Педагагічнае дрэва Гаўрыловічаў-Лукшаў: якія ў ім карані і колькі галін?

10:00 / 05.10.2025
Некалькі педагагічных спецыяльнасцей. Больш за дзясятак прад­стаў­нікоў розных пакаленняў. Сотні гадоў настаўніцкага стажу. Тысячы вучняў… Такое вялізнае прафесійнае дрэва гэтай сям’і.

Карані

Шматдзетная сям’я Лукшаў, бацькі і сямёра дзяцей, жыла на хутары Бабраўнікі – на месцы іх колішняга дома пабудавана атамная электрастанцыя. 

Пачынальнікам педагагічнай дынастыі можна лічыць дзеда Ігната Лукшу: сямейнае паданне сведчыць, што ён у свой час працаваў настаўнікам у польскай школе. 

Бацька, Іван Ігнатавіч, закон­чыў 3 класы польскай школы; маці, Ядвіга Вікенцьеўна, – 4 класы польскай і 4 рускай. Яны былі простымі сялянамі і здабывалі свой хлеб цяжкай працай. Але заўсёды марылі, каб дзеці выбіліся ў людзі. І, як бы цяжка ім ні даводзілася, словам і рублём заахвочвалі іх цягу да вучобы. Да прыкладу, за навучанне ў старэйшых класах большай, Чаславе, даводзілася плаціць. І хоць выкраіць 15 рублёў з небагатага сямейнага бюджэту было няпроста, бацькі выдзялялі іх, абмяжоўваючы сябе і меншых дзяцей у нечым іншым, на іх погляд, не такім важным, як вучоба. Да слова, Часлава паспяхова закончыла не толькі школу, але і Вільнюскі політэхнічны інстытут. 

А ўвогуле шасцёра з сямі дзяцей калгаснікаў Лукшаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Сёмы ж выдзеліўся – і даказаў, што павагу людзей, пашану і прызнанне можна займець і працуючы механізатарам.

Ствол

Двое з сям’і, Ганна і Яўген, сталі настаўнікамі. Астатнія – у Лук­шаў дзве старэйшыя дзяў­чынкі і пяцёра хлопцаў – інжынерамі. 

Ганна Іванаўна – другая ў сям’і. Мена­віта яна, калі не лічыць дзеда Ігната, стала пачынальніцай педагагічнай дынастыі. Пасля школы паступіла на зусім «не дзявочы» факультэт фізікі і матэматыкі Гродзенскага педа­гагіч­нага інстытута – так некалі называўся сённяшні ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Дзяўчына мела матэматычны склад розуму, вучылася выдатна. Як прынята казаць, ішла на чырвоны дыплом. Ёй нават далі накіраванне для паступлення ў аспірантуру. Але, напэўна, знайшоўся нехта больш патрэбны – і Аню «зрэзалі» на апошнім дзяржаўным экзамене: паставілі «тройку» ў дадатак да трох папярэдніх «пяцёрак».

– Тады было крыўдна, – успа­мінае справы даўно забытых дзён Ганна Іванаўна. – А цяпер ні пра што не шкадую. Напэўна, так трэба было…

На размеркаванні яна па­пра­сілася ў Астравецкі раён. Пачынала працаваць у Жукойненскай школе – цяпер пра месца, дзе яна знаходзілася, нагадвае толькі помнік Гімбіцкаму. 

Пяць гадоў настаўнічала Аня ў Жукойнях. Быў момант, калі хацела крута змяніць сваё жыццё: паехала ў Вільнюс да сястры, прапісалася, знайшла работу ў заводскай лабараторыі, дзе толькі пачалі ўкараняць вылі­чальныя цэнтры. Ды каханне не пусціла... Выйшла замуж за агранома Анатоля Гаўрыловіча, які працаваў у калгасе на Астравеччыне. І стала калясіць з ім па раёне: куды мужа накіроўвалі – туды і яна ехала: Гозская школа, Завельцаўская, Гірская… 

А потым Гаўрыловічы пера­ехалі ў Літву, дзе жылі 15 гадоў, з 1977 па 1992 гады. Муж займаў пасаду намесніка старшыні кал­гаса, з’яўляўся сакратаром партыйнай арганізацыі. Жонка працавала намеснікам дырэктара школы і настаўнікам. Сын Сяргей пасля школы паступіў на прэстыжны факультэт эканамічнай кібернетыкі Вільнюскага ўніверсітэта, якая яшчэ толькі ўваходзіла ў наша жыццё. Перспектывы адкрываліся завоблачныя, і многія яго сябры-аднакурснікі з цягам часу імі скарысталіся.

– Час быў такі… Незразумелы, – успамінае Ганна Іванаўна. – Развал Саюза, незалежнасць Літвы... Партыю забаранілі, калгасы ліквідавалі. Муж застаўся без работы. Не скажу, што нас прыцяснялі, але было страшна за будучыню. І мы вырашылі вярнуцца. Мікалай Севасцьян, старшыня калгаса імя Кірава, аднакурснік і сябар мужа, прапанаваў яму работу і дом у Міхалішках. Мне знайшлося месца ў мясцовай школе. 

Да выхаду на пенсію Ганна Іванаўна працавала тут намес­нікам дырэктара і настаўнікам фізікі і матэматыкі. Але пасведчанне ветэрана працы не вызваліла яе ад работы: яшчэ 20 гадоў яна перыядычна замяняла калег у выпадку неаб­ходнасці ў Міхалішкаўс­кай і ў Альхоўскай школах. Канчаткова яна пакінула педагогіку толькі 5 гадоў назад.

