Вернутыя імёны: мастак Рамуальд Ракіцкі

08:42 / 03.03.2011






Упершыню імя Ракіцкага я пачула на святкаванні 100-гадовага юбілею К. Сваяка ад вядомага краязнаўцы Івана Пятровіча  Драўніцкага. Мяне зацікавілі працы таленавітага мастака, зацікавіла яго асоба – свет мастака заўсёды прываблівае сваёй таямнічасцю, непадобнасцю. Але ўсе мае спробы даведацца што-небудзь пра гэтага таленавітага земляка не давалі ніякіх вынікаў.









Заўтра заўсёды позна

У справядлівасці выразу, які вынесены ў загаловак, не раз пераконваліся многія, у тым ліку і я. Збіраючы скупыя звесткі пра мастака Ракіцкага, я не раз адчувала дакоры сумлення: чаму не распытвала  тады, калі яшчэ было ў каго?
Паколькі Драўніцкі нічога аб ім не ведаў –  ні адкуль Ракіцкі родам, ні аб тым, дзе жыў, дзе пахаваны, ні нават імя, то я пакінула ўсякую надзею нешта высветліць. Хоць перыядычна ўспыхвала ў душы горыч ад таго, што могуць застацца нераскрытымі старонкі жыцця гэтага цікавага чалавека.  Раней, не ведаючы імя, нават было спрэчным пытанне: адкуль ён родам – з Казаноўшчызны ці з Клюшчан (падыходзячы па ўзросту Аляксандр Ракіцкі жыў напачатку ХХ ст. у Клюшчанах). А ў той час яшчэ можна было атрымаць інфармацыю ад Хадорскага, ад Ганны Клімовіч, жыла яшчэ яго сястра. Уважліваму чытачу “Астравецкай праўды”, магчыма, знаёма імя Ракіцкага – аб ім часта ўспаміналі, калі пісалі пра Казіміра Сваяка.
І толькі ў гэтым годзе, у сувязі са святкаваннем 120-годдзя нашага знакамітага святара-паэта, сталі адкрывацца факты, якія здаваліся ўжо згубленымі назаўсёды. У тым ліку  стала вядомым імя Ракіцкага, апублікаванае ў спісе “Хаўруса сваякоў” – Рамуальд. Блізкі сябар, аднадумца Сваяка, які падпісваўся псеўданімам Роміч. А ведаючы імя, не склала вялікіх цяжкасцей знайсці і месца яго нараджэння, і сям’ю, у якой нарадзіўся Рамуальд Ракіцкі.  З гэтага і пачалі адна за адной адкрывацца старонкі яго біяграфіі.. На Клюшчанскім могілках сяброўка знайшла  сціплы помнік сям’і Ракіцкіх. Надпіс, які паведамляе, што тут пахаваны Зузана, Леанард (маці і бацька) і Рамуальд, не дапускаў ніякіх  сумненняў аб тым, што гэта – пахаванне мастака.
Зноў успыхнула надзея, што пачатак ёсць, толькі не трэба спыняцца. Але аказалася, што не ўсё так проста. Калі, здавалася, злавіла ўжо нітачку, раптам зноў усё выпадала з рук.  Неяк пры спатканні Іван Драўніцкі заявіў, што Ракіцкі родам з Глінішчаў. Хоць я была ўпэўнена, што гэта не так, тым не менш нейкую сумяціцу ў мае даследаванні ён унёс. Калі хацела нешта высветліць аб Ракіцкім у Вялікай Вёсцы, Караліна Пілімон заявіла, што Ромку Ракіцкага яна добра ведае: ён ўзяў у жонкі яе сятру – Зузанку і выехаў у Польшчу. Яна памятае, што Ромка быў высокі-высокі ростам і сцвярджала, што сапраўды быў добрым мастаком, маляваў людзей.
Я была не проста здзіўлена, але збіта з толку – на помніку пазначана Зузана з дому. Ствол – гэта яго маці. І Рамуальд ёсць на помніку – значыць, памёр тут. Калі я паспрабавала засумнявацца, Караліна ўсплёснула рукамі: “Ну як жа! Яны мне і лісты з Польшчы пішуць. І мастак ён быў таленавіты”.





Гэтыя разрозненыя звесткі даводзілі мяне да роспачы, да слёз. Вырашыла: калі  мне не па зубах гэта даследаванне, то хай усё застаецца, як ёсць. Так і здарылася б, калі б зноў не дапамагла сяброўка, Зося Шапель, нераўнадушная да лёсу сваёй зямлі і сваіх землякоў. Яна падказала аб існаванні пляменніцы Рамуальда Ракіцкага  і параіла дачакацца Усіх Святых, калі тая прыедзе наведаць магілкі сваіх родных.
І толькі пасля сустрэчы з Гіацынтай Антонаўнай Вялікай, пляменніцай Ракіцкага, усё стала на сваё месца. Аказалася, што мелі рацыю і Драўніцкі, і Караліна Пілімон.



