Знакомьтесь: фронтовик и фотограф Франц Станиславович Домбровский-Дубицкий

15:00 / 09.03.2015
Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Францу Станіслававічу Дамброўскаму-Дубіцкаму ёсць што расказаць. І не толькі пра вайну, на якую ён пайшоў непаўнагадовым юнаком, але і пра мірны час. Прычым не толькі расказаць, але і паказаць.

Мала хто ведае, але малады Франак, вяртаючыся на радзіму, прывёз з сабой трафейны фотаапарат і стаў адным з першых фатографаў Астравеччыны. Ён быў жаданым госцем літаральна на кожным свяце. Таму, рыхтуючыся да сустрэчы, я спадзяваўся, што Франц Станіслававіч падзеліцца некаторымі рарытэтнымі фотаздымкамі са свайго архіва. А памяць яго не падвядзе і своечасова падкажа, хто, дзе і калі быў зафіксаваны на іх.

Ды і нагода для сустрэчы адна з важнейшых – сёлета, як вы памятаеце, адзначаецца 75-

годдзе Астравецкага раёна.

Нарадзіўся Франц Станіслававіч Дамброўскі-Дубіцкі ў 1926 годзе ў вёсцы Гуры. Зараз там ужо нікога не засталося, а на той час гэта была вялікая вёска, схаваная ў гушчары лясоў. Да пачатку вайны юнак паспеў закончыць чатыры класы польскай школы, а пасля змены ўлады – яшчэ і рускую. А калі пачалася вайна, хлопец, які разам з роднымі апынуўся ў акупацыі, бачыў, як жорстка і несправядліва нацысты абыходзяцца з мясцовымі жыхарамі, а па начах сніў, як ён у салдацкім шынялі змагаецца з ворагамі радзімы…

Таму ледзь не ў першыя дні пасля вызвалення Астравеччыны юны Франак прыйшоў у ваенкамат прасіцца на фронт.

– Памятаю, вельмі сумняваўся, ці павераць мне ў ваенкамаце: гадоў жа яшчэ не хапала – і я “накінуў” сабе ўзрост. Ці захочуць зразумець маё жаданне стаць салдатам, біць ворага? – узгадвае ветэран. – Быў я тады разам з сябрамі. Маёр, які запісваў добраахвотнікаў, нават думкі не дапусіў, што перад ім – непаўнагадовы юнак. Так я і атрымаў павестку. Маці моцна плакала, калі яе прынеслі. А я радаваўся, што мне выпаў шанс са зброяй у руках змагацца з ворагам!..

А потым было наступленне і жорсткія баі. Запасны полк, куды трапіў Франц, знаходзіўся ў складзе дывізіі імя Касцюшкі, якая ўваходзіла ў першы Беларускі фронт пад камандаваннем легендарнага маршала Жукава. Ужо з першых дзён юны франтавік зразумеў, што будзе больш складана, чым уяўлялася дома, што вайна – гэта не толькі подзвігі і геройствы, але і боль, і страты, і бруд, і кроў…

У 1946-м годзе Франц Станіслававіч вярнуўся ў родныя Гуры героем: на грудзях – баявыя медалі. І пачалося мірнае жыццё.

– Калі набліжаўся час дэмабілізацыі, наш палкоўнік прапаноўваў мне застацца ў Польшчы – абяцалі добрую пасаду, дом. Але цягнула на радзіму: там мяне чакалі маці і бацька…

Не скажу, што па вяртанні было лёгка, – краіна разбурана: шмат знаёмых і сяброў не вярнуліся з фронту, палі параслі пустазеллем, панаваў голад і нястача. Ды толькі наш народ такі, што ніякай працы не баіцца! Трэба нанава адбудоўваць краіну – значыць, будзем адбудоўваць.

Калі я быў у Берліне, знайшоў па тым часе рэдкую рэч – фотаапарат “Фэд”. Не раз ён мяне потым выручаў! Зарабляў я на гэтай справе па тым часе добра. Усе суседнія вёскі аб’ездзіў са сваім фотаапаратам.

З цягам часу навучыўся не толькі фатаграфаваць, але і праяўляць фотаплёнку. Спачатку і праяўляць, і раздрукоўваць здымкі ездзіў у Вільнюс.

Фатаграфаваў шмат: усіх і ўсюды. Дастаткова было проста выехаць на кірмаш ці які фэст, як з усіх бакоў наляталі дзяўчаты. Што толькі ні рабілі, каб сфатаграфавацца. На жаль, у мяне здымкаў з тае пары амаль не захавалася – усё раздаваў.

