Бокс стал смыслом жизни

13:00 / 20.07.2013
3945
1
Сяргея Лобана я ведаю даўно. Завочна. Без асабістага знаёмства і прадстаўлення адзін днаму. Пішу пра яго ўдзел у розных спаборніцтвах-турнірах і чэмпіянатах, пра дасягненні і перамогі на рынгу – пры гэтым ні разу не сустрэўшыся твар у твар.
Пасрэднікам нашага знаёмства стаў яго трэнер Аляксей Зянонавіч Маргуж. Канешне, сустрэцца з Сяргеем і напісаць пра яго больш падрабязна хацелася даўно. Аднак зборы, трэніроўкі і шчыльны графік хлопца доўга перашкаджалі зрабіць гэта. Але нарэшце пашанцавала – і ў прызначаны час я ішла на сустрэчу. Прызнаюся, крыху хвалявалася, бо рыхтавалася сустрэцца з удзельнікам чэмпіянату Еўропы, прызёрам і пераможцам не толькі рэспубліканскіх, але і міжнародных спаборніцтваў, прадстаўніком нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па боксе… А сустрэлася са звычайным маладым чалавекам – са сваімі поглядамі і інтарэсамі, простым і лёгкім у зносінах і крыху сарамлівым, калі размова ішла  непасрэдна аб ім.