Вытокi яго таленту

Невыпадкова кажуць: каб зразумець мастака, трэба наведаць яго радзіму.  Вёска Казаноўка і яе наваколле як бы ўбралі ў сябе ўсю багатую і адметную красу роднай зямлі.
Размешчана яна на ўзгорку, амаль на мяжы са Швянчонскім раёнам Літвы. Кругом, як кінуць вокам, рассцілаюцца маляўнічыя лугі і лясы. Яшчэ не зусім зарасла сцежка, па якой доўгім цугам, несучы цяжкія сумкі з гарадскімі гасцінцамі, абганяючы адзін аднаго, спяшаліся “віленскія”  на выхадныя да сваіх бацькоў. Так яны скарачалі дарогу ад чыгуначнай станцыі Рудня да Казаноўшчызны. У нядзелю такую ж карціну, толькі у зваротным парадку, назіралі  вяскоўцы. Зараз ужо і станцыі няма, і тых, хто чакае сваіх родных з Літвы, моцна паменшала...
Прыйшло на памяць, як Казімір Францавіч Хадорскі з Казаноўшчызны, калі расказваў пра  Янку Быліну і Казіміра Сваяка, на маё пытанне, чым можна патлумачыць, што менавіта ў гэтых вёках нарадзіліся патрыёты сваёй Бацькаўшчыны, адказаў, што ў Лакцянах і Баранях жылі людзі “на галаву вышэйшыя за іншых” – і пры тым сціпла прамаўчаў пра сваю родную вёску Казаноўшчызна.  Такая маленькая, усяго 13 двароў (зараз 3 хаты, у якіх жывуць 4 чалавекі), прыгожая, у зелені садоў, з загадкавай і прыгожай назвай вёска падаравала Астравеччыне  двух лепшых сваіх сыноў. І калі пра Адольфа Клімовіча было шмат публікацый і нават выйшла кніга М. Казлоўскага “Нашчадак слаўных крывічоў”, то другі – Рамуальд Ракіцкі – вядомы толькі нямногім краязнаўцам і звесткі аб ім былі больш чым скупыя. Няма сумнення ў тым, што і Клімовіч, і Ракіцкі былі не толькі аднавяскоўцамі, але аднадумцамі і сябрамі. Аб гэтым сведчыць і ўдзел абодвух у Хаўрусе, і тое, што нават псеўданімы іх падобныя: Альфіч (Адольф) і Роміч (Рамуальд).