Здымкаў у Франца Станіслававіча – не адзін альбом! На іх, зразумела, па-большасці зафіксаваны родзічы, сваякі, суседзі і сябры. Вось маладая парачка з дзецьмі, а побач выпраўленне ў апошні шлях цёткі Адэлі Дамброўскай. А тут сам малады Франц Станіслававіч цешыцца з баранчыкам у Гурах, а на другім – яго малодшы сын Франц з жонкай Людай. Вось яны з суседам смаляць кабана, а тут – самалёт над астравецкім аэрадромам…

– Жаніх я тады, чаго душой крывіць, быў зайздросны: малады, ордэнаносны, не брыдкі, здаецца, – смяецца Франц Станіслававіч. – Але неяк не складвалася па першым часе жыццё, – вочы яго зацягвае туман пражытых гадоў. – Сапраўды атрымлівалася: то паласа белая, то паласа чорная…

Франц Станіслававіч замаўкае і ўглядваецца ў старыя пажоўклыя фотаздымкі. Для некага гэта – гісторыя, а для яго – жыццё. Жыццё нялёгкае, дзе за самыя шчаслівыя моманты даводзілася плаціць чорнымі днямі – чорна-белае, як фотаздымкі, што ляжаць перад ім: сын вярнуўся жывы з вайны – памёр бацька, ажаніўся на першай прыгажуні гервяцкага краю – першынец, любімая дачушка, памерла, уладкаваўся працаваць аўтакранаўшчыком – памёр сын…

– Я, дарэчы, і з жонкай сваёй пазнаёміўся дзякуючы фотаапарату, – працягвае гаворку Дамброўскі-Дубіцкі. – Было гэта на вяселлі сябра: той папрасіў зрабіць фотаздымкі з урачыстасці. А ў маладой першая асістэнтка была – прыгажуня. Адразу яна мне спадабалася, а я – ёй.

Гэтае каханне з першага погляду захавалася ў Франца і Леанарды на ўсё жыццё. Неўзабаве маладыя ўзялі шлюб і з тае пары не ўяўлялі жыцця адзін без аднаго. Кожны дзень побач, кожнае імгненне думкамі са сваёй палавінкай – усё гэта і сёння ў памяці Франца Станіслававіча.

– Пасля вяселля жыццё пайшло па іншаму шляху. Трэба было будаваць дом, заводзіць гаспадарку, падымаць дзяцей. Таму ў тыя гады я рэдка браў фотаапарат у рукі – толькі каб сфатаграфаваць які шчаслівы момант з сямейнага жыцця ці сяброў-франтавікоў падчас нашых сустрэч. З імі мы шмат па былым Саюзе пакалясілі. Дзе толькі ні былі і з кім ні сустракаліся! Але найбольш уразіла сталіца CCCР – Масква. Прыгажэйшага горада не ведаю!

Ды і характар не дазваляў маладому чалавеку сядзець дома. Працы ён не баяўся – яго ўмелыя рукі заўсёды былі запатрабаванымі. На працы ён лічыўся адным з лепшых работнікаў, а на ўласным панадворку Гаспадаром з вялікай літары – Франц Станіслававіч сваімі рукамі пабудаваў спачатку адну, а потым і другую хату ў Астраўцы.

– Адразу, як вярнуўся, я ўладкаваўся цесляром у камунальную гаспадарку. Потым пайшоў на смолзавод – было ў пасляваенныя часы такое стратэгічнае прадпрыемства ў Астраўцы. Пасля вырашыў вучыцца на шафёра – паехаў у Вільнюс. Калі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, стаў першым у раёне аўтакранаўшчыком – адзіным на тры раёны: Астравецкі, Смаргонскі і Ашмянскі. Пазней працаваў у аўтабазе і тут быў першым механікам у раёне. А калі спецыялістаў пабольшала – зноў перакваліфікаваўся ў шафёры. А Леанардачка ў аўтабазу кантралёрам уладкавалася.

Трэба адзначыць, што за сваю бездакорную працу Франц Дамроўскі-Дубіцкі неаднаразова быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі, а яго партрэт змяшчаўся на Дошку гонару Астравеччыны.

Але чалавек жыве не толькі працай. Калі няма каму дома сказаць ласкавае слова, калі не бягуць насустрач шчаслівыя дзеці, то і грамадская дзейнасць не мае сэнсу. Дзякуй Богу, у асабістым жыцці франтавіка ўсё ішло добра: выраслі і ажаніліся сыны Тадзік і Франак, прыйшлі ў гэты свет унучкі Волечка і Марынка, а за імі – і праўнучкі Даша і Крысціна і праўнук Герман…

Дзеці выраслі і разляцеліся па сваіх гнёздах. З аднаго боку, радасна, што ўсё ў іх добра, а з другога – сумна аднаму: і словам перамовіцца няма з кім. Канешне, сын Франак з жонкай Людмілай кожны дзень прыходзяць адведаць, але ў іх ужо сваё жыццё, свая дарога, свае праблемы. Дапамагае ветэрану сацыяльны работнік, цудоўная жанчына Уладзіслава, якая прыглядае за Францам Станіслававічам, прыбірае ў доме, гатуе.

Але зараз, як і дваццаць, і трыццаць, і сорак гадоў таму, Франц Станіслававіч любіць, калі да яго прыходзяць школьнікі, якія цікавяцца яго гераічным мінулым, – з імі можна гадзінамі разглядваць фотаздымкі са старога альбома – і зноў перажываць моманты шчасця і гора, радасці і роспачы, якія беражліва захоўвае памяць франтавіка.








---------------------------------

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара і з асабістага архіва Ф.С. ДАМБРОЎСКАГА-ДУБІЦКАГА.