«Ганна Іванаўна цяпер зай­маецца хатнім рэпетытарствам: вучыць унукаў – балазе, жывём разам, – жартуе сын. – Спачатку рыхтавала да паступлення майго сярэдняга, Дзіму, потым дапамагала яму падчас вучобы ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. Цяпер займаецца з Ванем, які сёлета заканчвае школу. Злуецца, калі не з першай спробы можа рашыць задачу з зорачкай для 11 класа. А маме, між іншым, ужо 80 гадоў!»

Брат Ганны Іванаўны Яўген таксама стаў настаўнікам матэматыкі. Вучыўся, як і сяст­ра, на тым жа факультэце Гродзенскага інстытута, толькі на завочным аддзяленні. 

– Не ведаю, ці паўплываў мой прыклад на яго выбар, – гаворыць Ганна Іванаўна. – Магчыма, ускосна. Мы пра гэта ніколі не размаўлялі. Жэня на 8 гадоў маладзейшы, калі ён школу за­канчваў, я ўжо замужам была.

Яўген Іванавіч пачынаў на­стаў­нічаць у Палушах. Там і па­знаёміўся з будучай жонкай – ці трэба гаварыць, што таксама настаўніцай, толькі ўжо філо­лагам. 

Практычна ўсё жыццё Яўген Іванавіч і Зоя Іванаўна працавалі ў Спондаўскай школе, таксама шмат гадоў і пасля выхаду на пенсію. Яўген Іванавіч пакінуў работу толькі сёлета, пасля закрыцця школы.

Паспрабаваў было свае сілы ў педагогіцы і яшчэ адзін сын Лукшаў, Рычард. Ён выкладаў у Бабраўніцкай школе гісторыю і нават паступіў завочна ў пе­дагагічны. Ды падвяла нямецкая мова. Кінуў, пайшоў працаваць у калгас, вывучыўся на інжынера. 

Крона

У кроне педагагічнай дынас­тыі Лукшаў-Гаўрыловічаў-Хвясеч­каў і якія яшчэ там прозвішчы з’явіліся за гэты час, столькі галін, галінак, лістоў і лісточкаў, што я, па праўдзе кажучы, збілася з ліку…

Сын Ганны Іванаўны Сяргей Анатольевіч ішоў у педагогіку не самым простым шляхам. Пасля вяртання ў Беларусь ён паступіў у той жа Гродзенскі педінстытут на той жа фізіка-матэматычны факультэт, што заканчвалі маці і дзядзька. У яго нават выкладчыкі былі тыя ж, і яны, да слова, цудоўна памяталі Аню Лукшу.

Вучыўся завочна і працаваў спачатку ў Трокеніцкай, а затым – у Быстрыцкай школах. У 2011 годзе ён узначаліў калектыў Альхоўскай СШ і працуе яе дырэктарам да гэтага часу.

Яго старэйшая дачка Валерыя па мэтавым накіраванні паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння працавала настаўнікам замежнай мовы спачатку ў Варнянскай школе, цяпер – у Міхалішкаўскай. 

«Сярэдняму, Дзіме, менавіта я настойліва раіў паступаць у педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, – гаворыць Сяргей Анатольевіч. – Ён таксама выбраў сямейны накірунак – фізіку і інфарматыку. Першы год усё бурчэў: маўляў, куды ты мяне ўтравіў! А потым яму вельмі спадабалася вучыцца. І, што самае галоўнае, – атрымлівалася! Ён працаваў на кафедры лабарантам, апублікаваў некалькі навуковых работ. Яму прапаноўвалі заставацца, паступаць у магістратуру, але Дзіма вярнуўся ў Міхалішкі. Працаваў у школе, будаваў сваімі рукамі дом, які я за 20 гадоў так і не асіліў. Нядаўна ажаніўся. Пасля таго, як яго вучні сталі перамагаць у розных конкурсах па робататэхніцы, Дзмітрыю зрабілі прапанову, ад якой ён не змог адмовіцца. Цяпер працуе ў СШ №3 Астраўца і ўшчыльную займаецца гэтым накірункам». 

На галіне Яўгена і Зоі Лукшаў таксама ёсць настаўніцкія па­раст­кі: іх сын Дзмітрый працяг­лы час працаваў настаўнікам працоўнага навучання і геагра­фіі ў Альхоўцы і ў Спондах, затым, праўда, змяніў сферу дзей­насці.

Яшчэ адно адгалінаванне педа­­гагічнай дынастыі – настаў­ні­кі Хвясечкі. Наталля Іванаўна – дачка таго самага адзінага брата, які не захацеў атрымліваць вы­шэйшую адукацыю і стаў слын­ным хлебаробам. Яе муж доўгі час быў дырэктарам Быст­рыцкай школы, потым працаваў у Варнянскай. А дачка Вольга – настаўніца адной з гімназій Мінска.

Дзеці малодшага з братоў Лукшаў, Рыгора, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця, Дзяніс і Юля, – таксама настаўнікі. 

...Па маіх падліках, у гэтай педагагічнай дынастыі больш за дзясятак настаўнікаў розных спецыяльнасцей. А іх агульны стаж работы і падлічваць не бяруся – не адна сотня гадоў набярэцца. А вучняў колькі? Тысячы? Думаю, калі б давялося адкрыць сямейную школу, яны б лёгка закрылі ў ёй усе ўрокі і пасады.

…Была ў мяне задума: са­браць за адным сталом усіх настаўнікаў гэтай вялікай педа­гагічнай сям’і. На жаль, не атрымалася. Спадзяюся, што яны калі-небудзь усё ж ажыццявяць яе – хоць бы для таго, каб зрабіць агульнае фота на памяць сабе і нашчадкам. І дакладна падлічыць колькасць галінак-лісточкаў на гэтым вялікім дрэве і яго агульны «ўзрост». 

А потым падзеляцца з намі вынікамі гэтых падлікаў.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героев