У сям’і Леанарда  і Зузаны ён быў трэцім з васьмі дзяцей. Тры хлопчыкі – Рамуальд, Іван, Іосіф, і пяць дзяўчынак – Браніслава, Станіслава, Ганна, Алена, Караліна. Нарадзіўся ў 1899 годзе. Некаторыя вяскоўцы памятаюць, што Ракіцкі быў разумны і “граматны”, а яшчэ тое, што ўсе ў іх сям’і хораша спявалі. Быў таленавітым мастаком-самавучкам – дастаткова было яму паглядзець на чалавека, як мог тут жа намаляваць яго партрэт. (Гэта зноў наводзіць мяне на думку, што партрэт Сваяка на прыступках Клюшчанскага касцёла належыць Ракіцкаму).
У Казаноўцы яшчэ захаваўся дом, дзе жыла сям’я Ракіцкіх. У ёй зараз жыве гаспадар па прозвішчу Брысь.
У сям’і Ракіцкіх усе былі па-рознаму таленавітымі. Сын Гіацынты, Уладзімір Вялікі які жыве зараз на Спондаўшчыне) памятае з аповедаў дзеда, што бацька Рамуальда, Леанард Ракіцкі, быў слынным у акрузе кавалём.Сыны таксама майстравітыя хлопцы. Малодшы, Юзаф, рабіў брычкі для паноў і заможных сялян. У іх доме нават дзверы былі шырокімі і высокімі, каб можна было гатовую брычку з хаты выцягнуць. Уладзімір расказваў, што калі быў маленькі, то часта чуў, як дзядуля з вясковымі мужчынамі ўспаміналі братоў Ракіцкіх. Юзаф з Рамуальдам рабілі брамкі да муру, якім абнесены касцёл і могілкі ў Клюшчанах. Яны і зараз захаваліся ля касцёла, ля плебаніі і на могілках.  Магчыма, удзел Рамуальда заключаўся толькі ў распрацоўцы дызайну.
Сёстры ж пралі, ткалі, вышывалі і хораша спявалі. Адна з Ракітчанак, напэўна, Браніслава, спявала ў хоры кс. Стэповіча.
Кароткая, але яркая і цікавая біяграфія Рамуальда Ракіцкага. Памёр ён у раннім узросце, не паспеўшы завесці сям’ю і дзяцей. Смерць любага сына падкасіла жыццёвыя сілы маці– Зузаны з дому Ствол – і ў хуткім часе яна таксама пакінула гэты свет. Бацька, якому няпроста было аднаму гадаваць дзяцей, вырашыў ажаніцца зноў. Ён ідзе “на дом” у Глінішча, што каля Падольцаў – вось чаму Драўніцкі гаварыў пра Глінішча. З новай жонкай Антанінай яны нарадзілі яшчэ дваіх дзяцей. Першынца Леанард назваў у гонар любімага, так рана пакінуўшага іх сына Рамуальдам.
У народзе распаўсюджана ўяўленне аб тым, што калі дзіцяці даць імя вядомага чалавека – дабрадзейнага, паспяховага, гаспадарлівага і г.д. – то да яго пяройдуць добрыя якасці гэтага чалавека. І наадварот – ніколі не давалі дзіцяці імя загінуўшага сваяка, самагубцы, п’яніцы, гультая і г.д. Нашы продкі былі перакананы ў тым, што імя фарміруе чалавека.
Можна зрабіць выснову, наколькі любіў бацька Леанард Ракіцкі свайго таленавітага сына, калі зноў народжанаму дзцяці даў яго імя.  Як бачым, сапраўды – гэты талент Рамуальда перайшоў яго брату. Ромка-малодшы таксама стаў здольным мастаком. Пра яго расказвала Караліна Пілімон, што з першага погляду запамінаў твар чалавека і дакладна, як фота, пераносіў на паперу. У далейшым выехаў у Польшчу і працаваў мастаком, пераважна на рэстаўрацыі касцёлаў.