Сяргей Лобан – наш зямляк, які з самага дзяцінства займаецца боксам. За гэты час ён удзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах, выступаў  на  рынгу  розных  гарадоў  і краін свету. Разам з перамогамі па чарзе заваёўваў баксёрскія рэгаліі: юнацкія разрады, званні кандыдата ў майстры спорту, майстра спорту… Юнак уваходзіць у склад нацыянальнай  зборнай  Рэспублікі Беларусь па боксе. А пасля ўдзелу ў Чэмпіянаце Еўропы яму прысвоілі званне майстра спорту міжнароднага класа.
Акрамя гэтага, Сяргей – просты і цікавы чалавек, які любіць сваю маленькую радзіму,  вячэрнія  прагулкі,  добрую музыку. І, вядома ж, бокс…
Ужо  з  самага  дзяцінства  ў жыццё  Сяргея  ўмяшаўся  выпадак.  Пасля  страшнай  аварыі на Чарнобыльскай  атамнай электрастранцыі сям’я Лобанаў разам з іншымі перасяленцамі ў пошуках новага жылля з родных Хойнікаў  пераехала  ў  Астравец. Тут Сяргей гуляў з іншымі дзецьмі ў “вайнушку” і хованкі, тут  ён  пайшоў  першы  раз  у першы клас. Тут ён упершыню пазнаёміўся з боксам…
– У секцыю па боксе да Аляксея Зянонавіча Маргужа мяне прывяла мая першая настаўніца Ларыса Аляксандраўна Мартынава, – расказвае, усміхаючыся, Сяргей. –Маўляў, вучыцца ў маім першым класе непаседлівы і жвавы хлопчык, якому падабаецца спорт і які пакуль на ўзроўні падсвядомасці мае да яго прыцягненне. Галоўнае: не прапусціць рашаючы момант рэалізацыі яго цікавасці. Словам, падышла да гэтага як сапраўдны педагог. Але тады Аляксей Зянонавіч, паглядзеўшы на мяне, сказаў, што я для бокса пакуль што малы. І сказаў прыходзіць праз год.
І я прыйшоў. Ці спадабалася? Ну канешне! Разумееце, займацца ў спартыўнай секцыі тады, ды, на мой погляд, і зараз – гэта прэстыжна. Ёсць мэта і жаданне яе дасягнуць, непараўнальнае пачуццё, калі выходзіш на рынг – і неапісальнае пачуццё перамогі. Да таго ж які хлопчык не марыць быць дужым і спартыўным?
Аднак  у  зацікаўленасць, прэстыж  і  дасягненні  нярэдка ўмешваецца  чалавечы  фактар: падлеткавыя  амбіцыі,  максімалізм  і  жаданне  ўсё  рабіць насуперак. І з’яўляюцца іншыя каштоўнасці і прыярытэты. Разам з Сяргеем у секцыю па боксе прыйшлі 40 чалавек, праз тры месяцы  іх  засталося  25,  праз год – 3. Пасля 7-га класа боксам займаўся толькі Сяргей. Праўда, і ў яго час ад часу ўзнікала жаданне “забіць” на ўсё і заняцца чымсьці больш вясёлым і не патрабуючым намаганняў.
– Бывалі розныя сітуацыі. Хлусіць не буду: і я кідаў бокс, і мне хацелася  пакурыць, спіртнога пакаштаваць, па вуліцы з сябрамі пабадзяцца. Усяго хацелася паспрабаваць. І я гэтага не ўтойваю. Па-мойму, нармальныя жаданні кожнага падлетка. Галоўнае – каб хтосьці ў гэты час мог растлумачыць і ўпэўніць, што такія заняткі наўрад ці прывядуць да добрага. Калі кідаў трэніроўкі – прыходзіў Аляксей Зянонавіч. Доўга гаварыў са мной, знаходзіў патрэбныя словы і аргументы, пераконваў, “устаўляў” мазгі. І я вяртаўся...
Праз некаторы час Сяргей па-сапраўднаму адчуў смак боксу. Трэніроўкі,  спаборніцтвы,  выхад на  рынг,  перамогі  закружылі  яго  ў  сваім  вадавароце. Ён ездзіў на зборы, вяртаўся, ехаў  на  спаборніцтвы…  У  паездках і турнірах не заўважыў, як закончыў школу. Паспрабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт  фізічнай  культуры, але крыху не хапіла балаў. Каб не траціць год, хлопец пайшоў вучыцца ў Гродзенскі будаўнічы ліцэй. Але і там на першым месцы быў бокс.
– Самы першы запамінальны бой? Не ведаю, яны ўсе па-свойму запамінальныя. Памятаю толькі, што быў момант, калі пасля таго, як амаль усюды займаў першыя месцы, стаў другім. Адзін раз, другі, пяты… Вось тады сам на сябе раззлаваўся – як гэта? Што здарылася? Стаў працаваць над сабой. І паступова вярнуўся ў патрэбную каляіну. Падчас практыкі ў ліцэі быў напружаны графік. З васьмі раніцы мы выязджалі на аб’ект, працавалі, пасля абеду я вяртаўся ў інтэрнат, перакусваў нешта – і бягом на трэніроўку.
Францыя,  Польшча,  Расія, Украіна…  Краіны  і  гарады, дзе  пабываў  Сяргей  падчас  спаборніцтваў,  можна пералічваць доўга. З адных ён вяртаўся пераможцам ці прызёрам, з іншых – з набытым вопытам і рознымі эмоцыямі.
– Як адношуся да несправядлівасці ў судзействе і інтрыг так званага “закулісся”? Часам, канешне, бывае крыўдна, але ў цэлым нармальна. Галоўнае – не прымаць важныя рашэнні на гарачую галаву, бо эмоцыі тут не дапамогуць. Пасяджу, падумаю… Супакойваю сябе, што ўсё роўна аднойчы стану лепшым, і ніякія інтрыгі не змогуць гэтаму супрацьстаяць. А многіх “закуліссе” “ламае”, людзі кідаюць спорт, шукаюць палёгкі ў спіртным…
