны інстытут на спецыяльнасць “Інжынер па бяспецы і арганізацыі дарожнага руху” на завочнае аддзяленне. Паступаў у інстытут, а скончыў Акадэмію.


Так Віктар Казіміравіч змяніў пасаду інспектара на дзяржаўтаінспектара. Тут была крыху іншая спецыфіка – больш увагі надавалася рабоце з юрыдычнымі асобамі. Неўзабаве ён стаў намеснікам начальніка ДАІ.


– Хачу самымі добрымі словамі ўспомніць Пятра Іванавіча Азевіча, які ў той час быў начальнікам ДАІ. Асабліва цяпер, праз гады, я разумею, што ён быў цярплівым і вельмі мудрым начальнікам. Падчас работы здаралася рознае, і памылкі ў тым ліку. Аднак ён ніколі не дзейнічаў “згарача”, даваў шанс зразумець і выправіць недарэчнасць, тлумачыў, дапамагаў, калі трэба.


Надышоў час, калі Віктар Казіміравіч змяніў Пятра Іванавіча Азевіча на пасадзе начальніка. Ці думаў калі малады вадзіцель Макарэвіч, якога неаднаразова спынялі даішнікі, што будзе ўзначальваць гэтае аддзяленне? Наўрад ці… Але да нясення службы на такой пасадзе аднёсся сур’ёзна і адказна. І адразу пастанавіў для сябе абавязковае і галоўнае правіла – глядзець і аналізаваць сітуацыю не толькі як супрацоўнік ДАІ, але ў першую чаргу як вадзіцель і чалавек.


– Працавалася па-рознаму. У той час у нас быў вельмі дружны калектыў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывалі начальнікі РАУС – Яраслаў Мікалаевіч Халецкі, Уладзімір Уладзіміравіч Кабрынец. Мы былі адной камандай. У калектыве панавалі разуменне, давер і ўзаемавыручка. І гэта – не пустыя словы. Ды і адносіны людзей да супрацоўнікаў міліцыі былі іншымі. Канешне, бывала ўсялякае. Напрыклад, здарыцца аварыя, чалавек адразу прызнае віну. А пасля наслухаецца дарадцаў і прыходзіць спрачацца, “качае” правы, хоча ўхіліцца ад адказнасці. У любых сітуацыях стараўся падыходзіць да праблемы перш за ўсё па-чалавечы. Усе мы людзі, і з кожным можа здарыцца непрадказальнае.


Гэта на першы погляд здаецца, што супрацоўнікі ДАІ толькі “ловяць” парушальнікаў. Але, калі здараецца аварыя, яны першымі прыбываюць на месца здарэння. І не заўсёды сітуацыі заканчваюцца штрафам і памятым аўтамабілем. У той час у год у сярэднім гінула 20-25 чалавек. Колькі бачыў за час працы загінуўшых Віктар Казіміравіч – страшна падумаць. Ды і гаворыць ён аб гэтым неахвотна.


– Самая страшная аварыя на маёй памяці – гэта калі ў Варнянах, на павароце на Дубнікі, загінула 6 чалавек. Ці яшчэ выпадак. Мы якраз выехалі на месца здарэння – непадалёк ад Дзірмунаў на полі разбіўся матацыкліст. Аглядалі месца аварыі, пад’ехалі трактары, што працавалі на полі, сабраліся людзі. І раптам убачылі, як па полі на скорасці нясецца яшчэ адзін матацыкліст. Усе махаюць рукамі – маўляў, куды едзеш, тут аварыя, транспарт стаіць, небяспечна, тармазі. Не затармазіў… Урэзаўся ў трактар – і разбіўся насмерць…


Дарога памылак не даруе – сцвярджаюць адны. Не кожны можа быць вадзіцелем – кажуць другія. Езджу па правілах – і заўсёды правы – упэўнены трэція. На гэта ў Віктара Казіміравіча ёсць свой пункт гледжання.


– Ёсць правілы дарожнага руху, якія трэба выконваць. Ёсць супрацоўнікі ДАІ, якія за гэтым сочаць. Ёсць і парушальнікі, якія нахабна і агрэсіўна паводзяць сябе на дарозе. А яшчэ ёсць і экстрэмальныя сітуацыі, падчас якіх жыццё залежыць ад аднаго моманту, і тады ты забываеш пра правілы і пакаранні. Галоўнае ў гэтую хвіліну – любым спосабам выратаваць сябе і не нанесці шкоду іншым. Майстэрства вадзіцеля вызначаецца не толькі ўменнем ездзіць па правілах, але і ўменнем знайсці бяспечнае выйсце з любой сітуацыі. І з гэтым цяжка паспрачацца…


----------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.