Яркi след на зямлi

Дзяцінства старэйшага Рамуальда Ракіцкага праходзіла сярод чароўнай прыроды – але ён не стаў пейзажыстам, абраў другі, не менш складаны від мастацтва.
Мастацкія здольнасці ў юнага самародка праявіліся рана.  Маляваў яшчэ да школы. Спачатку былі алоўкавыя копіі з кніг. Аднойчы намаляваў чалавека – і ўсе доўга разглядвалі, захапляліся падабенствам з сапраўдным.
Потым стаў маляваць фарбамі. Настаўніца сказала: “У цябе ёсць здольнасці. Будзеш мастаком.”
Хлопец не валодаў тэхнікай, не меў уяўлення аб кампазіцыі, колеры і г.д. – але ў яго ўсё атрымлівалася як бы само сабой. Гэта быў дар ад Бога.
Заўважыла талент юнага мастака і паспрабавала накіраваць у карыслівае рэчышча яўрэйка Залманіха. Яна папрасіла намаляваць буйную грашовую купюру. Хлопец з лёгкасцю выканаў гэта заданне, прычым з такой дакладнасцю, што адрозніць ад арыгінала было немагчыма. Калі ён пахваліўся сваімі поспехамі дома, то бацька, добра разумеючы, чым гэта можа закончыцца, строга перасцярог Залманіху, каб больш не падыходзіла з такімі прапановамі. Добра перапала і мастаку. Бацькаў наказ больш ніколі не спакушацца на такія прапановы ён запомніў на ўсё жыццё.
Пасля гэтага Ракіцкі пераключыўся на партрэты, якія яму вельмі добра ўдаваліся. Ніводны жанр выяўленчага мастацтва не сутыкаецца так блізка з чалавекам, як партрэт. Ён цікавы не толькі як твор мастацтва, але і як мастацкі дакумент, што адлюстроўвае асаблівасці характару чалавека ў пэўную гістарычную эпоху.
Аказалася, што некалькі прац Ракіцкага жывуць сярод нас і сёння – мы іх бачылі, праходзілі міма, проста не ведалі і не цікавіліся, хто аўтар гэтых работ.
1. Абраз “Сэрца Пана Езуса”. На працягу амаль стагодззя мы аддаем хвалу і пашану найсвяцешаму сэрцу Пана нашага Езуса Хрыста, вітаючы Яго, калі наведваем Клюшчанскі касцёл, на франтоне якога змешчаны гэты абраз. А напісаў яго мастак Рамуальд Ракіцкі. Расказала мне пра гэта Браніслава Масцяніца з в. Пятрашышкі, якая шмат разоў дапамагала  не аднаму краязнаўцу  разблытаць якую-небудзь мясцовую загадку. Не без гонару пацвердзіла гэты факт і Гіацынта Вялікая.
Пачынаючы з 1991 года, касцёл некалькі разоў рамантавалі знешне і ўнутры. Абраз таксама рэстаўрыравалі. На ранейшых фотаздымках ён крыху адрозніваецца (у лепшы бок) ад сённяшняга. Многія факты сведчаць аб тым, што найбольшы росквіт таленту Ракіцкага прыходзіцца на  перыяд, калі ён сябраваў з ксяндзом К. Стэповічам і ўдзельнічаў у “Хаўрусе сваякоў”. Многае ўказвае на тое, што абраз  намаляваны па заказу і ў той час, калі ў Клюшчанскім касцёле працаваў кс. Стэповіч.
2. “Святая Марыя Магдалена”. Не ведаю, як больш правільна назваць: абраз або карціна (усё-такі, напэўна, правільней – абраз) з выявай пакутуючай грэшніцы святой Марыі Магдалены, якую аўтар падараваў аднавяскоўцу Францу Хадорскаму. Таму самаму Хадорскаму, у доме якога гасцявалі пасля пастаноўкі “Паўлінкі” у Клюшчанах Янка Купала, Паўліна Мядзёлка, кс. Стэповіч і інш. Зрабіць падарунак Хадорскаму  ён мог па многіх прычынах. Па-першае – за тое, што той, хоць і не ўваходзіў у “Хаўрус сваякоў”, але быў чалавекам перадавых поглядаў,  творчым і вядомым, заслужана карыстаўся павагай вяскоўцаў.
Пра гэты абраз не раз гаварыў краязнаўца Іван Драўніцкі, але без упэўненасці, што ён належаў пэндзлю Ракіцкага. Калі я сустрэлася з унучкай Ф. Хадорскага Галінай Казіміраўнай, то яна сказала, што ў іх сям’і добра ведалі, хто аўтар гэтай працы. Калі хадзіла ў школу, то не раз чула, як дарослыя часта гаварылі, што карціну маляваў іх аднавясковец, сусед Рамуальд Ракіцкі.
Я песціла надзею атрымаць “Святую  Марыю Магдалену”для музея Стэповіча ў Баранях, але Хадорскія ёю моцна даражылі. Зараз яна знаходзіцца ў Вільні ва ўнука Генадзя Хадорскага. Дзякуючы краязнаўцу Алесю Юркойцю, які ў адзін з візітаў у Казаноўшчызну паспеў зрабіць фотаздымак гэтага абраза, мы маем уяўленне аб тым, якой убачыў св. Марыю Магдалену наш таленавіты мастак Ракіцкі.
3. Партрэт Ганны. Гіацынта Антонаўна памятае партрэт сваёй мамы, сястры Рамуальда Ганны, які ён намаляваў адным з першых. Невялікі, падобны на фотаздымак, ён недзе захаваўся ў радні і калі будзе знойдзены, то яго перададуць у музей К. Сваяка. Фотаздымак з гэтага партрэта я знайшла на помніку маці Гіацынты Антонаўны.
На Клюшчанскіх могілках, побач з помнікам Рамуальду і яго бацькам знаходзіцца помнік Ганны Ракітчанкі, на якім – яе партрэт работы Рамуальда Ракіцкага.
4. Абраз святога Язафата Кунцэвіча. Парафіяне з Засвіра расказвалі, што касцёл быў разрабаваны да ніткі, і куды прапаў галоўны абраз Засвірскага касцёла, ніхто не ведае.
5. Карціны “Канец свету” і іншыя малюнкі, якімі былі размаляваны сцены,  пахаваны пад руінамі Засвірскага кляштара.
Пакуль што знойдзены толькі тры працы Рамуальда Ракіцкага, але не страчана надзея, што, можа, знойдзецца партрэт Сваяка на прыступках Клюшчанскага касцёла. Ёсць меркаванне, што згаданы партрэт намаляваны Язэпам Драздовічам, хаця доказаў гэтаму няма ніякіх. Пазнаёміўшыся з біяграфіяй і працамі Ракіцкага, я яшчэ больш, чым раней, схіляюся да думкі, што гэта работа нашага таленавітага земляка.



Сяброўства, якое узнiкла у Клюшчанах

Асноўны напрамак творчасці Ракіцкага вызначыла, на маю думку, сяброўства з ксяндзом Стэповічам (Казімірам Сваяком).
Канстанцін Стэповіч і Рамуальд Ракіцкі маглі быць знаёмымі з дзяцінства: яны належалі да адной парафіі,маглі сустракацца ў касцёле, але ўсё ж... 9 гадоў розніцы ва ўзросце. Хутчэй за ўсё, найбольш зблізіліся яны, калі кс. Стэповіч развіў сваю бурную грамадскую дзейнасць у Клюшчанах. Імя Ракіцкага значыцца ў спісе “Хаўрусу сваякоў”, аб іх цесных стасунках сведчаць і ўспаміны Бярнарда Стэповіча:
Ва “Успамінах пра Казіміра Сваяка” яго брат Бярнард Стэповіч піша: “…Сябрамі “Хаўрусу сваякоў” былі між іншымі Ракіцкі – вельмі здольны, малады, рана памёршы мастак. Памятаю вельмі прыгожыя каляровыя праграмы прадстаўлення. Некалькі такіх праграм доўга перахоўвалася ў бібліятэцы Кастуся, але згінулі з усімі кнігамі падчас пажару ў Вільні, калі згарэла  ўсё памяшканне старэйшага брата Янкі…”
“…Падоўгу гасціў у Засвіры  былы сябра “Хаўрусу сваякоў” з Клюшчаняў, малады здольны мастак Ракіцкі. Кастусь даручыў яму намалявваць абраз святога Язафата для галоўнага алтара...”
Язафат Кунцэвіч, які распаўсюджваў рэлігійную унію на Беларусі, быў уніяцкім арцыбіскупам і загінуў у Віцебску у 1623 годзе. Кастусь, будучы вялікім энтузіястам уніі, лічыў сваім абавязкам ушанаваць памяць уніяцкага святога, прысвячаючы яго імені касцёл у сваёй парафіі. У сувязі з гэтым быў устаноўлены фэст у дзень гэтага святога, які праводзіўся 16 лістапада.
“Быўшы ў Засвіры Ракіцкі пакрыў малюнкамі панурыя сцены кляштарных памяшканняў. Размаляваў іх вуглем на біблейсія сюжэты. На сценах сталовай мастацкія вобразы беларускіх тыпаў. Былі гэта павялічаныя копіі фатаграфіяў вядомага не толькі ў Вільні, але і за ўсёй  Польшчы фатографа-мастака Яна Булгака. На сценах у пакоях Кастуся паявіліся тыповыя беларускія краявіды. Вокны ў калідоры з грубым зялёным шклом, прыпамінаючы часы, калі ў кляштары быў ваенны шпіталь, былі замаляваны каляровымі вітражамі на ўзор беларускіх народных арнаментаў. Аўтар гэтай мастацкай творчасці заглядваў яшчэ некалькі разоў у Засвір. Не чуў я, калі і дзе памёр гэты блізкі прыяцель Кастуся і адзін з сяброў былога “Хаўрусу сваякоў”.
Цяжкім, складаным і кароткім быў жыццёвы шлях мастака Рамуальда Ракіцкага, як і яго духоўнага настаўніка Казіміра Сваяка. Хто з іх першы пакінуў гэты свет, дакладна невядома, але падобна, што Ракіцкі.. Пляменіца яго, пані Гіацынта расказала, што памёр Рамуальд Леанардавіч Ракіцкі ў раннім узросце ад тыфу, які лютаваў на Клюшчаншчыне пасля першай сусветнай вайны. Год, калі гэта здарылася, устанавіць няма магчымасці. У Засвіры кс. Стэповіч пачаў працаваць з кастрычніка 1920 года, і вядома, што мастак гасціў у яго часта і падоўгу. Пані Гіацынта памятае, што Рамуальд памёр, калі яе мама Ганна, сястра Рамуальда, была яшчэ не замужам, а замуж яна выйшла ў 1928 годзе. Так што, калі і апярэдзіў ён свайго сябра, то ненадоўга.


Помнік Ракіцкаму паставіла  самая малодшая сястра Караліна, а наведвала  яго і ставіла прыгожыя букеты і свечкі Зузанка з Польшчы – жонка мастака Ракіцкага, яго зводнага брата-цёзкі.
Хацелася ўбачыць фота самога мастака, але Гіацынта Антонаўна запэўніла, што такіх фотаздымкаў не было. Памятае з успамінаў сваёй мамы, што Рамуальд быў высокага росту, “А подобны, казалі,  быў на мяне, дакладней, я на яго”, – з усмешкай сказала высокая, статная, прыгожая ў свае 70 жанчына з роду Ракіцкіх.


Іаланта ВАЛУЕВІЧ.