Але  самыя  яркія  ўражанні Сяргей атрымаў падчас удзелу ў чэмпіянаце Еўропы па боксе, які нядаўна праходзіў у Мінску.
– Канешне, удзельнічаць у спаборніцтвах такога маштабу было хвалююча і адказна адначасова… Наогул, страху перад паядынкамі ў мяне ніколі не было. Так, лёгкая боязь, бо калі выходзіш на рынг без эмоцый – гэта няправільна. А падчас першага бою на чэмпіянаце Еўропы я адчуваў адказнасць і неверагодную падтрымку балельшчыкаў. Я проста не мог прайграць і падвесці ўсіх. У першым баі гэта атрымалася, а другі… Такога саперніка проста нерэальна было перамагчы.
На  маё  пытанне,  у  каго  ён зараз  трэніруецца,  хлопец  адказвае, што ў мінскага трэнера Станіслава Рыгоравіча Глушанкова. І праз секунду дадае: “Ну і ў Маргужа, вядома!” У адным гэтым сказе – многае: павага, падзяка, гонар і нябачная, але моцная  сувязь,  якую  нельга абазначыць словам. У Маргужа не бывае былых выхаванцаў, а ён для іх заўсёды застаецца трэнерам нумар адзін.
Сяргей  ніколі  не  лічыў  сваіх медалёў. Навошта? Ён спадзяецца,  што    самыя  галоўныя ўзнагароды  яшчэ  наперадзе.
Пасля ліцэя ён усё ж паступіў у БДУФК і сёлета яго закончыў. Пра свае планы хлопец расказвае асцярожна, але дакладна зразумела адно – кідаць бокс не збіраецца.
– Пакуль я хачу пабаксіраваць. Мне ёсць над чым працаваць і ў каго вучыцца. Любімы баксёр? Віталій Бандарэнка! Сур’ёзна. З самага дзяцінства ён для мяне – жывы прыклад, чаго можна дасягнуць, калі захацець. І я заўсёды раўняўся на яго. Вось ён, Віталь – зямляк, хлопец з суседняга двара, змог зрабіць гэта, змог перамагчы, змог стаць лепшым на рынгу. Значыць, і я змагу таксама!
– Яшчэ хацелася б паспрабаваць сябе ў прафесійным боксе, – працягвае Сяргей. – Шчыра кажучы, мне больш падабаецца баксіраваць без шлема. Наогул, я хачу заявіць пра сябе ў боксе, дасягнуць чагосьці значнага, бо, лічу, пакуль хваліцца няма чым.
Таксама разумею, што бокс на рынгу – гэта не назаўсёды. Магчыма, калі-небудзь паспрабую сябе ў ролі трэнера.
Акрамя выступленняў на рынгу,  Сяргей  паспрабаваў  сябе і  ў  якасці  акцёра.  Хто  бачыў расійскую  кінастужку  “Мамы” з  вядомымі  зоркамі:  Сяргеем Бязрукавым, Дзмітрыем Дзюжавым, Міхаілам Парэчанкавым і іншымі, абавязкова бачыў і Сяргея Лобана.
– Сапраўды, была такая гісторыя… (Усміхаецца) Тым летам я застаўся ў інтэрнаце, ну і трэніраваўся разам з іншымі хлопцамі ў спартыўнай зале. Тут прыходзіць рэжысёр і тлумачыць: маўляў, мы здымаем кіно і патрэбны маладыя баксёры для эпізадычнай ролі. І пачаў выбіраць: “Вось, ты, ты, ты… І гэты вось, малы…” Гэта ён пра мяне… Вось так я трапіў укіно. Зразумела, было цікава паглядзець на працэс здымак фільма, убачыць і мець стасункі з вядомымі акцёрамі. Дарэчы, мы здымаліся разам з Міхаілам Парэчанкавым. Здаецца, ён – заслужаны артыст Расіі, іграе ў тэатры, здымаецца ў кіно… І разам з тым – вельмі просты, адкрыты, прыемны ва ўсіх адносінах чалавек. Якая там зоркавасць? Самы звычайны чалавек.
Такі  ж  просты,  звычайны  і сціплы і сам Сяргей Лобан, пераможца  і  прызёр  шматлікіх турніраў,  якому  нядаўна  прысвоілі  званне  майстра  спорту міжнароднага класа і які разам з Віталем Бандарэнкам уваходзіць у склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі  Беларусь  па  боксе. Звычайны  хлопец  з  Астраўца. Які прыязджае сюды і сустракаецца з сябрамі. У мінулым годзе на  астравецкі  “дзень  баксёра” ён запрасіў сяброў з Мінска – ім так спадабалася, што сёлета яны  паабяцалі  прыехаць  зноў.
Звычайны малады чалавек, які любіць  паслухаць  транс  і  рэп, паглядзець добры цікавы фільм, адпачыць у начным клубе і смачна  паесці.  Хоць  з  усмешкай прызнаецца,  што  пасля жыцця ў інтэрнаце ён любіць есці ўсё. Звычайны  хлопец,  які  любіць лета  і    вячэрнія  прагулкі  па вуліцы.  Каб  падумаць,  паразважаць,  памарыць…  Звычайны юнак,  якога аднойчы  першая настаўніца прывяла ў спорт, да галоўнага ў жыцці трэнера Аляксея Маргужа. Таленавіты спартсмен, які жыве і дыхае боксам.


__________________________


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.


Комментарии
0
Гость
Приятный молодой человек и написано хорошо.
Успехов ему в спорте и в жизни!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений